Запрашаем за здароўем!

У гэтым годзе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе раёна спаўняецца 50 гадоў. Ва ўстанове запланаваны шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілейнай даты.
За гады існавання праз школу прайшлі тысячы выхаванцаў. Імёны некаторых з іх упісаны залатымі літарамі ў гісторыю спартыўнага руху нашай краіны. Установа дала пуцёўку ў вялікі спорт многім вучням.
Заняткі ў дзіцячай спартыўнай школе (яна так тады называлася) пачаліся ў верасні 1965г. Пра гэта сведчаць інфармацыйныя матэрыялы на старонках раённай газеты «Сельскае жыццё» за 14 і 19 жніўня 1965г. У адной з іх Уладзімір Серада, першы дырэктар школы, пісаў, што дзіцячая спартыўная школа будзе мець 18 аддзяленняў лёгкай атлетыкі. Чатыры з іх арганізоўваюцца на базе Макранскай сярэдняй школы і Ляхавецкай васьмігадовай школ. 14 груп будуць працаваць на базе Маларыцкай СШ і Маларыцкай школы-інтэрната. Залічэнне на аддзяленне лёгкай атлетыкі праводзіцца трэнерскім саветам з улікам узросту, стану здароўя і падрыхтаванасці вучняў. У ДзЮСШ прымаюцца вучні з 11-гадовага ўзросту і старэйшыя, у якіх выяўлена схільнасць да лёгкай атлетыкі і якія дапушчаны да заняткаў урачом. Прыёмныя іспыты будуць праводзіцца з 1 верасня ў Маларыцкай СШ. Вучэбныя групы будуць укамплектаваны з улікам узросту і ступені спартыўна-тэхнічнай і агульнафізічнай падрыхтаванасці навучэнцаў: падрыхтоўчая – 2 разы на тыдзень па 2 гадзіны, юнацкага разраду – 3 разы на тыдзень па 2 гадзіны, трэцяга разраду – 4 разы на тыдзень па 2 гадзіны, ІІ і І разраду (дарослыя) – 4 разы па 3 гадзіны. Заняткі будуць праводзіцца на працягу года. Вучэбная работа ў ДСШ будуецца з улікам рэжыму школьнага дня.
Звыш 250 вучняў змогуць шляхам рэгулярных трэніровак павышаць сваё спартыўнае майстэрства па лёгкай атлетыцы. Для правядзення заняткаў падабраны кадры з ліку лепшых выкладчыкаў фізічнай культуры раёна.
-Я шосты па ліку дырэктар за 50-гадовую гісторыю дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, — гаворыць Міхаіл Улезла. — Пры Уладзіміру Серадзе ішло станаўленне ўстановы. Яна рабіла першыя, але ўпэўненыя крокі. Школа значна ўмацавалася, трывала стала на ногі пры Мікалаю Германюку, другім дырэктары. Мікалай Фёдаравіч узначальваў спартыўную школу амаль 2 дзясяткі гадоў. Многае зроблена ім за гэты час. У родную Маларыту Мікалай Германюк вярнуўся працаваць пасля заканчэння Львоўскага інстытута фізічнай культуры. Між іншым, ён аддаў фізічнай культуры і спорту раёна 50 гадоў свайго жыцця.
Пасля працягвалі закладзеныя традыцыі спартыўнай школы Васіль Грэбень і Генадзь Зубоўскі.
У новы будынак дзіцяча-юнацкая спартыўная школа раёна пераехала ў снежні 2010г. Гэта была вялікая радасць і задавальненне як трэнерам, так і юным спартсменам – гандбалістам і лёгкаатлетам. Спартыўная база для трэніровак палепшылася адразу ў некалькі разоў. Невыпадкова тут сталі праводзіцца рэспубліканскія спаборніцтвы па гандболе.
Цяпер на Маларытчыне асноўны цэнтр спорту і здаровага ладу жыцця, фізкультурна-аздараўленчай работы – дзіцяча-юнацкая спартыўная школа.
На здымку: Міхаіл Улезла ля партрэтнай галерэі «Дырэктары дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна», створанай мясцовым мастаком Сяргеем Бескаравайным.

Опубликовано в «ГЧ» 4.02.2015 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.