Зімовыя клопаты земляробаў

Спраўная тэхніка — залог не толькі паспяховага правядзення ўсяго комплексу веснавых палявых работ, але і атрымання шчодрага ўраджаю.

Гэтую простую ісціну сёння наўрад ці хто будзе аспрэчваць, бо вынік працы сельгасвытворцаў самым прамым чынам залежыць ад таго, калі і ў якую глебу будзе заштукавана насенне яравых культур, падкормлены і апрацаваны ад шкоднікаў і пустазелля пасевы азімых. Добра ведаюць пра гэта і земляробы ўчастка “Ляхаўцы” СВК “Макраны”. Таму ў гэтыя лютаўскія дні штораніцы спяшаюцца яны на машынны двор, каб падрыхтаваць трактары і глебаапрацоўчую тэхніку да выхаду ў поле: люты можа яшчэ і палютуе, але за ім абавязкова прыйдзе вясна, а разам з ёй і гарачы час сяўбы.
Шкада толькі, што масава прыступіць да рамонту тэхнікі мясцовыя механізатары пакуль не могуць, бо да большасці агрэгатаў адсутнічаюць неабходныя запчасткі і дэталі, а грошай на іх набыццё няма. Вось і стаяць на машынным двары, прысыпаныя сняжком, глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты розных мадыфікацый і прызначэння ў чаканні сваёй чаргі.
— Да нас ужо даўно ніхто не прыязджаў, — сустракаючы на прахадной, здзіўлена гаворыць інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка ўчастка “Ляхаўцы” (да нядаўняга часу галоўны інжынер аднайменнай гаспадаркі) Аляксандр Сазановіч. – Што тычыцца падрыхтоўкі тэхнікі да веснавых палявых работ, то да рамонту няспраўных агрэгатаў мы прыступілі толькі пасля 20 студзеня, калі кіраўніцтва СВК “Макраны” змагло наладзіць пастаўку хоць некаторых запчастак, купленых па бартару за збожжа і бульбу. Дзякуючы гэтаму адрамантавалі ўжо два МТЗ-1221. У стадыі рамонту знаходзяцца яшчэ тры трактары.
І сапраўды, у механічнай майстэрні мы сустрэлі некалькіх механізатараў і слесараў, якія разбіралі задні мост спісанага ў СВК “Макраны” трактара, на запчасткі, каб прыгодныя ўстанавіць на няспраўны агрэгат, які ў іх знаходзіўся ў стадыі рамонту.
Кіраўнік падраздзялення, механізатары і вадзіцелі спадзяюцца, што бартар вырашчанай імі прадукцыі на запчасткі – гэта добры знак. Значыць, яны будуць забяспечаны работай. А рамантаваць тэхніку і працаваць на ёй тутэйшыя земляробы могуць і ўмеюць. І яны пастараюцца даказаць гэта на справе.
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: механі­затары Андрэй Самасюк і Аляксандр Асіпук “прыкідваюць” будучы рамонт дыскавых барон, з якімі давядзецца працаваць.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 11.02.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://chemtest.com.ua/

www.progressive.ua

www.diploma-home.com/visshee-diplom-sssr.html