Ёсць такое слова — закон

У 2014 годзе прыярытэтнымі напрамкамі ў дзейнасці пракуратуры былі наглядная дзейнасць, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і дзяржавы, падтрыманне дзяржаўнага абвінавачвання і іскавая работа. Пра вынікі расказвае пракурор раёна Раман Гузюк. 
— Раман Яўгенавіч, ёсць такое слова – закон. Ці часта парушалі яго летась грамадзяне і юрыдычныя асобы?
— Летась пракуратура раёна правяла 43 праверкі выканання заканадаўства. Па пратэстах пракурора адменена 28 незаконных актаў. У сувязі з дапушчанымі парушэннямі працоўнай дысцыпліны і неналежным выкананнем працоўных абавязкаў па патрабаваннях пракурора прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці 77 работнікаў і адказных асоб, вінаватымі вернута 25 мільёнаў 311 тысяч страт, нанесеных у выніку гэтага. Да адміністрацыйнай адказнасці па актах пракурорскага нагляду прыцягнута 46 асоб.
Значная ўвага ўдзялялася захаванню на тэрыторыі раёна заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў. Яна была абумоўлена ростам на працягу года зарэгістраваных злачынстваў. Праверкі паказалі, што мясцовыя органы ўлады і іншыя суб’екты прафілактыкі праводзілі пэўныя мерапрыемствы, накіраваныя на зніжэнне злачыннасці. У выніку не дапушчана росту рэцыдыўных злачынстваў, удалося знізіць колькасць крадзяжоў з 82 да 76, забойстваў з 3 да 2, злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, – з 8 да 5, а таксама тых, што ўчынены ў стане алкагольнага ап’янення, — з 81 да 65.
Праведзена 4 праверкі выканання зака­надаўства аб адміністрацыйнай адказ­насці, 3 — аб зваротах грамадзян, 2 – выканання падатковага заканадаўства. Як станоўчы момант, варта адзначыць тое, што судом раёна задаволены 22 пратэсты пракурора на незаконныя пастановы аб адміністрацыйнай адказнасці, вынесеныя іншымі органамі, якія вядуць адміністрацыйны працэс.
Ажыццяўляючы нагляд за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па грамадзянскіх справах, у 2014 годзе супрацоўнікі пракуратуры прынялі ўдзел у разглядзе 108 грамадзянскіх спраў, з іх 45 – па сваіх ісках у інтарэсах прадпрыемстваў, арганізацый, дзяржавы, а таксама фізічных асоб. Па ісках пракурора з вінаватых суд спагнаў больш за 340 мільёнаў рублёў нанесеных матэрыяльных страт. Задаволены 8 іскаў, заяўленых пракуратурай раёна ў эканамічны суд аб спагнанні на карысць прадпрыемстваў нашага раёна дэбіторскай запазычанасці на агульную суму больш за 138 мільёнаў рублёў, яшчэ 2 іскі на суму 1,6 мільярда рублёў не разгледжаны.
Акрамя таго, падтрымана дзяржаўнае абвінавачванне па 90 крымінальных справах у адносінах 114 асоб, якія ўчынілі злачынствы. Апраўдальныя прыгаворы па справах, накіраваных пракуратурай раёна ў 2014 годзе ў суд, апошні не выносіў.
— Ці часта звярталіся ў пракуратуру грамадзяне за абаронай сваіх правоў?
— У мінулым годзе пракуратура вырашала па сутнасці 55 зваротаў грамадзян. У асноўным грамадзяне скардзіліся на рашэнні, прынятыя аддзелам унутраных спраў па заявах і паведамленнях аб злачынствах. 4 звароты датычыліся пытанняў парушэння працоўных правоў. 12 грамадзян звярнуліся па пытаннях заканадаўства аб адміністрацыйнай адказнасці, 2 звароты паступілі па жыллёвых пытаннях. Задаволены 3 звароты аб парушэннях заканадаўства.
Так, напрыклад, у пракуратуру раёна звяр­нуўся вартаўнік ТДА “Маларытааграэнерга­сервіс” Макарук А. з тым, што яму не выплачаны заработная плата і адпускныя. Па гэтым факце была назначана і праведзена пазапланавая праверка ў арганізацыі выканання патрабаванняў працоўнага заканадаўства, у тым ліку аб ахове працы і тэхнікі бяспекі, а таксама патрабаванняў Дырэктывы №1 Прэзідэнта.
Па выніках яе дырэктар прадпрыемства Глінскі І. па ініцыятыве пракуратуры прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ім парадку і тэрмінаў выплаты зарплаты. Таксама кіраўніку ТДА было вынесена прадпісанне аб неадкладнай ліквідацыі парушэння працоўнага заканадаўства і выплаце зарплаты і адпускных, якое было выканана.
У жніўні 2014 года пракуратурай па звароту грамадзяніна Саўчука Г. праведзена праверка выканання заканадаўства аб зваротах грамадзян у МЖВК-1, у ходзе якой устаноўлена, што Андрэеў А., з’яў­ляючыся старшынёй кааператыва, парушыў Закон РБ “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”, своечасова не накіраваўшы адказ заяўніку аб выніках разгляду і рашэння. Старшыня кааператыва прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці — ён аштрафаваны ў памеры 4 базавых велічынь (пракуратурай раёна складзены пратакол, які разгледжаны судом раёна). Варта адзначыць, што ў ходзе праверкі Андрэеў А. накіраваў адказ на зварот Саўчука Г.
І гэта толькі нязначная частка праве­дзенай работы, накіраванай на ўмацаванне законнасці і правапарадку, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян, юрыдычных асоб, дзяржавы.
— Раман Яўгенавіч, у час нядаўняй прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі было закранута пытанне карупцыі, у прыватнасці, акцэнтавалася ўвага на тым, што гэта тэма не павінна быць закрытай ад грамадзян. Ці былі факты карупцыі ў нашым раёне?
— Летась Следчы камітэт узбудзіў 3 крымінальныя справы па фактах крадзяжоў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцт­вамі, а органы дазнання пагранічнай службы – 2 крымінальныя справы па фактах дачы і атрымання хабару. Некаторыя справы разгледжаны ўжо ў судзе раёна. Так, напрыклад, зусім нядаўна суд вынес прыгавор у адносінах жыхара раёна Наумчыка А., які звярнуўся да супрацоўніка АПС “Маларыта” Ч., што з’яўляўся адказнай асобай, з прапановай за грашовае ўзнагароджанне – хабар – садзейнічаць у незаконным перамяшчэнні розных тавара-матэрыяльных каштоўнасцей праз Дзяржаўную мяжу РБ з Украіны ў Беларусь па-за пунктамі пропуску мытнага кантролю. Супрацоўнік пагранслужбы Ч. павінен быў паведамляць пра размяшчэнне паграннарадаў у пэўны перыяд часу і на пэўных участках Дзяржаўнай граніцы РБ. Прапанову, якая паступіла ад Наумчыка А., пагранічнік прыняў. Яму Нвумчык А. перадаў у якасці хабару 50 долараў ЗША за прадастаўленне шляхам SMS-паведамленняў службовай інфармацыі аб адсутнасці паграннарадаў на працягу бліжэйшых сутак на ўчастку граніцы паблізу адной з вёсак раёна. Ён жа, Наумчык А., па тэлефоне атрымаў ад Ч., які дзейнічаў ужо ў рамках аператыўнага эксперыменту па спецыяльнаму заданню, звесткі пра адсутнасць паграннарадаў на вышэй указаным участку граніцы. Гэтай інфармацыяй Наумчык А. скарыстаўся для незаконнага перамяшчэння цераз граніцу не менш чым 100 скрынак з цыгарэтамі, пасля чаго ён перадаў у якасці хабару Ч. 100 долараў ЗША. Па прыгавору суда Наумчык А. асуджаны за дачу хабару паўторна да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прыгавор уступіў у законную сілу.
Крымінальная справа ў адносінах супрацоўніка пагранічнай службы Ч. знаходзіцца на разглядзе ў судзе раёна.
— Што ў планах пракуратуры раёна сёлета?
— У гэтым годзе, аб’яўленым Годам моладзі, супрацоўнікі пракуратуры будуць удзяляць павышаную ўвагу захаванню заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў непаўналетніх, аб забеспячэнні законных правоў і інтарэсаў дзяцей дашкольнага ўзросту, прафілактыцы сямейнага нядобрага становішча ў дзейнасці УУС, камісіі па справах непаўналетніх, ЦРБ, устаноў адукацыі раёна. Без увагі не застануцца пытанні выканання заканадаўства аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг), барацьбы з карупцыяй, Дырэктыў Прэзідэнта РБ № 1 і № 3 у ААТ “Маларыцкая райаграпрамтэхніка”, ЗАТ “КварцМелПрам” і іншых, а таксама кантралюючых органах — Маларыцкай райветстанцыі, мясцовых органах улады.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: пракурор раёна Раман ГУЗЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 11.02.2015 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.