Ад смерці выратоўвала малітва і вера ў Бога

Пры Маларыцкім прафесійным ліцэі існуе клуб “Спадчына”. Ім кіруе Любоў Зубоўская. Навучэнцы цяпер працуюць над даследаваннем “Праваслаўе на Маларытчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.
— Юныя даследчыкі ўжо сустрэліся з тымі людзьмі, чыё дзяцінства было абпалена вайной, — гаворыць Любоў Фамінічна. — Вось што расказала пра ваеннае ліхалецце Марыя Пангліш, настаўніца Нядзельнай школы пры Свята-Мікалаеўскай царкве райцэнтра.
-Я памятаю толькі тое, — успамінае Марыя Паўлаўна, — што расказала мне мая маці, якая выйшла замуж у час вайны. Людзі тады жылі ў лесе ў зямлянках. У час аблавы многіх арыштавалі. Я тады была яшчэ грудным дзіцём.
Людзей, чалавек сорак, прывялі ў Маларыту. У пачатку горада іх выстраілі ў два рады, паставілі кулямёт на калоду і хацелі расстраляць. Мая мама шчыра малілася Богу, каб ён уратаваў усіх. Яна вельмі баялася, што яе застрэляць, а мяне, немаўля, кінуць жывой у магілу. Фашысты так часта рабілі. Аднак неўзабаве немцы аб нечым перагаварылі паміж сабой і пагналі ўсіх у камендатуру, якая знаходзілася насупраць сённяшняй аптэкі. Там людзей загналі ў маленькі пакой, дзе трымалі дзесяць дзён. Па словах мамы, адзін з мясцовых жыхароў па прозвішчу Чак, падпісаў паперу, што сярод нас няма партызан. І іх усіх адпусцілі. Усё адбылося па волі Божай.
— Падзеі Вялікай Айчыннай вайны памятае і Вера Самасюк, жыхарка г.Маларыта, — гаворыць Любоў Зубоўская. — Вера Андрэеўна пра той час расказала наступнае.
— У пачатку вайны мне было шэсць з паловай гадоў. Нягледзячы на такі ўзрост, многае ўрэзалася ў маю дзіцячую памяць назаўсёды. Гады ніколі не змогуць сцерці перажытае. Пераканана, што толькі дзякуючы штодзённым і шчырым малітвам, узнесеным да Бога, удалося выжыць.
У маі 1941 г. усіх мужчын прызвалі на зборы, у тым ліку і майго бацьку. 22 чэрвеня мы збіраліся ехаць праведаць бацьку ў Брэсцкую крэпасць. У суботу цэлы дзень збіраліся ў госці. Усё спакавалі ў кошык. Мама мая была цяжарная. Я з нецярплівасцю чакала раніцы, каб упершыню цягніком ехаць у Брэст. Ноччу пачуўся далёкі гул: напэўна, бамбілі Брэст і крэпасць. Я прачнулася і спытала ў мамы, калі мы паедзем. Яна, плачучы, адказала, што мы прыехалі ўжо.
У нядзелю, 22 чэрвеня, пасля абеду запрэглі каня, паехалі. Малітву не пакідалі ні на хвіліну. Усе падводы з жыхарамі сабраліся і накіраваліся ў бок Чорнага лесу. Неўпрыкмет да нас далучылася яўрэйка. Яна ў горадзе прадавала ліманад. Толькі мы выехалі за горад на поле, як з лесу выскачылі немцы: рукавы закатаны, у касках, аўтаматы на шыі. Яны беглі нам насустрач. З намі былі толькі пажылыя мужчыны, бо ўсе астатнія пайшлі на зборы. Немцы спыталіся: “Рус солдат? Рус солдат?” Яўрэйка адказала па-нямецку, што няма тут рускіх салдат.
Немцы паказалі рукой у бок лесу, каб мы ехалі туды. У лесе знайшлі паляну і там спыніліся. Толькі ў аўторак нашы мужчыны рызыкнулі схадзіць у горад, над якім усе дні стаяў дым. Вярнуўшыся, яны сказалі, што выгарэла ўся Царкоўная вуліца (зараз гэта Чырвонаармейская). Мы вярнуліся на папялішча, жылі ў лю­дзей. Пачалося жыццё ў акупацыі.
На здымку: Вера Самасюк расказвае пра перажытае ў гады вайны.

Опубликовано в «ГЧ» 11.02.2015 г. 

Добавить комментарий


ссылка

Велосипеды Tern

steroid-pharm.com/provinox.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!