Дабром за дабро

Міхаілу Герасевічу з вёскі Новы Двор ужо 87 гадоў. Пражытае жыццё было не з лёгкіх. Не раз сур’ёзна выпрабоўвала яно Міхаіла Рыгоравіча на трываласць. Але не скарыўся мужчына жыццёвым нягодам, выстаяў перад ударамі лёсу, выжыў.
Дзяцінства Міхаіла Герасевіча было абпалена полымем вайны. Юнак перажыў яе жахі, смерць родных і блізкіх, не раз глядзеў смерці ў вочы.
— Калі пачалася вайна, — успамінае Міхаіл Рыгоравіч, — мне не было яшчэ і 14. Зверствы фашыстаў на нашай зямлі глыбока запалі ў сэрца. Хацелася адпомсціць захопнікам. І тут быў толькі адзін выхад – ісці на фронт і ваяваць. Аднак мне мала было гадоў. Пошукі таго, як “пастраляць” фашыстаў, прывялі ў адзін са стралковых палкоў. Там на працягу некаторага часу праходзіў неабходную ваенную падрыхтоўку.
Мара Міхаіла, нарэшце, пачала збывацца. Ён, як і саслужыўцы, у пачатку мая 1945 г. даведаўся, што праз некалькі дзён будзе накіраваны на фронт. Ужо ў вагоне эшалона, калі ехаў ваяваць,пачуў аб капітуляцыі фашысцкай Германіі. Затым ён быў накіраваны на службу ў Сярэднюю Азію. Аднак у верасні 1945 г. па стану здароўя вярнуўся ў в. Вялікарыта, уладкаваўся на працу ў мясцовы калгас паляводам, а праз некалькі гадоў стварыў сям’ю з Аленай Раманаўнай. У іх нарадзілася дачка Марыя.
— Так склалася жыццё, што Марыя памерла маладой, — гаворыць Міхаіл Герасевіч, — пакінуўшы дваіх дзяцей: сына Міхаіла і дачушку Алену. Унукаў давялося ставіць на ногі нам з жонкай. Дзякуй Богу, былі сілы, сродкі, спраўляліся з усім.
Хутка праляцеў час. Састарыліся Міхаіл Рыгоравіч і Алена Рама­наўна. Цяжка ім стала адным. Пасля роздумаў Міхаіл Бакацюк вырашыў, што дзядулю і бабулю будзе даглядаць ён сам. Таму аформіў апякунства.
— Упэўнены, што зрабіў правіль­на, — кажа Міхаіл Сцяпанавіч. — Справядліва і па законах божых і чалавечых. Гэта быў, напэўна, своеасаблівы заклік сэрца.
Праз год Алена Раманаўна памірае. Унук Міхаіл працягвае даглядаць дзеда, прыслухоўваец­ца да таго, што ён кажа. Мужчыны разам былі практычна за любой работай.
— Хацелася часта нешта зрабіць ці змайстраваць, але сілы ў руках ранейшай ужо не было, — прызнаецца Міхаіл Герасевіч. – Вачамі, здаецца, усё змог бы. Адно заставалася: дапамагаць унуку, дзе можна, парадай, падказкай. Міхаіл заўсёды прыслухоўваўся і прыслухоўваецца цяпер да таго, што кажу, хоць сам ужо сталы мужчына. Паважаць дарослых і старэйшых вучыў яго змалку.
А ў мінулым годзе Міхаілу Рыгоравічу ампутавалі нагу. Цяпер яго жыццё прыкавана да інваліднай каляскі і цалкам залежыць ад унука.
— Унук стаў для мяне рукамі і нагамі, — гаворыць Міхаіл Герасевіч. – Куды без яго я цяпер?Цяжка стала нават самога сябе абслужыць. Сам практычна нічога зрабіць не магу. Бездапаможны як немаўля. А Міша і згатуе сняда­нак, абед, вячэру, і ў хаце прыбярэ, і ў печы прапаліць, і навіны вясковыя раскажа… Ён таксама і гаспадарку трымае невялічкую. Добрае сэрца ў Міхаіла. Не кожны мужчына згадзіўся б даглядаць за старым і хворым дзедам на працягу ўжо 8 гадоў.
— Я памятаю ўсё тое, што зрабіў для мяне калісьці дзядуля, якую ролю ён адыграў у маім жыцці, — кажа Міхаіл Бакацюк. — За дабрыню трэба плаціць толькі дабрынёй. Нельга быць няўдзячным і чэрствым чалавекам. Цяжка было, асабліва пасля аперацыі дзядулі. Мне нават раілі аддаць яго ў дом састарэлых. Аднак на такі крок ніколі не адважуся. Не ведаю, як склаўся б мой лёс, калі б не было дзядулі. Ён жа ставіў мяне на ногі.
— Ды і я на “чужыне” не выжыў бы, — прызнаецца Міхаіл Герасевіч. – У сваёй хаце і кожны куток грэе, спакайней намнога на сэрцы, лягчэй нават дыхаецца. Міхаіл са мною штодзень возіцца як з малым дзіцём. Ён стаў для мяне самым блізкім і родным чалавекам.
* * *
Пасляабедзенны час. Мы развітваемся. Міхаіл Бакацюк, узяўшы сякеру, заспяшаўся ў лес.
— Хутка пачне змяркацца, а я яшчэ не нарыхтаваў патрэбнай колькасці дроў, — сказаў ён. – Зіма – самы час для гэтага.
А Міхаіл Герасевіч, застаўшыся адзін са сваімі думкамі, будзе зноў глядзець у акно, успамінаць мінулае і чакаць вяртання з лесу ўнука.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Міхаіл Герасевіч са сваім унукам Міхаілам Бакацюком з в.Новы Двор.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 14.02.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://www.avtomaticheskij-poliv.kiev.ua/

comprar generico viagra

www.velotime.com.ua/category/velosipedy-fuji/