Што рабіць?

Старшыня СВК “Гвозніца” Іван Цымбаліст ацэнку работы гаспадаркі паставіў яшчэ ў самым пачатку сваёй справаздачы: год для сельгаскааператыва быў, як заўжды, няпростым, усе прагнозныя паказчыкі, акрамя вытворчасці рапсу і валавой прадукцыі, не выкананы. За апошнія гады асобага развіцця гаспадаркі не адчувалася. «Застылі на пэўным узроўні”, — прызнаваўся Іван Мікалаевіч.
А сённяшні бурлівы час новых тэхналогій такі, што калі нешта ўпусціш у развіцці, даганяць вельмі цяжка. Не ўсе спецыялісты, як адзначаў кіраўнік, жадаюць працаваць па-новаму, такая псіхалогія не можа не ўплываць і на падначаленых. Асабліва гэта датычыцца жывёлагадоўлі. Новая рэканструяваная ферма, дзе сканцэнтраваны ўвесь грамадскі статак, аддачы пакуль не дае. Чаму? Таму што не нала­джана правільная сістэма ўпраўлення статкам, бо не навучыліся працаваць па-новаму. Іван Мікалаевіч прыводзіў прыклады, якія яскрава сведчылі пра тое, што, калі захоўваецца тэхналогія, вынікі не прымушаюць сябе чакаць. Так, у гаспадарцы закупілі індывідуальныя домікі для цялят. Жывёлаводы самі пераканаліся, што пры правільным іх утрыманні прыбаўленні ў вазе дася­галі 800-1000 грамаў у суткі. Калі ж парушалася тэхналогія, прыбаўленні адразу зніжаліся.
— Нам трэба перабудавацца і працаваць не па-даўнейшаму, іншага не дадзена. Бо толькі ад элементарнага парадку залежыць поспех, — звяртаўся да калектыву Іван Цымбаліст.
У гаспадарцы высокая крэдыторская запазычанасць – 16 мільярдаў 600 мільёнаў рублёў, адна з самых нізкіх сярод сельгасарганізацый зарплат – крыху больш за 3 мільёны. І гэта зразумела, бо адпавядае яна ўзроўню атрыманых вытворчых паказчыкаў.
Па выніках агранамічнай дзейнасці СВК “Гвозніца” займае адно з апошніх месцаў у раёне, таму шмат пытанняў было ў начальніка райсельгасхарчу Валянціна Зайчука, які прысутнічаў на сходзе, да галоўнага агранома Аляксандра Скібіны, як, дарэчы, і да іншых спецыялістаў. Работу праўлення гаспадаркі кіраўнік аграрнай галіны назваў недастатковай, таму што не праследжваецца выразная сістэма працы як у жывёлагадоўлі, так і ў раслінаводстве. І калі сітуацыя ў лепшы бок не зменіцца, а яна можа змяніцца толькі дзякуючы чалавечаму фактару, гвоз­ніцкі сельгаскааператыў можа чакаць такі ж лёс, што напаткаў ў апошнія месяцы СВК “Ланская” і “Ляхаўцы”, якія па прычыне неплацежаздольнасці былі рэфармаваны шляхам далучэння да больш моцных гаспадарак. Адным словам, калектыву трэба сабрацца, правесці, як кажуць, рэвалюцыю “ў мазгах”, каб развівацца і жыць далей. Гэта павінна стаць адказам на пытанне “Што рабіць”, якое гучала на сходзе не адзін раз.
А працаваць далей працаўнікі сельгаскааператыву вырашылі з Іванам Цымбалістам, аказаўшы яму давер зноў узначальваць гаспадарку.
На сходзе выступіў старшыня Гвозніцкага сельвыканкама Анатоль Навакоўскі, які звярнуўся да жыхароў з просьбай аб тым, каб яны з надыходам вясны не забывалі наводзіць парадак на сваіх падворках. Бо ўзровень жыцця вымяраецца не толькі матэрыяльным.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час справаздачна-выбарнага сходу ў СВК “Гвозніца”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 18.02.2015 г.

Добавить комментарий


etalon.com.ua/

Provinox

http://topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!