Закон для правіл

З 1 верасня 2010г. уступае ў сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, які быў прыняты 23 ліпеня 2008г. Хвалююцца не толькі настаўнікі. У рэдакцыю тэлефануюць чытачы і задаюць пытанні наконт згаданага дакумента і арганізацыі вучэбнага працэсу ва ўмовах яго дзеяння. За каментарыем карэспандэнт рэдакцыі звярнуўся да Таццяны Лаўрэенка, начальніка аддзела адукацыі.
-Адразу неабходна сказаць, што новая рэдакцыя “Правіл…” – гэта не рэформа існуючага правапісу, — уводзіць у курс справы Таццяна Міхайлаўна. — Закон накіраваны ў першую чаргу на карэкціроўку, памяншэнне колькасці выключэнняў, падпарадкаванне большасці напісанняў агульным правілам і заканамернасцям. Усе асноўныя правілы захоўваюцца, і неабходнасці ў вывучэнні новых не будзе. Адбудзецца нязначнае пераразмеркаванне моўнага матэрыялу. Новая рэдакцыя — яшчэ адзін крок у бок збліжэння пісьмовай мовы з беларускім вымаўленнем, яна больш дасканалая і практычна больш зручная ў параўнанні з правіламі, якімі мы карыстаемся на сённяшні дзень. Новая рэдакцыя спрошчвае правілы пераносу слоў, пашырае прынцып “акання” ў запазычаннях (Токіа, трыа, сальфеджыа, адажыа) і словы, які неабходна пісаць з вялікай літары (Уладыка Нябесны, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі).  А менавіта: упарадкавана напісанне вялікай і малой літар у назвах органаў улады, арганізацый, тытулаў, званняў, пасад і інш. Таксама адбылася ўніфікацыя прыметнікаў на –скі-, утвораных ад імён уласных. Цяпер такія словы давядзецца  пісаць без памякчэння: цянь-шанскі, чань-чунскі, жэнь-жэнскі. Пасля 1 верасня правільнымі будуць, напрыклад, наступныя напісанні: дзявяты, дзясяты, сямнаццаць,  гаркам, газпрам, тунэль, экзэмпляр, камп’ютар. Акрамя таго, пашырылася напісанне “ў” (па ўніверсітэту, яны ўнікальныя), літары “ё” замест спалучэння “йо” у пачатку і сярэдзіне запазычаных слоў (Ёркшыр, Нью-Ёрк) і інш. Мэтазгоднасць ўвядзення ў дзеянне новай рэдакцыі беларускага правапісу абумоўлена тым, што за апошнія гады слоўнікавы запас роднай мовы значна папоўніўся новай лексікай, асабліва – іншамоўнай. Менавіта гэты вялікі пласт слоў сучаснай мовы і патрабаваў арфаграфічнага ўпарадкавання, таму што існавалі варыянты напісання. Як бачым, змяненні тычацца не саміх правіл, а напісанняў асобных слоў і іх груп, якія на сённяшні дзень у правапісе  фактычна з’яўляюцца выключэннямі.
-Вучняў, асабліва тых, хто перайшоў навучацца ў выпускныя класы (11-ыя), і іх бацькоў цікавіць, як плануецца ў такіх умовах праводзіць цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове.
-Міністэрства адукацыі на гэты конт давала тлумачэнні. Іх сутнасць у наступным. Пасля ўвядзення Закона “Аб правілах…” вызначаны пераходны перыяд працягласцю тры гады (1 верасня 2010г.-31 жніўня 2013г.). У гэты прамежак часу пры правядзенні ЦТ па роднай мове ў тэставыя заданні не будуць уключацца пазіцыі, якія тычацца змяненняў у правапісе. Тры гады розныя напісанні па новых правілах не павінны лічыцца за памылку.
— Таццяна Міхайлаўна, не менш важным з’яўляецца і пытанне падручнікаў па беларускай мове. Ці не атрымаецца так, што рэдакцыя правапісу новая, а падручнікі ёй не адпавядаюць? Блытаніна будзе.
-Хвалявацца не трэба. У 2010-2011 навучальным годзе ва ўсіх класах, акрамя 9-ых, навучанне роднай мове і літаратуры будзе ажыццяўляцца па вучэбных дапаможніках, падрыхтаваных і выдадзеных у адпаведнасці з новай рэдакцыяй правапісу. Яны ў кожнай навучальнай установе ўжо ёсць.

— А як аддзел адукацыі рыхтуецца да ўвядзення Закона “Аб правілах…”?
-У нас распрацаваны план мерапрыемстваў па рэалізацыі гэтага закона. Многія настаўнікі беларускай мовы і літаратуры пабывалі ўжо на базавых і мэтавых курсах павышэння кваліфікацыі ў Брэсце і Мінску. З мэтай азнаямлення са зменамі ў правапісе перад пачаткам навучальнага года ва ўстановах адукацыі будуць праведзены бацькоўскія сходы, педагагічныя саветы, класныя гадзіны. Азнаямляльныя інфармацыйныя стэнды аформлены былі яшчэ ў мінулым навучальным годзе ў кожнай навучальнай установе і размяшчаліся ў кабінетах роднай мовы і літаратуры. Вялікую ўвагу гэтаму пытанню плануецца надаць і на жнівеньскіх інструктыўна-метадычных нарадах настаўнікаў-прадметнікаў. Бацькі павінны ведаць, што ў пераходны перыяд вучням, па іх жаданні, можна наведваць факультатыўныя заняткі “Вывучаем беларускі правапіс” (V-ІХ класы) і “Практыкум па арфаграфіі беларускай мовы” (Х-ХІ класы), якія зацверджаны Міністэрствам адукацыі. Таксама на ўроках беларускай літаратуры пры вывучэнні мастацкіх твораў настаўнікі  абавязкова будуць звяртаць увагу вучняў на напісанні тых слоў, у якіх адбыліся змены ў правапісе…
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Таццяна Лаўрэенка, начальнік аддзела адукацыі.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://farkopi.com

читать дальше

www.medicaments-24.net