На словах вучым дабрыні, на прыкладах — жорсткасці

У наш час усе мы часта гаворым аб гуманнасці і вучым нашых дзяцей дабрыні, клопату, спагадзе. І ў той жа час яны ад нас жа, дарослых, атрымліваюць урокі жорсткасці, калі бачаць, як у іх на вачах забіваюць ні ў чым не вінаватых жывёлін.
Так нядаўна каля дома па вул Савецкай, 27, у самым цэнтры горада ў 11 гадзін дня быў забіты наш маленькі, з ашыйнікам, дагледжаны сабачка. Работнікі прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, відаць, пабачылі ў гэтай бясшкоднай жывёліне вялікую пагрозу для акружаючых. У гэты час на вуліцы гуляюць мамы з дзецьмі, ідуць школьнікі ў басейн. Няўжо ім трэба такое бачыць?
Вядома, сачыць за тым, каб у горадзе не разводзілася шмат бадзяжных сабак, неабходна. Але, згадзіцеся, усё трэба рабіць удумліва. Работнікі камунгаса настолькі былі захоплены даручанай ім справай забойства, што іх нават не спынілі крыкі і просьбы не забіваць сабаку. Пасля таго, што здарылася, адправілася на прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Работнікі яго мне растлумачылі, што гэта быў чарговы рэйд па адлову і адстрэлу сабак і што інфармаваць аб правядзенні такога рэйду жыхароў горада ніхто не абавязаны. Прозвішча прыбіральшчыка тэрыторыі, які праводзіў адстрэл, мне так і не сказалі, а вось сустрэцца з ім давялося. Гэты чалавек з задаволеным выглядам пацвердзіў, што ён сапраўды забіў малога сабаку.
У нашай краіне 27 студзеня г.г. прыняты закон аб абароне жывёлін. І вось такую “абарону” мы бачым у рэальнасці. Мне цяжка перадаць словамі перажыванні нашай сям’і, якая страціла любімага гадаванца: плач маленькага сына па начах, слёзы дачкі, калі яна глядзіць на пусты дыванок, і душэўны стан нас, дарослых. Няўжо некаму стане лепш жыць у горадзе ад таго, што няма ля нашага дома невялікага сабачкі? Хацелася б праз газету яшчэ раз спытаць у работнікаў ЖКГ: да якога часу будуць праводзіцца ў райцэнтры адстрэлы сабак без усялякага папярэджання людзей, гаспадароў жывёлін, без намёку на гуманнасць і чалавечнасць, на вачах у дарослых і, што самае страшнае, — дзяцей?
Ларыса ПАНАСЮК, маларытчанка.

Опубликовано в «ГЧ» 18.02.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.