Музычныя дзяўчаты

Сёстры-блізняты Юлія і Вераніка Федарукі вучацца ў 8 «В» класе раённай гімназіі. Дзяўчаты ўжо шосты год наведваюць Маларыцкую дзіцячую школу мастацтваў. Да вучобы адносяцца вельмі адказна. Таму ў скарбонцы творчых дасягненняў і перамог юных музыкантаў шмат узнагарод. Толькі за мінулы год іх у Юліі стала больш на 4, а ў Веранікі – на 2. Гэта – дыпломы спаборніцтваў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.
Некалькі гадоў таму бацькі, Руслан Міхайлавіч і Наталля Валер’еўна, прывялі ў дзіцячую школу мастацтваў сваіх дзяцей Юлію і Вераніку. Яны хацелі, каб іх дочкі-блізняты разам асвойвалі адзін і той жа музычны інструмент. Але Наталля Забеліна, улічваючы свой багаты выкладчыцкі вопыт, параіла бацькам, а затым і змагла пераканаць іх “развесці” дзяўчынак па розных музычных інструментах. Таму Юля стала спасцігаць азы ігры на цымбалах, а Вераніка – на піяніна. Дзяўчаты вельмі любяць свае музычныя інструменты, цяпер праводзяць шмат часу з імі, рэпетыруючы, рыхтуючыся да розных выступленняў, каб прадэманстраваць усе грані свайго выканальніцкага майстэрства, паказаць розныя прыёмы ігры, перадаць многія адценні і дыяпазон гучання музыкі.
Шчырай прыхільніцай таленту дзяўчат з’яўляецца іх бабуля Марыя Федарук. Яна хвалюецца і з нецярпеннем чакае тэлефоннага званка ад Юліі і Веранікі пасля кожнага конкурснага выступлення. Дзяўчаткі любяць сваю бабулю і прыслухоўваюцца да яе парад. Марыя Пятроўна і бацькі — галоўныя дарадцы, першыя слухачы, крытыкі і галоўныя суддзі для дзяўчат.
— Юлія, сапраўды, зачароўвае віртуознай ігрой на цымбалах, сцэнічнай культурай, — гаворыць Наталля Забеліна, настаўнік па класе цымбал, якая займаецца падрыхтоўкай дзяўчынкі да ўдзелу ў розных творчых спаборніцтвах. — Яна ўмее захапіць слухача, станоўча ўздзейнічаць на яго пачуцці. Юлія мае званне абсалютнай пераможцы і з’яўляецца ўладальніцай гран-пры адкрытага рэгіянальнага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “Лідскі вянок”. А гэта сведчыць пра ўзровень валодання музычным інструментам.
— Не адстае ад Юліі і Вераніка, — кажа Маргарыта Рэянтовіч (Мандрова), выкладчык па класе фартэпіяна. – Яна таксама пастаянна ўдзельнічае ў музычных конкурсах рознага ўзроўню. Толькі вось у апошні час Вераніку праследуе прыемная заканамернасць. У творчых спаборніцтвах яна займае ў асноўным трэція месцы.
Цяпер і Юлія, і Вераніка сур’ёзна рыхтуюцца да выступлення на музычных конкурсах, фестывалях.
* * *
Нядаўна Юлія Федарук стала дыпламантам на ІV міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў на народных інструментах «Залатая ліра Палесся» ў намінацыі «цымбалы» (выкладчык – Наталля Забеліна, канцэртмайстар – Маргарыта Рэянтовіч). Акрамя таго, на аснове распараджэння Прэзідэнта РБ Юлія Федарук атрымае матэрыяльную дапамогу як актыўны ўдзельнік мастацка-творчых мерапрыемстваў за 2014г. Такое рашэнне прыняў Савет спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Юлія і Вераніка Федарукі са сваімі выкладчыкамі Наталляй Забелінай і Маргарытай Рэянтовіч.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 18.02.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


chemtest.com.ua

steroid-pharm.com/

www.kokun.net