“Душа ў беларусаў добрая і шчырая” —

лічаць армяне Лёва і Гаяна Аўнаняны з Хмялёўкі.

У час нашай сустрэчы армянка Гаяна, жыхарка вёскі Хмялёўка, не раз паўтарала: “Гавару шчыра, я шчаслівая, што аказалася ў Беларусі”. І расказала, як у іх з Лёвам, мужам, нарадзілася ідэя пераехаць у нашу краіну.
— Мой брат Тыгран, а жыў ён на той час у Брэсце, быў жанаты на жанчыне, якая была родам з тутэйшых мясцін – з Хмялёўкі. Калі Тыгран прыехаў у Арменію, дзе мы тады жылі з бацькамі Лёвы, прапанаваў паехаць разам з ім у Беларусь. І ўдакладніў, што спакойна можна жыць тут, у Хмялёўцы. Для мяне слова “спакойна” вельмі шмат тады азначала, бо я доўгі час жыла ў Баку і добра ведала, што такое неспакой, што такое нестабільнасць, што такое, калі цябе зневажаюць. Азербайджанцы не цярпелі асоб іншых нацыянальнасцей, а асабліва армян. Я, як і іншыя армяне, павінна была неяк ратавацца, пераехала ў Арменію, дзе і выйшла замуж за Лёву. 10 гадоў мы жылі з яго бацькамі. І хоць жылі мы добра, усё роўна хацелася жыць асобна, сваёй сям’ёю. Таму з задавальненнем прынялі прапанову брата пераехаць у Беларусь, у прыватнасці, у Маларыцкі раён, у Хмялёўку. Брат не палічыў лішнім схадзіць да тагачаснага кіраўніка калгаса Аляксея Емельяновіча, каб ведаць, ці прымуць іншаземцаў у гаспадарцы і на што ім можна спадзявацца ў плане работы і жылля.
— Калі армяне прыедуць, бяру без праблем, — такі адказ даў старшыня. І маладая пара з Арменіі разам з дзецьмі пачала збіраць чамаданы.
— Якую работу нам маглі прапанаваць у калгасе? – расказвае Гаяна. — Вядома ж, жывёлаводаў. Лёва пайшоў працаваць даглядчыкам, а я – даяркай. Уяўляеце гарадскую даму з даільным апаратам сярод кароў? Не? І я сябе ў ролі даяркі спачатку не ўяўляла. А калі зайшла на ферму першы раз, баялася да кароў падысці, не гаворачы ўжо пра тое, што падчапіць да вымя кожнай апарат. Вопытныя даяркі, якія тут тады працавалі, мяне ўсяму навучылі. Вельмі здзіўлялася, што яны добра распазнавалі сваіх кароў, ведалі і клікалі іх па мянушках. Для мяне ўсе яны былі аднолькавыя.
Але нездарма кажуць: “Хто хоча, усяму навучыцца”. Навучылася даіць кароў і Гаяна, і 5 гадоў працавала даяркай. Праўда, па стану здароўя вымушана была змяніць месца працы. Лёва ж так і застаўся ўсе гэтыя 17 гадоў працаваць жывёлаводам.
Аўнаняны ў Хмялёўку прыехалі не адны, а разам з двума сваімі сынамі. Давід, старэйшы, павінен быў пайсці ў першы клас, а Андранік – у нулявы. Але ўлічваючы тое, што ў Хмялёўцы была беларускамоўная школа, абодвух хлопчыкаў аддалі ў “нулёўку”, бо ні старэйшы, ні малодшы не ведалі беларускай мовы.
Настаўніца пачатковых класаў Тамара Паўлаўна была настолькі высокім прафесіяналам, што малыя армяне беларускую мову вывучылі вельмі хутка. Распазнала настаўніца ў хлопчыкаў і іх таленты, скажам, спартыўныя задаткі ў Давіда і цягу да дакладных навук у Андраніка. І ўсяляк дапамагала сваім вучням-іншаземцам развіваць іх таленты. А што яна не памылілася, гэта так. Давід цяпер займаецца на чацвёртым курсе Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна на спартыўным факультэце. Не раз абараняў гонар гэтай навучальнай установы на спаборніцтвах рознага ўзроўню па армрэслінгу, цяжкай атлетыцы. Андранік – студэнт Мінскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Набывае прафесію спецыяліста лясной гаспадаркі.
— Нядаўна Андранік ажаніўся, — з радасцю паведамляе гэты факт Гаяна. – Нявестка наша – карэнная мінчанка, з добрай сям’і. Летась на Дзень Святога Валянціна ў іх сын нарадзіўся. Калі свацця мне патэлефанавала і парадавала гэтай навіною, я ёй і гавару: “Калі ў такі цудоўны дзень дзіця нарадзілася, значыць, каханне ў нашых дзяцей сапраўднае”.
— Вяселле сыну па якіх звычаях спраўлялі, — цікаўлюся, — беларускіх ці армянскіх?
— Тамада была вельмі адукаваная, таму ніхто з гасцей не адчуваў, што на вяселлі гуляюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Яна старалася прапаноўваць нешта і па беларускіх звычаях, і па рускіх, і па армянскіх.
— І ў сваты Вы ездзілі?
— Так. Толькі ў нас заручыны называюцца абручэннем. Па нашых традыцыях каньяк, а мы, вядома ж, паехалі да сватоў з сапраўдным армянскім, за сталом павінен адкрыць бацька нявесты. Гэта азначае, што ён згодны аддаць сваю дачку за нашага сына.
— Гаяна, Лёва, давайце вернемся ў той далёкі 1998 год, калі вы прыехалі ў Хмялёўку. На работу ўладкаваліся, дзеці ў школу пайшлі з ахвотай, а жыллё мелі?
— Кіраўнік калгаса прапанаваў нам у Хмялёўцы недабудаваны дом, якім тады адкрывалі новую вуліцу Маладзёжную. Ніхто не хацеў гэты дом браць, а мы згадзіліся, хаця была пабудавана толькі каробка яго. Усё, што Вы цяпер бачыце, зрабілі сваімі рукамі.
Трэба сказаць, што ў доме Аўнанянаў ёсць усё, што жадае душа сучаснага чалавека, незалежна ад таго, у горадзе ён жывё ці ў вёсцы: і ўсе зручнасці, і самая сучасная бытавая тэхніка, і кожнаму, як кажуць, па вялікім пакоі. Вось толькі магчымасці сувязі ў Хмялёўцы абмежаваны. Не могуць жыхары яе, як і Аўнаняны, карыстацца інтэрнэтам, а гэта значыць, зносіцца са сваімі землякамі, сябрамі, якіх шмат у розных кутках, у тым ліку і ў Заходняй Еўропе.
Але куды больш значаць жывыя зносіны! Сюды, у Хмялёўку, у ціхі спакойны беларускі куточак, любяць прыязджаць да Аўнанянаў многія. Тым больш, што Гаяна і Лёва — людзі вельмі гасцінныя. Да ўсяго, Гаяна — цудоўная гаспадыня.
— Што б мама ні гатавала: торт, пірог, суп ці аладкі — усё смачнае, — удакладніў Давід.
Між іншым, прадукты Аўнаняны ў магазіне купляюць не ўсе. У іх ёсць многае сваё, натуральнае. Бо трымаюць вялікую гаспадарку: каня, карову, свіней, хатнюю птушку, садзяць агарод.
— Наглядзеліся на тутэйшых жыхароў вёскі, — гаворыць Гаяна, — і нам не хацелася ад іх адставаць. Жыць у вёсцы і не працаваць на зямлі немагчыма. Упэўнена, калі чалавек не хоча быць бедным, ён такім не будзе, яго выратуе праца. Ды і наогул беларусы, — працягвала Гаяна, — самы працавіты народ. Таму і жывуць яны не горш за іншых. Паглядзіш: у кожнага па адной-дзве, а то і тры машыны, і дамы шыкоўныя ўласныя будуюць, спаборнічаючы адзін з адным, і культура быту ў вас высокая, і па характару людзі добрыя, чулыя і шчырыя. Успамінаю, калі мы толькі сюды прыехалі. Ніякіх лішніх поглядаў на сабе не адчувалі, а тым больш — злых. Наадварот, кожны стараўся загаварыць, пра нешта спытаць, кожны прапаноўваў сваю дапамогу. Яшчэ раз паўтару: мы вельмі рады, што жывем тут, у Беларусі, што нашы дзеці атрымліваюць вышэйшую адукацыю, што за выхаванне іх нам дзякуюць выкладчыкі навучальных устаноў, дзе дзеці займаюцца, што ў іх шмат сяброў сярод беларусаў, што здаровыя, што не баімся за заўтрашні дзень. Вельмі даражым сваёй сям’ёю, роднымі, — расказвала далей Гаяна. – Калі сын Андранік прывёз для знаёмства сваю будучую жонку, мы ўсе разам паехалі ў Брэст, дзе жывуць мае браты і сястра, каб пазнаёміць яе з імі, каб ведалі яе. Навошта ж тады радня?
— Што падабаецца вам у нашых беларускіх традыцыях?
— Калі на вашых вяселлях спяваюць народныя песні. Цяпер я працую ў мясцовым магазіне. Калі прыходзяць хмялёўскія жанчыны за пакупкамі, часта прашу іх паспяваць. У песнях вашага народа – яго душа: шчырая і добрая.
НА ЗДЫМКУ: Лёва, Давід і Гаяна АЎНАНЯНЫ, жыхары в. Хмялёўка.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 21.02.2015 г.

Добавить комментарий


источник renault.niko.ua

farm-pump-ua.com/sustamed.html

www.medicaments-24.net
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!