Дэлегат з’езда

Колішні галоўны аграном калгаса імя Кірава (зараз СВК “Макраны”) Мікалай Бурда стаў першым і, бадай, адзіным (за час існавання гэтай маладзёжнай арганізацыі) дэлегатам з’езда Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі ад Маларытчыны
Незабыўны форум
Адбылася гэтая значная падзея ў жыцці маладога чалавека ў красавіку 1978 года. А незабыўным форумам стаў ХVIII па ліку з’езд ВЛКСМ. І хоць гадоў з таго часу мінула нямала, Мікалай Іванавіч да драбніц памятае, як незадоўга да гэтага яго запрасілі на абласную камсамольскую канферэнцыю, на якой абралі дэлегатам на галоўны сход моладзі краіны. Гэта для звычайнага калгаснага агранома стала не толькі вялікай нечаканасцю, бо тады ён ужо з’яўляўся членам Камуністычнай партыі, але яшчэ і вялікім гонарам: далёка не кожнаму простаму калгасніку выпадае шчасце пабыць у Маскве, наведаць Крамлёўскі Палац З’ездаў, як гавораць, ужывую пабачыць кіраўніцтва краіны, знакамітых касманаўтаў, вучоных і артыстаў.
Так, простаму смяротнаму, які нідзе і ні ў чым не праявіў сябе, такое шчасце наўрад ці выпадзе. А Мікалай Бурда хоць і быў звычайным галоўным аграномам калгаса імя Кірава, на той час ужо змог дасягнуць на сваёй пасадзе і ў галіне, якую ўзначальваў, пэўных вытворчых поспехаў. За гэта яшчэ за 5 гадоў да прадстаўнічага маладзёжнага форуму атрымаў высокую дзяржаўную ўзнагароду: ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга маладому спецыялісту ўручылі ў 1973 годзе. У пачатку сямідзясятых гадоў Мікалая Бурду два скліканні запар землякі выбіралі дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў. Акрамя ўсяго, галоўны аграном калгаса імя Кірава быў уладальнікам знака “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва” 1976-78 гадоў. У скарбонцы ўзнагарод маладога агранома быў таксама знак “Ударнік 9-й пяцігодкі”. Пазней, пасля з’езда ўжо, за вялікі ўклад у выкананне заданняў 10-й пяцігодкі дэлегат Усесаюзнага маладзёжнага форуму быў адзначаны яшчэ сярэбраным знакам ЦК ВЛКСМ “Малады гвардзеец пяцігодкі”.
Масква
Разам з усімі сваімі ўзнагародамі Мікалай Іванавіч дагэтуль захоўвае мандат дэлегата ХVIII з’езда ВЛКСМ і пропуск у Крамлёўскі Палац з’ездаў. Як памяць пра тыя незабыўныя дні, напоўненыя сапраўдным патрыятызмам і вялікай любоўю да сваёй Айчыны.
Паездка ў Маскву. Сустрэча дэле­гацыі камсамольцаў Брэстчыны, якую ўзначальваў Уладзімір Заламай, на Беларускім вакзале. Экскурсія па сталіцы, наведванне ВАСГНІЛ. І,вядома ж, сам форум, выступленні на ім дэлегатаў. Асабліва вясковага хлопца ўразіла прамова тагачаснага Генеральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Брэжнева. На ўсё жыццё запомнілася выступленне казахскай спявачкі Розы Рымбаевай. А колькі ўсялякіх сустрэч адбылося падчас з’езда?! З касманаўтамі, артыстамі і іншымі знакамітымі людзьмі. А яшчэ з такімі ж як і ён маладымі юнакамі і дзяўчатамі з самых розных куткоў неабсяжнай тады краіны. Было цікава і весела. І не толькі таму, што былі маладыя і актыўныя. Проста, усе яны з’яўляліся будаўнікамі светлай будучыні, ім давярала кіраўніцтва краіны, на іх ускладваліся вялікія надзеі…
Пачатак
А пачаткам такой насычанай і багатай на працоўныя здабыткі і ўзнагароды маладосці Мікалая Бурды была вёска Паўлопаль, дзе яшчэ задоўга да гэтых памятных падзей ён нарадзіўся і гадаваўся ў патомнай сялянскай сям’і. Бацькі Яўгенія Паўлаўна і Іван Мікалаевіч самі працавалі на зямлі, з любоўю адносіцца да карміцелькі вучылі і трох сваіх сыноў: старэйшага Сяргея, сярэдняга Мікалая і малодшага Івана. І хлопцы не цураліся сялянскай працы. Умелі і саджаць агарод, і палоць, і ўбіраць тое, што на ім вырасла. Што тычыцца выбару прафесіі, то на яго асабісты, як прызнаўся сам Мікалай Іванавіч падчас нядаўняй сустрэчы, паўплывала яшчэ і праца на прышкольным участку. Цікава было вырошчваць на ім розныя культуры, а з нечым нават эксперыментаваць. Яшчэ з далёкага дзяцінства ён на ўсё жыццё запомніў, як бабуля, бацькава маці, беражліва адносілася да хлеба: перад выхадам жняяркі на збожжавы палетак, абавязкова абжынала яго сярпом, каб не засталіся ў полі незахопленыя агрэгатам каласы. Гэтак жа беражліва пазней, калі ўжо стаў тэхнолагам калгасных палёў, і ён адносіўся да кожнага вырашчанага каласка.
Калгасныя будні
Выпускнік Пружанскага сельгастэхнікума з дыпломам агранома-палявода Мікалай Бурда без праблем мог бы ўладкавацца на работу ў свой калгас. Ды толькі бацькі меркавалі па-іншаму: маладому спецыялісту не варта пачынаць сваю кар’еру сярод знаёмых і родзічаў. Мікалай прыслухаўся да іх меркавання.
Так у сакавіку 1970 года ён аказаўся ў калгасе імя Кірава, дзе адразу ж быў пры­значаны на пасаду брыгадзіра. І ў першыя дні работы ўжо зразумеў, што бацькі мелі рацыю.
— Людзей тады ў калгасе было многа, — успамінае Мікалай Іванавіч. – І для таго, каб арганізаваць іх на работу, мне штораніцы даводзілася хадзіць па хатах і “заказваць”, каму на які ўчастак выходзіць. А макранцы – людзі гасцінныя, заўжды прапаноўвалі паснедаць, а іншым разам і чарку са шкваркай…
Гэтае выпрабаванне малады брыгадзір вытрымаў годна. Далей за парог хаты звычайна не праходзіў, хуценька “заказваў” на работу, а калі гаспадары запрашалі за стол, далікатна дзякаваў за гасціннасць і, як гавораць, быў такі. Таму ў хуткім часе пра брыгадзіра ў вёсцы гаварылі: “Бач, малы (Мікалай Бурда невысокага росту) не хоча ні есці, ні піць”. Адным словам, не “купляецца”.
Здаралася, што і самому даводзілася сеяць збожжавыя. З гэтай нагоды Мікалай Іванавіч успомніў, як на першы дзень Вялікадня да яго ў госці, а заадно паглядзець, як ён уладкаваўся на новым месцы, прыехаў бацька. Ды вось бяда, сына не аказалася дома. А Мікалай у гэты час працаваў у полі на сеялцы: механізатары адмовіліся выходзіць на работу ў такое вялікае свята.
— Увогуле ж, макранцы — працавітыя людзі, — распавядаючы пра той час, гаворыць Мікалай Бурда. – Паляводы, з якімі мне давялося працаваць напачатку сваёй працоўнай дзейнасці, да выканання даручанай работы адносіліся з вялікай адказнасцю. І не важна, што ім даводзілася рабіць: рваць ці слаць лён, раскідваць уручную мінеральныя ўгнаенні ці таксама ўручную капаць бульбу. Ганна Іванаўна Грыцак, Ганна Аляксееўна Наумчык, а таксама нябожчыкі ўжо Варвара Емяльянаўна Манчук, Мікалай Емяльянавіч Манчук, Якаў Іванавіч Грыцак і многія іншыя, няхай прабачаць мне тыя, каго не ўспомніў, былі галоўнай маёй апорай. І працаваць ім даводзілася вельмі цяжка.
Разам з калгаснікамі і брыгадзіру даво­дзілася нялёгка. Тым больш, што і тагачасны старшыня калгаса Георгій Пухоўскі быў вельмі патрабавальным кіраўніком. Як прызнаўся Мікалай Іванавіч, менавіта ён “зрабіў” яго, як спецыяліста.
І сам аграном-палявод не спыняўся на дасягнутым. У 1972 годзе без адрыву ад вытворчасці паступіў на агранамічны факультэт Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута. У наступным годзе быў удастоены высокай дзяржаўнай узнагароды – ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, а яшчэ праз два гады – прызначаны галоўным аграномам гаспадаркі. Менавіта тады я ўпершыню і пазнаёмілася з Мікалаем Бурдой. Памятаю, падчас работы ў “Сельскім жыцці” пісала пра звяно, якое працавала на брыгадным падрадзе па вырошчванні бульбы. Ураджайнасць клубняў у калгасе імя Кірава тады (не без удзелу галоўнага агранома) перавышала больш за 300 цэнтнераў з гектара. А звеннявым быў механізатар Анатоль Падскальнюк.
Зборная, інтэрнацыянальная
Распавядаючы пра працоўныя дасягненні і ўзнагароды, якіх удастоены гэты сціплы чалавек за 23 гады работы ў калгасе, не магу не сказаць пра яго жыццёвыя страты і набыткі. Іх на вяку Мікалая Бурды, увогуле яшчэ далёка не старога чалавека, таксама было з ліхвой. І выпрабаванняў таксама.
Першае, цяжкае і несправядлівае, прыйшло ў 1990 годзе. Менавіта тады не стала яго другой палавінкі. Перажыць страту жонкі, у шлюбе з якой пражылі 20 гадоў, саракагадоваму мужчыну было няпроста. Тым больш, што ўсё ў іх сям’і ішло добра: яны мелі ўласны дом, сын Вячаслаў і дачка Ірына раслі здаровымі, работа ладзілася. І раптам у адзін момант усё абарвалася. Марыі не стала, а яму неабходна было прывыкаць жыць без яе. І ён жыў: працаваў, клапаціўся пра дзяцей. Менавіта гэтыя штодзённыя клопаты і дапамаглі перанесці тыя поўныя смутку і тугі цяжкія дні і месяцы. Пасля паступова боль стаў сціхаць, і жыццё прыходзіла ў звычайнае рэчышча. Праўда, без гаспадыні ў доме. А чулыя аднавяскоўкі спачатку ўпотай, а пасля і ў голас пачалі намякаць Мікалаю, што любой хаце патрэбны жаночыя рукі. Ён жа пэўны час аджартоўваўся, маўляў, у нас такія ёсць: на той час разам з ім і дзецьмі жыла яго цешча. Калі ж яму прапанавалі пазнаёміцца з Таццянай, якая з 5-гадовым сынам жыла і працавала ў суседнім Ратна, ён задумаўся. Пэўна ж, яго Марыя не хацела б, каб ён так і застаўся ўдаўцом. Ды і дзецям лягчэй будзе, калі жанчына добрая трапіць. Пасля знаёмства з Таццянай вырашыў, што яна цалкам магла б стаць і руплівай гаспадыняй у доме, і, калі не маці, то добрай цёткай для яго дзяцей. Але для гэтага давялося пабудаваць яшчэ адзін дом. Менавіта ў такі новы дом па вуліцы Садовай прывёў Мікалай Бурда другую жонку. 5-гадовага Ігарка адразу ж усынавіў і даў яму сваё прозвішча. А Таццяна ў сваю чаргу ўдачарыла Ірыну. Так утварылася зборная інтэрнацыянальная сям’я, у якой праз пэўны час нарадзіўся агульны сын Аляксей. Дарэчы, ён у адрозненне ад сваіх зводных братоў, не пайшоў па слядах бацькі і выбраў прафесію ўрача. У цяперашні час займаецца на 5 курсе Мінскага медыцынскага інстытута.
А вось Вячаслаў і Ігар сталі аграномамі. І, па водгуках спецыялістаў, даволі добрымі. На замену бацьку, хоць Мікалай Іванавіч і не хацеў пакідаць сваю творчую работу ў СВК і пераходзіць ў каранцінную інспекцыю, у 1994 годзе прыйшоў старэйшы сын. Але жыццё склалася так, што пяць гадоў таму Вячаслава не стала. Гэта быў яшчэ адзін удар і вялікая страта. Рана гэтая на сэрцы бацькі дагэтуль крываточыць. Але ж ад лёсу не ўцячэш.
Зараз раслінаводчую галіну СВК “Макраны” ўзначальвае сярэдні сын Мікалая Бурды. Ігар, якому так не хапала моцнага мужчынскага пляча, калі яны жылі ўдваіх з мамай, выбраў прафесію бацькі. І ўжо больш за 4 гады з’яўляецца галоўным аграномам СВК, як і шмат гадоў таму малады Мікалай Бурда…
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: і ніколькі Вы не пастарэлі, Мікалай Іванавіч.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 25.02.2015 г.

Добавить комментарий


http://best-cooler.reviews/

www.best-cooler.reviews/category/koolatron/

https://np.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!