ШКОЛЬНЫ КІРМАШ: БАЦЬКОЎСКАЯ АРЫФМЕТЫКА

Лета яшчэ ў самым разгары, але ў клапатлівых бацькоў ужо баліць галава ад думак пра тое, як адправіць сваіх маленькіх “Архімедаў” ды “Піфагораў” у школу. “Первоклашка, первоклассник, у тебя сегодня праздник…” – спяваецца ў вядомай песні. Для дзяцей гэта, безумоўна, свята, якое прыносіць шмат новых уражанняў. А  вось для бацькоў падрыхтоўка да гэтага свята – цэлы акіян турбот. Атрымаўшы ў школе спіс ўсяго неабходнага, бацькі адпраўляюцца  ў магазіны ці на летнія школьныя кірмашы. Вось там і пачынаецца… Адна рэч за другой —  і ў выніку пусты кашалёк, а спіс ўсё не заканчваецца. А што рабіць, калі ў сям’і  яшчэ двое ці трое дзяцей? Даводзіцца эканоміць ці пачынаць адкладваць грошы ў скарбонку за некалькі месяцаў. Дык колькі ж  патрэбна сродкаў, каб набыць сваім дзецям усё неабходнае?
З гэтым пытаннем адправі­лася ў магазін «Элегант» райспа­жыўтаварыства. Прадавец магазіна Ларыса Аляксандраўна Яльніцкая растлумачыла, што сезон падрыхтоўкі да школы адкрыты ўжо з 17 ліпеня. Бацькі могуць знайсці неабходныя рэчы ў магазінах і на школьных кірмашах. Але, як адзначыла прадавец, пакуль яшчэ не вельмі актыўна ідзе продаж школьных рэчаў. Магчыма, прычына ў тым, што дзеці адпачываюць у лагерах ці бацькі яшчэ грошы  назапашваюць. А апошніх патрэбна шмат. Узяўшы “спіс першакласніка”,  занялася звычайным падлікам. З кожным радком уніз па спісе мае вочы раскрываліся ўсё больш і больш. Нават купіўшы ўсё па самых нізкіх цэнах,  бацькам трэба аддаць  325 тысяч рублёў. Згадзіцеся, гэта нямала для сям’і. А што гаварыць пра максімальную цану. Думаю, не кожны зможа выкласці больш за 500 тысяч рублёў, каб адправіць дзіця “за ведамі”. Толькі на канцылярскія тавары першакласніку патрэбна больш за 50 тысяч рублёў. Добра толькі, што выбар вялікі і можна знайсці алоўкі, фламастэры, фарбы, па розных цэнах. Куды складаней бацькам старшакласнікаў: толькі за сшыткі ім трэба аддаць больш за 20 тысяч рублёў. А школьны касцюм… Ён  сёлета каштуе ад 90 до 170 тысяч. Ранец, без якога, як ні круці – не абыдзешся, можна знайсці па цане ад 22 да 60 тысяч беларускіх рублёў. Каб займацца фізкультурай, трэба не толькі жаданне, але і спартыўная форма, якую можна прыдбаць за 65-80 тысяч. А яшчэ спартыўны абутак — ад 25 да 45 тысяч рублёў. Яшчэ 80 тысяч, а можа і больш, давядзецца аддаць за новыя чаравікі для свайго дзіцяці. Як бачыце, цэны прымушаюць шукаць магчымасць з’эканоміць. А такую магчымасць даюць нашы суседзі – украінцы. Пераканалася асабіста: у аўторак і суботу ў цягніку, які ідзе на Забалацце, пустога месца не знойдзеш. Каб даведацца, якім таварам аддаюць перавагу бацькі, пацікавілася ў некаторых з іх. Вось, да прыкладу,  меркаванні маці траіх дзяцей, для аднаго з якіх дзверы школы адчыняцца сёлета упершыню, Наталлі Лашак.
— Усе канцылярскія тавары купляла ў Маларыце. Касцюмчык, ранец і чаравікі таксама прыгля­дзела тут. А вось спартыўныя кеды, красоўкі і кашулю знайшла на базары ў Забалацці.
Прызнаюся: мне нашы айчынныя тавары больш падабаюцца. І калі б яны былі не такія дарагія, многія з бацькоў не таміліся б лішні раз у цягніку, каб трапіць на ўкраінскі базар і купіць рэч таннейшую, але ніяк не больш якасную.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: ранец і касцюмчык ёсць, можна і ў школу!..
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.