Урокі патрыятызму

У аддзеле пагранічнай службы “Маларыта” прайшла сустрэча салдат тэрміновай ваеннай службы са старшынёй раённага савета ветэранаў Уладзімірам Бойкам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны Іванам Шыцікавым. Якой была Маларытчына даваенная, ваенная і пасляваенная, якія рамёствы і вытворчасці былі развіты на яе тэрыторыі, якія падзеі тут адбываліся, – пра гэта цікава расказаў Уладзімір Андрэевіч.
Не было адбою ад пытанняў у салдат да Івана Емяльянавіча. Дзе ваяваў, якія гарады і краіны вызваляў, якім быў быт у час вайны, як салдаты адпачывалі, ці адзначалі дні нараджэння на вайне, дзе сустрэў Дзень Перамогі, дзе працаваў у мірны пасляваенны час – пра гэта і многае іншае цікавіліся яны ў ветэрана. Вельмі шчыра дзяліўся з маладымі армейцамі ўмудроны жыццём салдат былой вайны.
— Будзьце сумленнымі заўжды і ўсюды, паводзьце сябе дастойна, бо сумленне – гэта закон душы, — звяртаўся да салдат Іван Емяльянавіч. — Беражыце Вялікую Перамогу, бо гэта галоўная каштоўнасць, якой даражыць наша краіна.
У духу патрыятызму і грамадзянскасці прайшла сустрэча пакаленняў і пакінула глыбокі след у душах маладых пагранічнікаў.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы.

Опубликовано в «ГЧ» 28.02.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.