У новым годзе – з новымі людзьмі

Мінулы год для СВК “Макраны” быў значны двума момантамі: уводам у эксплуатацыю самай сучаснай фермы і рэарганізацыяй шляхам далучэння суседняга СВК “Ляхаўцы”. Менавіта гэтыя дзве падзеі, лічыць старшыня гаспадаркі Леанід Селех, і павінны даць штуршок для інтэнсіўнага далейшага развіцця. 

А таму ў сваім справаздачным дакла­дзе Леанід Міхайлавіч параўноўваў вынікі, дасягнутыя, як гаварыў, “у нас” і “ў іх”. Такое размеркаванне лёгка можна было зразумець, бо аб’ядналіся гаспадаркі зусім нядаўна – у пачатку 2015-га. Аднак варта адзначыць, што ў макранскім сельгаскааператыве паказчыкі ў асноўным вышэйшыя за ляхавецкія. Але і ў цяпер ужо былых суседзяў ёсць чаму павучыцца, гаварыў кіраўнік, называючы канкрэтныя прыклады, скажам, у рабоце па ўзнаўленню статка на асобных фермах, па вырошчванню зерневых, рапсу, адзначаючы працавітасць ляхаўчан.
У сувязі з гэтым прагнозныя паказчыкі на 2015 год СВК “Макраны” даведзены сярэднія, а значыць дасягальныя пры выкананні ўсіх умоў і патрабаванняў, пра якія падрабязна, пунктуальна, з асобнымі выкладкамі гаварыў Леанід Міхайлавіч.
У прыватнасці, закранаў праблему нарыхтоўкі кармоў. Маніторынгі паказваюць, адзначаў ён, што калі з адной траншэі бралі добры, якасны корм — надоі адразу павышаліся, калі ж з другой – няякасны, надоі зніжаліся. Чацвёртая частка кармоў губляецца, калі іх закладваюць не ў траншэі, а ў курганы. Укрывацца яны павінны не саломай, а плёнкай і зямлёй. Звяртаў увагу Леанід Міхайлавіч на сумленнасць механізатараў, занятых на падкормцы пасеваў, на сяўбе.
— Мы шмат ведаем, як трэба рабіць па тэхналогіі, але шмат чаго не робім, — падкрэсліваў ён.
Перад жывёлаводамі ўзбуйненай гаспадаркі стаіць задача павышаць шчыльнасць жывёлы. Бо з-за таго, што яна нізкая – нізкія і фінансава-эканамічныя вынікі, выручка ад вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі на 1 работніка. Яшчэ адна планка, да якой павінны імкнуцца работнікі жывёлагадоўчай галіны, каб была высокай яе эфектыўнасць, — на 5% павялічыць вытворчасць малака, дабіцца таварнасці яго не менш чым 90%, не менш чым 10% прадаваць гатункам “экстра”, астатняе – вышэйшым.
Вось так ілюстравана апеляваў лічбамі і фактамі старшыня. Прысутныя ў зале пераконваліся, што ёсць над чым працаваць і што трэба сумленна працаваць, каб годна жыць і развівацца ўзбуйненай гаспадарцы, якая па наяўных рэсурсах, аб’ёмах вытворчасці займае цяпер трэцяе месца ў раёне. Адпаведна і па фінансава-эканамічных паказчыках, па эфектыўнасці гаспадарання павінна быць у ліку лідараў.
Аб праблемах вёсак, якія знаходзяцца ў прыграніччы, аб іх добраўпарадкаванні, праблемах школы, бацькоў і дзяцей гаварылі на сходзе старшыня Макранскага сельскага Савета Барыс Самасюк, дырэктары Макранскай і Ляхавецкай школ Валянціна Літвін і Вера Казлова. На сходзе выступілі старшыня райсавета дэпутатаў Пётр Губей і намеснік начальніка райсельгасхарчу па раслінаводству Вячаслаў Федзюковіч.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час справаздачнага сходу ў СВК “Макраны”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 28.02.2015 г.

Добавить комментарий


помощь наркозависимым
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!