Любімая прафесія Наталлі і Святланы

Калі б не форменнае адзенне, цяжка было б паверыць у тое, што гэтыя жанчыны маюць дачыненне да прафесіі, якую часцей за ўсё выбіраюць прадстаўнікі моцнай паловы, — супрацоўніка міліцыі. Абаяльныя, мілыя, усмешлівыя, з добрымі вачыма, — у іх, здаецца, няма ні кроплі ад таго звыклага вобразу супра­цоўніка праваахоўных органаў, які малюецца ў нашым уяўленні. І тым не менш, Наталля Трафімук і Святлана Горнік — адказныя асобы райаддзела міліцыі: Наталля Аляксандраўна — старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі, Святлана Мікалаеўна — старшы інспектар па адмініст­рацыйнай практыцы аддзялення ДАІ.
У калектыве райаддзела міліцыі яны не навічкі. За плячыма кожнай – пэўны стаж службы. Скажам, Наталля служыць ужо амаль 7 гадоў. Святлана ж 4 гады таму назад пачынала інспектарам у інспекцыі па справах непаўналетніх, дарасла да старшага інспектара службы ДАІ.
Што падштурхнула адну і другую да выбару прафесіі міліцыянера? У Наталлі тата служыў у міліцыі. І хоць ён не хацеў, каб адзіная дачка пайшла па яго слядах, у Наталлі быў на гэты конт свой пункт гледжання.
— Я атрымала вышэйшую адукацыю, выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей. Заставалася неажыццёўленым яшчэ адно маё жаданне – служыць у міліцыі. Напісала заяву з просьбай прыняць на службу, паехала вучыцца. Праўда, перад гэтым быў вялікі сямейны савет, на якім муж і згадзіўся ўзяць на сябе двайную ролю.
І, пакінуўшы на паўгода сям’ю, Наталля паехала ў школу міліцыі. Старалася вучыцца добра, прыкладна паводзіць сябе, бо ў адваротным выпадку не адпускалі ў звальненне. А дамоў хацелася, і трэба было абавязкова ехаць, сям’я ўсё ж там: дзеці, муж.
У Святланы было ўсё куды больш проста. Закончыла школу, паступіла ў Акадэмію міліцыі, куды і хацела. А служыць пасля заканчэння акадэміі ў 2011 годзе па размеркаванні прыехала ў Маларыту.
— Відаць, так трэба было, — прызнаецца Святлана, — каб я аказалася менавіта ў гэтым горадзе, бо тут сустрэла свайго любімага чалавека, сваё шчасце. Цяпер мы служым разам, сям’ёй.
Наталля і Святлана пры­зналіся, што, нягледзячы на іх адказныя пасады, строгасць, якую абавязкова іншы раз патрабуе прафесія ў пагонах, жаночая харызма ўсё ж бярэ сваё.
— Многія з маіх падапечных, а гэта былыя асуджаныя, — гаворыць Наталля, — прызнаюцца: калі выходзяць на свабоду, уяўляюць, што ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, як звычайна, іх сустрэне страшны, строгі дзядзька. А тут – жанчына: кволая, з усмешкай на твары і добрымі вачыма. Кожны стараецца душу табе сваю ўсю адкрыць, падзяліцца самым патаемным, і ты нехаця становішся для іх сястрою ці дачкою і, вядома ж, стараешся дапамагчы ўладкавацца ў жыцці, адаптавацца на свабодзе.
— Нават калі перад табою самы заўзяты правапа­рушальнік, злачынца, усё роўна іх па-чалавечы як жанчыне шкада, — дапаўняе Наталлю Святлана.
Як успрымаюць у сваіх радах прадстаўніц слабога полу мужчыны, таварышы па службе?
— На роўных, — прызналіся Наталля і Святлана. – А іншы раз ідуць нават на ўступкі.
Наогул жа, лічаць Наталля і Святлана, працаваць у мужчынскім калектыве больш лёгка, чым у жаночым, бо першым не характэрна многае з таго, што характэрна другім.
Служба ёсць служба. Яна, вядома ж, напружаная, іншы раз і святы забірае. Цяжка дома бывае пераключыцца на хатнія справы, але жанчыны-міліцыянеры стараюцца ўсё ж адарваць сябе ад прафесійных абавязкаў, хоць на нейкі час забыць пра іх. Чаму прысвячаюць Наталля і Святлана вольны час? Вядома ж, сям’і, любімым справам.
— Калі выхадны, аддаю сябе кухні, — гаворыць Наталля. – З задавальненнем нешта смачнае стараюся згатаваць. Балазе, цяпер у інтэрнэце прапаноўваецца шмат новых цікавых рэцэптаў. Любім таксама ўсёй сям’ёй хадзіць у басейн, у спартыўны цэнтр, паехаць у Брэст, каб наведаць якую-небудзь выставу ці кіно. Люблю спяваць, а ў апошні час з задавальненнем шыю інтэр’ерныя цацкі, лялькі.
— А я люблю шыць, — гаворыць Святлана. — Асабіста для сябе прыгожае адзенне. Люблю вязаць, вышываць. Нядаўна мужу імянны абраз вышыла. Вельмі прыгожа атрымалася, і ён быў шчыра рады.
…Сёння, у дзень прафесій­нага свята, Наталля Трафімук і Святлана Горнік, як звычайна, будуць несці службу. Як спяваецца ў песні, небяспечную, цяжкую, на першы погляд нябачную, але імі такую любімую.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Наталля ТРАФІМУК і Святлана ГОРНІК.
Фота Ніны СВІЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 4.03.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


renesans-centr.kiev.ua

https://citroen.niko.ua

farm-pump-ua.com/gonadotropin.html