Ці вернецца былая слава?

СВК “Хаціслаўскі” — адно з двух сельгаспрадпрыемстваў раёна, якія ў мінулым годзе спрацавалі са стратамі.
Колішнім кіраўніку гаспадаркі Леаніду Ляонаву, галоўнаму аграному Сцяпану Паўчалюку і галоўнаму інжынеру Уладзіміру Кашко, якія прысутнічалі на справаздачна-выбарчым сходзе калектыву працаўнікоў СВК, такое не магло, мабыць, прысніцца нават у самым страшным сне. Але рэальнасць, на жаль, такая. І ад яе нікуды не дзецца.
Па прычыне таго, што Васіль Пішчык, які да нядаўняга часу ўзначальваў гаспадарку, са студзеня ўзначальвае райаграпрамтэхніку, а галоўны аграном Андрэй Курдзюк, які выконвае абавязкі старшыні СВК, на гэтай пасадзе без году тыдзень, то са справаздачамі аб вытворча-гаспадарчай дзейнасці сваіх галін на схо­дзе выступілі галоўныя спецыялісты.
Варта сказаць, што карціна, намаляваная імі, атрымалася вельмі сумная. А каб не быць галаслоўнай, прывяду лічбы. Іх у сваёй справаздачы (дэталёвай, з глыбокім аналізам усіх промахаў у рабоце кожнага вытворчага падраздзялення) агучыла галоўны эканаміст сельгаскааператыву Таццяна Ківачук. Такім чынам: з 11 прагнозных паказчыў летась тут не выкананы 8, рэалізацыя вырабленай прадукцыі прынесла страты ў суме 7,3 мільярда рублёў пры рэнтабельнасці продажаў мінус 14,3 працэнта, рэнтабельнасць сельгасвытворчасці ў цэлым склала мінус 6,7 працэнта, а выручка на 1 работніка — 128, 4 мільёна рублёў. Гэта амаль напалову менш, чым у лепшых гаспадарках раёна. Прычым рост аплаты працы перавысіў яе прадукцыйнасць. Як гавораць, прыплылі.
Хто вінаваты і што рабіць, каб гаспадарцы, да якой у свой час быў далучаны нерэнтабельны саўгас “Маларыцкі”, самой не аказацца далучанай да некага? Некаторыя з прысутных на сходзе (мяркуючы па рэпліках з залы) лічаць, што віной усяму далучанае да СВК суседняе сельгаспрадпрыемства з яго даўгамі. Магчыма, такое меркаванне мае права на існаванне. Ды толькі яно ніякім чынам не апраўдвае тыя факты безгаспадарчасці работнікаў (адсеяцца абы як – пра гэта ў сваім выступленні гаварыла галоўны эканаміст гаспадаркі, сянаж закласці някласным, а 70 працэнтаў ад агульнай колькасці нарыхтаванага сіласу аднесены да 3 класа – гэтыя прыклады агучыла галоўны заатэхнік Эма Харык) і безыніцыятыўнасці спецыялістаў – другі год на рэканструяванай старой ферме ў Сушытніцы не могуць наладзіць бесперабойную работу новай даільнай залы. Гэта ўсяго толькі некаторыя прыклады “гаспадарання” калектыву СВК “Хаціслаўскі”, якія разам з неагучанымі і зрабілі год правальным, як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі.
Што ж неабходна зрабіць ужо сёлета працаўнікам некалі перадавой па ўсіх паказчыках гаспадаркі, каб у перспектыве самой не аказацца падчарыцай? У першую чаргу (пра гэта гаварылі на сходзе і кіраўнікі вытворчых падраздзяленняў, і начальнік райсельгасхарчу Валянцін Зайчук) навучыцца арганізоўваць работу па новых тэхналогіях і змяніць свае адносіны да яе. Тым больш, што ўсё для гэтага: зямля, людзі,тэхніка і жывёла — ёсць. А яшчэ — з кожнага спытаць за выкананую работу. Менавіта гэта і трэба будзе зрабіць новаму кіраўніку гаспадаркі Андрэю Курдзюку, які дагэтуль працаваў галоўным аграномам, а апошнім часам яшчэ і выконваў абавязкі старшыні СВК.
Надзея ЯЦУРА.
На здымках: работнікі СВК “Хаціс­лаўскі” выбралі сабе кіраўніка — Андрэя КУРДЗЮКА.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 4.03.2015 г.

Добавить комментарий


steroid-pharm.com/

www.topobzor.info/raznoobrazie-ne-originalnyh-remeshkov/

источник
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!