Дом ля дарогі

Дом №7 па вуліцы Брэсцкай у Макранах, напэўна, — адзін з самых старажытных. Ды і архітэктура яго зусім не тыповая для большасці вясковых дамоў:гатычныя вокны, высокі дах, вытанчаныя каваныя дэталі ганку. Дакладна невядома, калі гэты дом быў пабудаваны, але хутчэй за ўсё ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Паводле кнігі “Памяць” праз Маларытчыну ў гэты час праходзіла Ковельская паштовая дарога. Праз кожныя 17 кіламетраў на ёй будавалі паштовыя станцыі. Яны служылі своеасаблівым прыстанішчам для падарожнікаў. Тут апошнія маглі адпачыць, перакусіць.
Будаваліся паштовыя станцыі па аднаму і таму ж праекту і настолькі якасна, што захаваліся і маюць добры выгляд яшчэ і сёння.
Шмат бачылі на сваім доўгім вяку гэтыя дамы са стральчатымі вокнамі. Да прыкладу, у час вайны паштовыя станцыі, па звестках старажылаў, выкарыстоўвалі для сваіх патрэб немцы. Той жа дом №7 па вуліцы Брэсцкай у тых жа Макранах быў заняты пад паліцэйскі ўчастак.Тут немцы і іх прыслужнікі праводзілі карныя аперацыі,учынялі допыты мясцовага насельніцтва. Пазней жыльцы дома будуць знаходзіць у ім рэчы, якія лішні раз стануць пацвярджэннем таго, што тут сапраўды правілі акупанты.

З 1973 года ў доме №7 жыве сям” я Валянціны Іосіфаўны і Мікалая Васільевіча Манжукоў. Ведаю іх даўно. Яны, як і многія іншыя добрыя работнікі, прыстойныя сем’яніны, таксама былі героямі маіх газетных публікацый. Прычым не раз. А макранскі магазін, дзе муж і жонка тады працавалі, грымеў далёка за межамі раёна і нават вобласці. Таму ў час нашай нядаўняй сустрэчы Валянціна Іосіфаўна і Мікалай Васільевіч больш расказвалі зноў жа пра арганізацыю работы ў магазіне, пра ўкараненне прагрэсіўных метадаў абслугоўвання пакупнікоў, пра тое, за кошт чаго яшчэ ўдавалася выконваць план тавараабароту.
— Страшна ўспамінаць тыя часы, — гаворыць Валянціна Іосіфаўна. — Тавараў не хапала, іх дзялілі па картках, па талонах, за імі выстрой­валіся даўжэзныя чэргі яшчэ з вечара. Людзі злаваліся, сварыліся. Адзін паспеў купіць, другі — не. Тады мы ўкаранілі такую форму абслугоўвання пакупнікоў , як продаж тавараў па папярэдніх заяўках з выездам непасрэдна ў калектывы, дзе людзі працавалі. Вельмі добрыя кантакты ў нас былі наладжаны з работнікамі ферм. Асабліва Добрусаўскай. Тут нас чакалі і прымалі ў любое надвор’е, і днём, і ўвечары. Якое задавальненне адчуваў, — прызнаецца Валянціна Іосіфаўна, — ад таго, што выканаў просьбу чалавека, што яму не трэба будзе траціць дзень для паездкі за пакупкай неабходных тавараў у Маларыту ці ў Брэст.
Манжукі ніколі не лічыліся з асабістым часам. Трэба было — і да вечара позняга гандлявалі, каб толькі работнікі ферм былі задаволены. Дарога да Добрусава ці ў іншыя вёскі няблізкая, таму тавары туды часта дастаўлялі канём.
— А калі бацькі купілі нам “Жыгулі”, — удакладняе Валянціна Іосіфаўна, — апошнія нам каня і замянілі, выкарыстоўвалі іх для службовых патрэб.
Любоў да прафесіі, добрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў і клапатлівыя да людзей зрабілі сваю справу: макранскаму магазіну ў раёне роўных не было.
— Я не памятаю, каб мы калі-небудзь план не выканалі, — успамінае былая загадчыца магазіна. — Такое было выключана.
Калі на сходзе ўпаўнаважаных райспажыўтаварыства ці на пася­джэнні праўлення ў ліку лепшых называлі ўсё той жа макранскі магазін, многія глядзелі коса, маўляў, хіба больш няма перадавікоў?
— Але я на гэта не звяртала ўвагу, — прызнаецца Валянціна Іосіфаўна, — я добра ведала, што сумленна раблю сваю справу, вельмі люблю яе і даражу кожным пакупніком, не ігнарую яго пажаданні, інтарэсы.
Загадчыца магазіна,як і ўсе работнікі яго, добра разумела, што гандаль — тая сфера, дзе тваю работу ацэньваюць не толькі па асартыментнаму пераліку тавараў, іх выкладцы, па захаванні санітарных нормаў і правілаў, але і па культуры абслугоўвання, па парадку ў магазіне, па разнастайнасці спажывецкіх паслуг. А ў Макранах — тым больш. Бо тутэйшы магазін тавараў паўсядзённага попыту стаіць якраз на ажыўленай трасе, на аўтадарозе Брэст-Адэса, дзе праязджае шмат турыстаў, у тым ліку і замежных. І па ўзроўню арганізацыі работы гандлёвай кропкі яны мяркуюць і пра нашу краіну ў цэлым, і пра нас, беларусаў.
— У магазіне мы зрабілі рэканструкцыю, у нас працавала кафэ, наведваць якое любілі не толькі праезджыя госці, але і свае вяскоўцы. Што-што, а свежыя піражкі заўсёды ішлі нарасхват, — гаворыць Валянціна Іосіфаўна.
На пастаянных перадавікоў адны глядзелі коса, а другія не лічылі лішнім патэлефанаваць загадчыцы магазіна, каб атрымаць прафесійную падказку, параду, як і за кошт чаго можна выканаць той жа план тавараабароту, што яшчэ можна прапанаваць вясковаму пакупніку ў якасці паслуг.
— Мне было вельмі і вельмі прыемна, — прызнаецца Валянціна Іосіфаўна, — што мае калегі праяўляюць цікавасць да нашага магазіна, хочуць пераняць добры вопыт.
Вяскоўцы як пакупнікі добра ведалі, што загадчыца магазіна здольна абараніць іх інтарэсы не толькі на сваім рабочым месцы, але і ў паўсядзённым жыцці. Таму аднагалосна выбралі Валянціну Іосіфаўну Манжук сваім памочнікам — аказалі давер быць дэпутатам спачатку мясцовага Савета дэпутатаў, а затым і раённага. А кіраўніцтва райспажыўтаварыства даверыла загадчыцы макранскага магазіна як лепшаму работніку спажыўкааперацыі прадстаўляць Брэстчыну на 14-м з’ездзе работні­каў спажыўкааперацыі Беларусі.
— Ніколі не думала, што я, просты вясковы работнік гандлю, буду ўдастоена такога высокага гонару. Ведаеце, з кім тады разам у прэзідыуме сядзела? З цяперашнім нашым прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, з тагачаснымі прэм’ер-міністрам Сяргеем Лінгам, старшынёю Савета Рэспубліканскага Нацыянальнага Сходу Паўлам Шыпуком, першым намеснікам старшыні праўлення Белкаапсаюза Міхаілам Улезлам, старшынёю Брэсцкага абл­выканкама Уладзімірам Заламаем і іншымі. Мне было вельмі і вельмі прыемна!
Валянціна Іосіфаўна Манжук — адна з нямногіх у сваёй галіне, чые заслугі былі адзначаны Ганаровай граматай Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў. А аддала яна прафесіі работніка гандлю амаль 40 гадоў.
Цяпер Манжукі на заслужаным адпачынку. Хаця, як сказаць на адпачынку. Мікалай Васільевіч яшчэ працуе на прыватным прадпрыемстве. Валянціна Іосіфаўна дома, але ўся ў справах.
— Калі працавалі, — гаворыць яна, — сваіх дзяцей увагай іншы раз абдзялялі. Што ім недадалі, цяпер хочацца аддаць унукам.
Іх у Манжукоў чацвёра. Самыя старэйшыя, Вікторыя і Валерыя, — ужо студэнты. Вікторыя, дарэчы, набывае прафесію журналіста. Валерыя — юрыста. Ангеліна займаецца ў 8-м класе адной з брэсцкіх школ. Калі выпадае, абавязкова едуць да бабулі з дзядулем. Яны ведаюць, што тут іх заўсёды чакаюць. І што бабуля з дзядулем, як заўжды, нечым смачненькім пачастуюць . Дзядуля ж — заўзяты паляўнічы. Рэдка калі без ляснога трафея дамоў вяртаецца. А дзічына — гэта далікатэс. Тым больш, што бабуля ўмее добра яе прыгатаваць. Рукі ж у яе залатыя. Якія смачныя салаты і кансервы бабуля на зіму нарыхтоўвае! Якія цудоўныя на смак у яе атрымліваюцца марынаваныя грыбы!
А яшчэ дзяўчынкі вельмі любяць перачытваць у розных газетах і часопісах журналісцкія матэрыялы пра бабулю і дзядулю. І кожны раз заўважаюць:
— Дык вамі толькі ганарыся і ганарыся!
Незаменнае шчасце для сям’і старэйшай дачкі Манжукоў Марыны — 3-гадовы сыночак Мацвейка, які нарадзіўся праз 15 гадоў пасля дачкі Вікторыі. Шчыра былі рады яму, вядома ж, бабуля і дзядуля.
— Калі ён нарадзіўся, — прызнаецца Валянціна Іосіфаўна, — мы ўсе разгубіліся. У маёй сям’і — дзяўчынкі, у сем’ях іх — зноў жа яны. А тут — хлопчык. Не ведалі, як з ім абыходзіцца. Давялося спецыяльную літаратуру чытаць. Што я вычытала? Калі гадуеш хлопчыкаў, іх трэба больш хваліць, чым дзяўчынак. Тады яны добрымі будуць расці.
І хоць Мацвейка, па словах бабулі, хлопчык гіперактыўны, спешчаны, бабуліны і дзядулевы навыкі, да прыкладу, працоўнага выхавання стараецца пераймаць, як і любоў да ўсяго прыгожага, жывой прыроды.
— Мацвейка ўсіх нас прывучыў рыбачыць, — прызнаецца Валянціна Іосіфаўна. — Ён вельмі любіць хатніх жывёлін, наогул жывых істот.
Калі вясною дзядуля займаецца добраўпарадкаваннем дваровай тэрыторыі, Мацвейка абавязкова з ім: то малаток паднясе, то пілачку, то сякеру, то нейкую дошчачку. І падказвае дзядулю свае сюжэты, ”герояў”, якіх бы хацеў бачыць ля дома. Так у двары з’явіліся цуда-млын, казачная хатка, нешта накшталт калодзежа, шматлікія, зробленыя рукамі, кветкі.
— Бабулечка, — не раз прызнаваўся Мацвейка, — мне ў вас з дзядулем так добра, як у таты з мамай.
Неяк нехта, расказвала Валянціна Іосіфаўна, падкінуў пад дом малюсенькае кацяня. Яно ледзьве ўмяшчалася ў кулачок Мацвея. Хлопчык, вядома ж, яго накарміў, прыгалубіў, і маленькая жывёліна нікуды не пайшла, засталася ў доме. Праўда, спачатку нясмела схавалася ў куточку за газавай плітой, баючыся, што ў чарговы раз акажацца на вуліцы. Але Мацвейка даў яму зразумець, што ў доме бабулі і дзядулі так не зробяць. Хлопчык вельмі палюбіў кацянятка. І Мурзік не мог не адчуць гэта. Цяпер жывёліна — лепшы сябар хлопчыка, а ў доме бабулі, як член сям”і. Яна знаходзіць час, каб Мурзіка памыць, пакарміць, пачысціць.
А нядаўна Мацвейка выказаў яшчэ адно сваё пажаданне: хоча, каб дзядуля яму сабачку купіў, словам, яшчэ аднаго сябра прыдбаў. Ну як жа тут не ўважыш просьбу любімага ўнучка!
* * *
Дом №7 па вуліцы Брэсцкай у Макранах цяпер толькі знешне напамінае пра яго былую прыналежнасць. Манжукі паштовую станцыю даўно рэканструявалі, кабінет дарожнага майстра (а пасля вайны ў доме размяшчалася дарожная служба) перарабілі пад трэці пакой. У дом падвялі прыродны газ, старыя вокны замянілі на шклопакеты, уставілі новыя дзверы. Ёсць тут таксама ўсе бытавыя ўмовы. Вось толькі ў падвал, што ў прыбудове за домам, гаспадары яго ніколі не спускаюцца. Закаткі на зіму і непатрэбныя рэчы захоўваюць у флігелі.
— Пасля таго, як мы разбіралі ў доме печку і знайшлі невялікі шкілет, дзіцяці, хутчэй за ўсё, неяк страшнавата спускацца ў падвал. Тут жа немцы людзей катавалі, білі, пазбаўлялі жыцця…Страшна… — гаворыць Валянціна Іосіфаўна. — Вайна шмат пакінула пасля сябе слядоў. Не дай Бог, каб мы, нашы дзеці і ўнукі бачылі яе.
Ірына Касцевіч.
На здымку: жыльцы дома ля дарогі Валянціна Іосіфаўна і Мікалай Васільевіч Манжукі.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 4.03.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.