Клуб “Падлетак” — месца шчырага дыялогу

Даследванні пераконваюць, што ў кожнага пятага падлетка час ад часу ўзнікаюць даволі сур’ёзныя думкі аб самазабойстве, прычым суіцыд усё “маладзее”. Юнацкі максімалізм і ў той жа час няздольнасць вырашаць асабістыя праблемы – вось асноўная прычына таго, што падлеткі не могуць справіцца з вялікім патокам пачуццяў і эмоцый. Даволі часта дзеці, не ведаючы, да каго звярнуцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, трымаюць усе нявырашаныя праблемы ў сабе, што ў большасці выпадкаў прыводзіць да суіцыду. 

Праблеме суіцыдальных паво­дзін было прысвечана чарговае пася­джэнне клуба “Падлетак”. Клуб створаны з мэтай арганіза­цыі вольнага часу маладых людзей, дапамогі падлеткам ў пераадоль­ванні цяжкай жыццёвай сітуацыі. У асноўным работа ў клубе пабудавана на групавым узаемадзеянні, што садзейнічае згуртаванню, стварэнню атмасферы даверу і адкрытасці. Чарговая сустрэча ў клубе прайшла ў выглядзе псіхалагічнага трэнінгу з элементамі дыскусіі. Удзельнікі гутарылі аб суіцыдальных паво­дзінах школьнікаў, прыкметах праяўлення такіх паводзін і магчымай дапамозе падлеткам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Падлеткі маглі не толькі адкрыта выказваць свае думкі, але і ў форме ролевай гульні праіграць магчымыя сітуацыі, шляхі выхаду з іх. Для падняцця агульнага эмацыянальнага фону, зняцця напружанасці і стомленасці дзеці прымалі актыўны ўдзел у рухомых гульнях. У завяршэнні сустрэчы праблема падлеткавага суіцыду была адлюстравана ў групавых малюнках. З дапамогай апошніх падлеткі выказалі свае адносіны да праблемы і, самае галоўнае, змаглі прааналізаваць свае пачуцці. Удзельнікі клуба прыйшлі да высновы, што ў жыцці ёсць шмат добрых, яркіх падзей і нават самая вялікая жыццёвая няўдача не вартая таго, каб пазбаўляць сябе жыцця.
Яшчэ хацелася б засяродзіць увагу на такой акалічнасці. Большасць падлеткаў, калі ідуць на суіцыд, першапачаткова не збіраюцца паміраць. Яны толькі хочуць пазбегнуць праблем, якія, на іх думку, вырашыць ім не па сілах. А некаторыя ўвогуле жадаюць такім чынам налякаць бацькоў, спадзеючыся звярнуць на сябе ўвагу заўжды занятых дарослых. На жаль, хуткая дапамога не заўжды паспявае і “гульня ў смерць” становіцца рэальнасцю. Таму важна бацькам не забываць, што ў іх ёсць дзеці, і абавязкова знаходзіць час на зносіны з імі.
Таццяна ЗАХАРЧУК, педагог-псіхолаг УА “Маларыцкі раённы дзяржаўны сацыяльна-педагагічны цэнтр”.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы ў клубе “Падлетак”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 4.03.2015 г.

Добавить комментарий


photolifeway.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!