Гандбольныя традыцыі працягваюцца

Дзіцячая спартыўная школа (цяпер дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Маларыцкага раёна) свае дзверы расчыніла ў верасні 1965 г. У 1966 г. на працу ў штат школы залічаны Пётр Камянчук, які да гэтага закончыў Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, адслужыў армію. Дзякуючы Пятру Мікітавічу, у Маларыце ўпершыню было адкрыта аддзяленне “Ручны мяч”. Трэнер адначасова набірае групы хлопчыкаў і дзяўчынак. Працуючы ў ДСШ, Пётр Камянчук паступае і заканчвае Львоўскі інстытут фізічнай культуры.
Пётр Мікітавіч вельмі сур’ёзна адносіўся да працы. Таму вынікі не прымусілі сябе чакаць. Ужо восенню 1966 г. выхаванцы (1951-1952 гадоў нараджэння) Пятра Каменчука, упершыню прадстаўляючы раён на абласных спаборніцтвах па гандболе, выступілі годна. Гэта надало трэнеру яшчэ большага стымулу для працы. Па словах тых, хто вучыўся майстэрству ручнога мяча ў Пятра Мікітавіча, займацца ў яго было вельмі прэстыжна, цікава. Спаборніцтвы часта праводзіліся з ганд­балістамі-сапернікамі з Брэсцкага, Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў. Праз год трэніровак каманда Маларыцкай ДСШ заняла ІІІ месца ў вобласці, а ў 1969 г. – ІІ месца на першынстве БССР па ручным мячы, уступіўшы толькі камандзе Мінска.
* * *
Традыцыі, закладзеныя Пятром Каменчуком, працягваюць развівацца і цяпер. За час існавання ДзЮСШ было падрыхтавана нямала высокакваліфікаваных ігракоў і трэнераў. У іх ліку, напрыклад, Леанід Назарук, Вячаслаў Бабура, Генадзь Чыкіта, Раіса Грэбень, Барыс Пухоўскі, Людміла Сезік, Андрэй Хапаль, Андрэй Сацюк, Таццяна Рыжэвіч, Ала Пракапук, Алена Каховіч і інш. Акрамя таго, у Маларыце склаліся своеасаблівыя гандбольныя дынастыі, а гэта сем’і Бабуры, Грэбень, Максімукоў-Чорных…
Штогод у лютым у Маларыце праводзіцца адкрыты турнір па гандболе сярод мужчынскіх і жаночых каманд, прысвечаны памяці Пятра Каменчука. Не стаў выключэннем і сёлетні год. Між іншым, першыя спаборніцтвы адбыліся ў 2012 г. Сёлета ў спаборніцтвах прыняло ўдзел 6 каманд: 4 мужчынскія (“Юні-90”, “Юні-94”, “Ветэраны”, “Спецклас”) і 2 жаночыя (“ДзЮСШ-93”, “Салют”). У час урачыстага адкрыцця да прысутных звярнуліся: Генадзь Германюк, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму; Васіль Грэбень, былы дырэктар ДзЮСШ (1985-1999), які некалькі гадоў працаваў трэнерам па гандболе разам з Пятром Каменчуком; Ніна Іларыёнаўна, жонка Пятра Мікітавіча.
* * *
Згодна з выніковай турнірнай табліцай сярод жаночых каманд на першым месцы апынуўся “Салют”, а вось сярод мужчынскіх — “Спецклас”. Па словах Людмілы Сезік, галоўнага сакратара спаборніцтваў, гэтая каманда перамогу ў сапернікаў з “Юні-90” выхапіла па выніках штрафных кідкоў.
На здымках: партрэт Пятра Каменчука, напісаны мастаком Сяргеем Бескаравайным; у час адкрыцця першынства; момант гульні.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 4.03.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий