За свядомасць вас не пакараюць

Пры ўсім маім асабістым аптымізме, тут я песіміст, бо сумняваюся, што нам так хутка ўдасца перамагчы аматараў выкінуць смецце там, дзе хочацца, назаўсёды выключыць выпадкі, калі тэрыторыя пад балконам дома ператвараецца ў сметнік з суцэльнымі акуркамі, выкінутымі адным і тым жа бескультурным жыльцом. Мы далёкія ад той цывілізаванай культуры, дзе прыроду любяць гэтак жа, як і сябе. Пакуль што мы яе ўсё больш і больш забруджваем, ніколі не задумваемся аб тым, што ж застанецца нашым нашчадкам пасля такіх варварскіх адносін да прыроды.
Нашы заканадаўцы і ў гэтым выпадку вырашылі “ўзяцца” за нядбайных. Праўда, і на гэты раз мерай уздзеяння на тых, хто няправільна абыходзіцца з адходамі, будзе папярэджанне ці штраф. Прычым немалы. Толькі ці дасць выхаванне кнутом станоўчыя вынікі? Прабачце, але і тут я песіміст.
А пакуль мы з вамі павінны сартаваць сваё смецце, аб чым просяць нас работнікі камунальнай службы. Інакш кажучы, правільна абыходзіцца з адходамі. А зацікаўленымі нашымі партнёрамі тут павінны быць работнікі камунальнай службы.
На якім узроўні забяспечваецца цяпер гэтае партнёрства, а таксама пра многае іншае і ішла размова ў інтэрв’ю намесніка дырэктара КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Міхаіла Саўчука карэспандэнту райгазеты.

— Раздзяляць адходы, выкідваць іх у правільны кантэйнер – аб гэтым нас цяпер просяць камунальнікі. І не толькі ў аб’явах, што часта змяшчаюцца ў газеце, але і ў паведамленнях аб памеры платы за жыллёва-камунальныя паслугі. Скажыце, калі ласка, Міхаіл Дзянісавіч, ці ёсць сёння ўсе ўмовы для таго, каб свядомыя грамадзяне маглі выконваць просьбу камунальнікаў?
— Так, просім. І сёння праз газету яшчэ раз прашу, паважаныя жыхары горада і раёна, калі ласка, больш актыўна раздзяляйце бытавыя камунальныя адходы. У нас ёсць усе ўмовы іх асобна збіраць. Маю на ўвазе забяспечанасць кантэйнерамі. За апошнія 2 гады для раздзельнага збору камунальных адходаў набыта і дадаткова ўстаноўлена 80 кантэйнераў аб’ёмам 0,75 м. куб. (у 2013 годзе – 29, летась – 51) на агульную суму 144,3 мільёна рублёў, што дазволіла павялічыць колькасць пляцовак ад 74 да 119. Цяпер у горадзе ўстаноўлена 97 кантэйнераў. Дастаткова гэта ці не? Лічу, што пакуль дастаткова. Увесь жылы фонд, двары ўсіх шматпавярховых дамоў забяспечаны кантэйнерамі.
— У горадзе, асабліва ў дварах вялікіх жылых масіваў, кантэйнеры з адпаведнымі надпісамі “Папера”, “Шкло”, “Пластык” сапраўды ёсць. Цікава, а як у вёсках, у раёнах новабудоўляў, у дварах невялікіх жылых масіваў?
— У сельскіх населеных пунктах, а гэта ў асноўным у аграгарадках, устаноўлены 84 кантэйнеры. Толькі летась дадаткова быў устаноўлены 31 кантэйнер. Апошнія ёсць і ў прыватным сектары горада, да прыкладу, на вуліцах Кірава, Алесіка, Калініна, Энгельса, Чапаева, завулку Базарным, вуліцы Астроўскага і інш.
— Як па-Вашаму, ці навучыліся нашы грамадзяне берагчы другасную сыравіну, такую незаменную для прадпрыемстваў, дзе яе перапра­цоўваюць?
— Павінен сказаць, што не ўсе жыхары горада і раёна актыўна раздзяляюць камунальныя адходы. Асабліва гэта датычыць жыхароў прыватнага сектара горада і сельскіх населеных пунктаў. Праўда, калі ў прыватным сектары яшчэ куды не ішло, дык у сельскіх населеных пунктах запаўняльнасць кантэйнераў практычна нулявая. Нашы грамадзяне пакуль не прывыклі раздзяляць адходы. І не задумваюцца, што калі збіраем іх у тры сметнікі, асобна паперу, пластык і шкло, дапамагаем зменшыць колькасць звалак для захавання цвёрдых камунальных адходаў, даем шанц апошнім ператварыцца ў другасную сыравіну, імкнемся захаваць чысціню ў горадзе і ў населеных пунктах. Ёсць і станоўчыя прыклады. Скажам, кантэйнер, устаноўлены на пляцоўцы па вул. Энгельса – завулак Палявы, практычна напаўняецца поліэтыленавымі і шклянымі бутэлькамі за 2 тыдні. Чым больш актыўна грамадзяне будуць раздзяляць адходы, тым менш давядзецца затрачваць на здабычу другаснай сыравіны на звалцы. Бо згодна з арт. 25 Закона РБ “Аб абыходжанні з адходамі” захаванне другаснай сыравіны забараняецца.
Выкідваючы другасную сыравіну ў агульны “кацёл”, мы не задумваемся, ды і, напэўна, не ведаем, што поліэтыленавая плёнка ляжыць у зямлі 200 гадоў, поліэтыленавая бутэлька – 450 гадоў, шкляная – 100 тысяч гадоў.
Хачу звярнуцца да жыльцоў дамоў № 6 па вул. Чырвонаармейскай, № 3 па вул. Паркавай, № 1 па вул. Несенюка, № 15 па вул. Лермантава нашага горада, дзе дамы абсталяваны смеццеправодамі. Раздзяляйце і выносьце адходы ў кантэйнеры, што знаходзяцца побач з дамамі.
— Ці выконвае Ваша прадпрыемства планы па здачы другаснай сыравіны? Калі не, дык па якіх, на Ваш погляд, прычынах?
— На жаль, планы мы не выконваем. І вось па якіх прычынах. Па-першае, павялічыліся аб’ёмы збору і здачы другаснай сыравіны. Калі летась мы павінны былі сабраць і здаць 110 тон макулатуры, дык сёлета – 237,5 тоны, адходаў шкла – адпаведна 112 і 117 тон, палімераў – 14 і 40 тон. У 2012 годзе, калі былі даведзены рэальныя планы, прадпрыемства наша нават іх перавыканала.
КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” у працэсе гаспадарчай дзейнасці не мае сваіх адходаў, галоўнымі крыніцамі збору іх з’яўляюцца звалкі і раздзельны збор.
Па-другое, і збор, і сартаванне адходаў пакуль праводзяцца ўручную. Па-трэцяе, пакуль слабая актыўнасць насельніцтва па раздзельнаму збору адходаў.
— Калі многія з нас навучыліся раз­дзельна збіраць пластык, шкло, дык гэта ніяк не атрымліваецца з паперай. Для таго, каб яе збіраць асобна, трэба дома кожнаму ставіць спецыяльную скрынку. Наўрад ці хто-небудзь так робіць, таму папера і атрымліваецца ў агульным катле, як і многае іншае. Памятаю, шмат гадоў таму назад ішла размова пра будаўніцтва сартавальнага пункта. Ці ёсць ён, якім чынам сартуюцца адходы цяпер і ці сартуюцца наогул?
— Другасная сыравіна звозіцца на склад, што ёсць па вул. Каштанавай у нашым горадзе. Тут арганізаваны пункт сартавання. Усё, што ў кантэйнерах, перабіраецца, прасуецца, звязваецца ў стосы масай ад 100 да 200 кілаграмаў. У залежнасці ад віду другаснай сыравіны і па меры назапашвання стосы адгружаюцца на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Пакуль гэтая работа праводзіцца ўручную, на ёй задзейнічаны трое нашых работнікаў.
Што датычыць сартавальнага пункта, дык спадзяемся, што сёлета ў горадзе на базе нашага прадпрыемства з’явіцца лінія па сартаванню раздзельна сабраных камунальных адходаў. У адпаведнасці з рашэннем Брэсцкага аблвыканкама за сродкі, што выдзяляюцца дзяржаўнай установай “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў”, запланавана яе стварэнне. Размясціць лінію плануецца ў раёне нашай кацельнай, што працуе на мясцовых відах паліва. Таксама спадзяемся на набыццё новага смеццявоза для збору другаснай сыравіны, пагрузчыка і больш магутнага прэса.
— Ці купляе ваша прадпрыемства ад насельніцтва другасную сыравіну і па якіх цэнах?
— Мы купляем макулатуру па цане 800 руб. за 1 кг, адходы шкла – па 600 руб. за 1 кг, поліэтыленавыя бутэлькі – па 1 тыс. руб. за 1 кг, плёнку (светлую) – па 200 руб. за 1 кг.
— І ахвотна насельніцтва здае іх?
— За перыяд работы пункта насельніцтва здало 1700 кг макулатуры, 11203 кг шкла, 119 кг поліэтыленавых бутэлек.
Між іншым, пункты прыёму другаснай сыравіны ад насельніцтва з 2 сакавіка г.г. будуць працаваць на кожным з трох вытворчых участкаў: у Лукаве, Ланской, Хаціславе.
— Мы гаворым пра паперу, шкло, пластык. Але ёсць жа яшчэ і іншыя віды адходаў, скажам, бытавыя. Вось, да прыкладу, у чалавека адслужылі тэлевізар, пыласос, газавая пліта, халадзільнік, той жа прас. Куды дзець іх?
— Вываз буйнагабарытных адходаў, у тым ліку бытавой тэхнікі, што не эксплуатуецца, праводзіцца прадпрыемствам па заяўках грамадзян. Гэтыя віды бытавых адходаў таксама прымае яшчэ адзін каардынатар работы па зборы другаснай сыравіны – райспажыўтаварыства. У горадзе на вул. 8 Сакавіка ёсць накапляльная пляцоўка, дзе і прымаюць бытавыя адходы за плату.
Карыстаючыся магчымасцю, хачу сказаць некалькі слоў наконт адпрацаваных шын. Паважаныя жыхары горада і раёна! Калі ласка, не выкідвайце іх у кантэйнеры! Калі яны ў вас назапасіліся, набярыце нумар 6-12-88 ці 6-13-06. Мы самі прыедзем і забярэм.
Падказваю яшчэ адзін адрас, куды можна здаць адпрацаваную бытавую тэхніку. Адкрытае акцыянернае таварыства “Брэст ВТІ” ажыццяўляе іх збор і перапрацоўку. Прымаюць старую бытавую тэхніку па заяўках па адрасу: г. Брэст, вул. Светлая, 1. Забіраюць самі прадстаўнікі таварыства. Тэлефанаваць можна на нумары 8-0162 97-40-81, 46-16-45.
— Настала вясна, і ўсе мы пачынаем прыбіраць дваровыя і садовыя тэрыторыі. Як правіла, абрэзаныя галіны дрэў, сухую траву многія таксама выкідваюць у кантэйнеры з адходамі. Толькі гэта ж няправільна?
— Так, няправільна. Выкідаць галіны дрэў і сухую траву ў кантэйнеры і каля іх нельга. Што рабіць, куды дзець? Спаліць, калі не ў печцы, дык на сваім прысядзібным участку. Гэта дазваляецца! У строгай адпаведнасці з правіламі супрацьпажарнай бяспекі: на адлегласці 15 метраў ад пабудоў, побач павінна быць вядро з вадой і прысутнічаць сам гаспадар.
Другі варыянт: назапашваць і адвозіць да нас, на кацельню, што працуе на мясцовых відах паліва. Тут галіны ператвораць у шчэпкі.
Хацелася б сказаць і пра беспарадак каля кантэйнерных пляцовак. Даходзіць да таго, што да пляцоўкі пад’язджае машына, якая перавозіць гэтыя адходы, і прама каля яе яны выкідваюцца. Такога не павінна быць. Між іншым, мы маем права пакараць вінаватых. Але спачатку папярэдзім. Цяпер у нас на прадпрыемстве з’явіліся яркія наклейкі, у якіх грамадзяне папярэджваюцца аб мерах пакарання, якія могуць быць прыменены да іх. Спадзяемся на разуменне з боку жыхароў горада і раёна. Каляровыя наклейкі ў бліжэйшы час грамадзяне змогуць убачыць на кантэйнерах. Дарэчы, вывозіць галіны дрэў на смеццязвалку таксама нельга, бо яны адносяцца да катэгорыі другаснай сыравіны.
— Наконт адпрацаваных элементаў сілкавання. Асабіста я бачыла толькі ў магазіне “Тэхніка” кантэйнер для іх збору. Але горад вялікі. І не пойдзе чалавек, да прыкладу, з той жа вуліцы Ткачова, што на Лазках, ці з канца Савецкай аж у “Тэхніку”, а гэта значыць, што выкіне элементы зноў жа ў агульны кантэйнер. Вашай службай што-небудзь робіцца для вырашэння гэтай праблемы?
— Пытаннямі збору адпрацаваных элементаў сілкавання ў нашым горадзе і раёне займаецца райспажыўтаварыства. Наша прадпрыемства гэтымі пытаннямі не займаецца.
— Калі вяртацца да збору пластыку, дык раней, як правіла, гэта былі толькі бутэлькі з-пад напояў, мінеральнай вады, піва. Цяпер жа ў поліэтыленавых упакоўках прадаюцца ўсе малочныя і іншыя прадукты. Свядомыя грама­дзяне збіраюць іх асобна. Вось чаму і кантэйнеры з пластыкам бываюць перапоўнены. З якой перыядычнасцю яны павінны ачышчацца?
— Як правіла, 1 раз у тыдзень смеццявозамі нашага прадпрыемства. Пры форс-мажор­ных абставінах кантэйнеры ачышчаюцца работнікамі ўчастка саначысткі ўручную. Калі вы бачыце перапоўнены кантэйнер, тэлефануйце на нумар 6-12-88, меры будуць прыняты.
— Адна з чытачак нашай газеты ў канцы мінулага года на старонках “раёнкі” расказала аб вопыце, што напрацавалі ў Мастах Гродзенскай вобласці. Размова ішла аб вывучэнні думкі грамадзян наконт раздзельнага збору адходаў, наконт таго, як яны разумеюць гэту задачу, а таксама аб рэкламных акцыях, маляўнічых аб’явах і нават аб стымуляванні жыльцоў тых дамоў, якія праявілі найбольшую свядомасць. Нешта падобнае ў нас робіцца?
— Робіцца. Мы пастаянна праводзім выхаваўчую работу сярод насельніцтва аб неабходнасці раздзельнага збору адходаў. Гэта ўзялі за правіла. У газеце перыядычна змяшчаем аб’явы, рэкламу па раздзельнаму збору камунальных адходаў. Летась былі выраблены і расклеены ў пад’ездах шматпавярховых дамоў спецыяльныя лістоўкі. Сённяшняе інтэрв’ю, якое, спадзяюся, прачытаюць многія грамадзяне, таксама зможа пераканаць іх у неабходнасці і важнасці раздзельнага збору адходаў.
— Калі рыхтавалася да сустрэчы з Вамі, патэлефанаваў жыхар нашага горада Тадэуш Аляксандравіч. Ён абураўся бескультурнасцю многіх жыльцоў дамоў, якія пастаянна выкідваюць акуркі ад цыгарэт прама за вокны дома. Ля некаторых дамоў ляжаць цэлыя горы іх. Ці ёсць магчымасць устанавіць ля дамоў камеры відэаназірання з мэтай канкрэтна выявіць бескультурнага? Якім нарматыўным дакументам прадугледжваецца адказнасць за падобныя дзеянні?
— Такая праблема ў нас ёсць. На жаль, паставіць камеры відэаназірання на жылых дамах няма магчымасці, усё ўпіраецца ў недахоп фінансавых сродкаў. Як няма, на жаль, і нарматыўнай базы, каб прыцягнуць бескультурных да адказнасці.
— А тых, хто парушае заканадаўства аб абыходжанні з адходамі, нейкім чынам можна караць?
— Згодна з арт. 15.63 кодэкса нашай рэспублікі аб адміністрацыйных правапарушэннях за складзіраванне смецця (адходаў) на тэрыторыі, што прылягае да кантэйнернай пляцоўкі, а таксама за нераздзельны збор іх па відах другаснай сыравіны прадугледжаны папярэджанне ці штраф у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь. Індывідуальнаму прадпрымальніку – да 200, юрыдычнай асобе – да 1 тысячы базавых велічынь.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Міхаіл САЎЧУК.
Фота Святланы МАКСІМУК.

Опубликовано в «ГЧ» 7.03.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

За свядомасць вас не пакараюць: 1 комментарий

  • 11.03.2015 в 2:48 пп
    Permalink

    Как бороться с теми кто использует связи в Администрации Президента и нагло «мусорит» в души порядочным людям?! Господин Белков, будьте порядочным!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.