З любімай справай – па жыцці

Сям’я Марыі была заможнай, але сваіх дзяцей бацькі прывучалі з малых гадоў да цяжкай працы. І ў полі яны разам з дарослымі былі – палолі, жалі, лён апрацоўвалі. І дома розным рамёствам вучыліся. Яшчэ дзяўчынкай Марыя ўмела прасці, ткаць, вышываць, вязаць карункі і добра шыць. У дзень вяселля, а замуж Марыя выходзіла рана, у 15 гадоў, маці падарыла дачцэ сваю швейную машынку “Зінгер”. З таго часу Марыя не развітвалася з ёй, пакуль не падарыла ў дзень вяселля адной са сваіх трох дачок.
Марыя Серафімаўна Сцепанюк лічыць, што ёй вельмі пашанцавала знайсці ў жыцці менавіта сваю справу. Швачку-самавучку ўзялі працаваць у майстэрню на даму ў сваёй жа вёсцы Дарапеевічы. Умелая маладая жанчына, у якой уся работа атрымлівалася вельмі акуратна, спрытна, праз некалькі гадоў стала майстрам па пашыву верхняга адзення 4 разраду, а калі ў вёсцы ад камбіната бытавога абслугоўвання адкрылася атэлье, яна ўвогуле была назначана загадчыцай. Марыя Серафімаўна была не толькі добрай швачкай, але і ўмелай закройшчыцай. Да яе ішлі, бо ведалі, што майстрыха так выкраіць сукенку, касцюм ці футра, што і тканіны пойдзе не шмат, і мадэль будзе прыгожай, арыгінальнай. А ў той час, у 60-70-ыя гады мінулага стагоддзя, менавіта на швейнае атэлье ў кожнага была асаблівая надзея. У Дарапеевічы, каб мець прыгожую вопратку, ехалі людзі не толькі з бліжэйшых вёсак, але і з Маларыты, Брэста. Усе ведалі: тут пашыюць такую вопратку, што іншыя пазайздросцяць. Ды і чакаць доўга не трэба было. Усяго за гадзіну Марыя Серафімаўна магла пашыць сукенку, за дзень – футра. Рабіла ўсё якасна, умела, а таму і рэпутацыю сярод пастаянных і новых кліентаў мела бездакорную. За адказныя адносіны да работы Марыя Серафімаўна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнай славы ІІІ ступені. Гэтую ўзнагароду атрымала яна, як было надрукавана ў артыкуле, змешчаным у 1976 годзе ў раённай газеце “Сельскае жыццё” (яго да сённяшняга дня захоўвае Марыя Серафімаўна), “за поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў дзевятай пяцігодкі па рэалізацыі бытавых паслуг насельніцтву і павышэнне культуры абслугоўвання”.
Не надакучвала Марыі Серафімаўне яе швейная справа. Хоць і стамлялася днём, але вечарам, ужо дома, зноў сядала за швейную машынку, каб пашыць новыя прыгожыя ўборы для траіх дочак – Ганны, Галі і Ліды. Дзяўчынкам, як вядома, заўжды хочацца быць прыгожымі, а таму матуля кожны раз здзіўляла іх нечым цікавым. Нярэдка за прыемнай для яе душы справай яе заставаў ужо ранак. Але стомленасць праходзіла, калі бачыла, як іншыя радуюцца таму, што стваралі яе рукі.
У атэлье, якое было адкрыта ў 1969 годзе, працавала 7 швачак. Кожны, хто прыходзіў сюды, вучыўся швейнай справе ў Марыі Серафімаўны. Сярод яе шаснаццаці вучаніц і калег была і народная майстрыха Сцепаніда Аляксееўна Сцепанюк. Разам з ёй Марыя Серафімаўна не толькі працавала, але і спявала дуэтам народныя песні. Менавіта тады і зарадзілася ў Марыі Серафімаўны любоў да песні. Пад акампанемент баяна спявачкі з Дарапеевічаў выходзілі не толькі на сцэны сельскіх клубаў раёна. Дружнымі апладысментамі сустракалі іх у Маларыце, у абласным цэнтры, запрашалі спявачак нават на Брэсцкае тэлебачанне.
У пачатку 90-ых гадоў Марыя Серафімаўна пераехала жыць у Маларыту. Тут таксама працавала ў швейнай майстэрні. Пра яе ўмелыя рукі ведалі многія, а таму ішлі з заказамі. Для кожнай жанчыны вельмі важна ўмець шыць. І швейная машынка ў доме, лічыць Марыя Серафімаўна, – першая рэч для гаспадыні. Таму кожнай сваёй дачцэ, як некалі ёй яе маці, жанчына зрабіла такі карысны падарунак. І яны таксама шыюць сваім дзецям і ўнукам.
Калі Марыя Серафімаўна пайшла на заслужаны адпачынак, і вольнага часу ў яе прыбавілася, яна ўспомніла пра сваё захапленне песняй. А тут якраз знаёмыя прапанавалі схадзіць на рэпетыцыю ў народны хор ветэранаў. Не думала Марыя Серафімаўна, што яе так цёпла і гасцінна сустрэнуць у калектыве. Вядома, спачатку былі хваляванні, але кожны новы выхад на сцэну дабаўляў упэўненасць. І цяпер без свайго хору жанчына не ўяўляе нават і тыдня. Спяшаецца на кожную рэпетыцыю, скрупулёзна развучвае кожны радок, кожную ноту. А калі выходзіць на сцэну, стараецца, як і ўсе іншыя ўдзельнікі калектыву, усю сябе аддаць песні. Кожная рэпетыцыя, кожнае выступленне для яе — яскравыя імгненні, якія робяць жыццё пенсіянера больш насычаным і разнастайным.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Марыя Серафімаўна Сцепанюк.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 11.03.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://www.ka4alka.com.ua/

https://220km.net

http://designprof.com.ua