Фізкультура – спадарожніца даўгалецця

Гэтыя людзі не лічаць сябе пажылымі. Яны называюць сябе людзьмі залатога ўзросту. На пенсіі ім сумаваць не даводзіцца, бо кожную вольную хвіліну яны аддаюць цікавай справе. А аб’ядноўвае іх клуб “Незгасальны агеньчык”, які ўжо не першы год дзейнічае на базе тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яго галоўная задача – дапамагчы людзям пенсійнага ўзросту аб’яднацца і праводзіць час цікава, акружыць іх увагай і захапіць новымі справамі. І каб на ўсе новыя пачынанні хапала здароўя, пажылыя людзі вядуць актыўны лад жыцця, займаюцца фізічнай культурай і некалькі разоў на год збіраюцца на турнір, каб вызначыць самых спартыўных людзей паважанага трэцяга ўзросту жыцця. Вось і нядаўна на базе спартыўнага цэнтра “Жамчужына” ў чарговы раз прай­шло спартыўнае свята для пажылых “Са спортам сябраваць – аб здароўі не сумаваць!”. Удзельнікі яго, падбадзёрваючы адзін аднаго, кідалі мяч у баскетбольнае кальцо, гулялі ў дартс, шашкі, настольны тэніс, стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі. І рабілі ўсё з задавальненнем, лёгкасцю і, можна сказаць, маладым запалам. Той, хто пасля перапынку ў многія дзясяткі гадоў зноў узяў у рукі тэнісную ракетку, хто па-новаму вучыўся гуляць у баскетбол ці ўспамінаў правілы гульні ў шашкі, вядома, крыху хваляваўся і, разам з тым, радаваўся, што намаганні завяршаюцца поспехам. А ў спорце, як вядома, галоўнае выйсці на старт, і тады з’явіцца жаданне займацца зноў і зноў. Тым больш, што ўзрост правільным спартыўным заняткам не перашкода.
Па выніках спаборніцтваў лепшай у дартсе стала Соф’я Лаўрэнцьеўна Якубчык, у настольным тэнісе роўных не было Віктару Мікалаевічу Несцяровічу, у кідках у баскетбольнае кальцо пераможцам стаў Валерый Антонавіч Савасціёнак, званне самага трапнага стралка заслужыў Уладзімір Фёдаравіч Пачынчук, а ў шашках лепшы вынік паказаў Генадзь Ісаакавіч Шэхтман. Усе пераможцы атрымалі падарункі і граматы.
У перапынках паміж рознымі відамі спаборніцтваў пацікавілася ў пенсіянераў, што даюць такія сустрэчы і ці займаюцца яны спортам у паўсядзённым жыцці.
Соф’я Лаў­рэнцьеўна Якубчык:
— Такое вось спартыўнае свята, акрамя магчымасці сустрэцца са сваімі знаёмымі, дае яшчэ зарад бадзёрасці. Далёка не ўсе сябруюць са спортам, многія займаюцца ім ад выпадку да выпадку. Вось і гэты турнір – выпадак, каб праверыць свае сілы і, магчыма, працягваць спартыўныя заняткі, якія ў любым узросце вельмі патрэбныя. Асабіста я кожны ранак пачынаю з зарадкі, і для мяне гэта важна.
Галіна Пятроўна Смаль:
— Сустрэчы для пажылых людзей вельмі важныя. Прыемна ўбачыць тых, з кім ты раней працаваў, пагутарыць і нават паспаборнічаць у турніры, дзе прысутнічае спартыўны дух. Увогуле, я люблю спорт, займаюся зарадкай, раблю пешыя прагулкі, езджу на веласіпедзе, з унукамі бываю ў Лядовым палацы, дзе разам з імі катаюся на каньках. Лічу, што чалавеку трэба займацца тымі відамі фізічнай культуры, якія яму даступныя.
Валерый Антонавіч Савасціёнак:
— Заняткі спортам даюць многае. Задумаўся аб гэтым, калі збіраўся выходзіць на пенсію. Прыйшло асэнсаванне таго, што без руху не абысціся. А таму вырашыў абысціся без аўтамабіля і, каб падтрымліваць здаровы лад жыцця, пачаў хадзіць пешшу, ездзіць на веласіпедзе, асвоіў мастацтва валявога абмежавання глыбокага дыхання, вось ужо чацвёрты год займаюся вялікім тэнісам, наведваю басейн. А яшчэ асвойваю сістэму аздараўлення без лекаў, з дапамогай элементарных фізічных практыкаванняў. Нядаўна мы арганізавалі клуб актыўнага даўгалецця, у якім праводзім цікавыя сустрэчы.
Для ўдзельнікаў спартыўнага свята Валерый Антонавіч правёў своеасаблівы ўрок фізічнай культуры, пазнаёміўшы з практыкаваннямі, якія неабходна выконваць штодня, каб захаваць сілы і здароўе на доўгія гады. Каб больш падрабязна пазнаёміцца з новай тэхнікай аздараўлення, ён запрасіў усіх наведаць у клубе сустрэчу з Валянцінам Талкачовым, старшынёй Беларускага грамадскага аб’яднання “Цвярозасць – аптымаліст”.
А завяршылася спартыўнае свята паходам у басейн.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час спартыўнага свята для пажылых маларытчан.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 11.03.2015 г.

Добавить комментарий


www.monaliza.kiev.ua

contact us www.viagra-on.com

maxformer.com/arkhivnye-shkafy
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!