ФУТБОЛ, ФУТБОЛ І ЯШЧЭ РАЗ ФУТБОЛ

Інтэрв’ю лепшага іграка каманды “ПМК-20-Маларыта” Аляксандра Галавача райгазеце “”.
— Аляксандр, што значыць для цябе футбол?
— Самае любімае захапленне з тых, якія ёсць.
— Як адносішся да дваровага футболу?
— Дваровы футбол – гэта пачатковая стадыя ў станаўленні любога футбаліста. А далей – як пашанцуе.
— Даўно гуляеш за каманду “ПМК-20-Маларыта”?
— Каля двух гадоў. Да гэтага гуляў за каманду кансервавагароднінасушыльнага камбіната. Быў перыяд, калі чаргаваў: адзін сезон гуляў за ПМК-20, другі – за камбінат.
— Ты памятаеш сваю першую траўму, атрыманую на футбольным полі?
— Першую сур’ёзную траўму атрымаў на раённых спаборніцтвах у 2005 г. Мы тады гулялі з футбалістамі з Ляхаўцаў.
— Твая роля ў гульні?
— Я нападаючы.
— Цябе лічаць адным з лідэраў у камандзе…
— Я не лічу сябе такім. Кожны ігрок – лідэр. Усё ў гульні залежыць ад каманды, яе згуртаванасці.
— У цябе ёсць асабісты рэкорд?
— Напэўна, сёлета… — Аляксандр задумаўся, — 25-26 галоў. Я спецыяльна ніколі не лічыў.
— Па якіх крытэрыях ты ацэньваеш выніковасць сваёй гульні?
— Па тым, ці дасягнула сваёй мэты каманда.
— Чаго не хапіла вашай камандзе для таго, каб перамагчы 2 жніўня, калі вы сустракаліся з футбалістамі з Брэста?
— Удачы. І крыху дысцыплінаванасці. Ну і, напэўна, адбілася тое, што некаторых юнакоў, добрых ігракоў, забралі ў армію.
— А хто ты па адукацыі? Дзе працуеш?
— Я – тэхнік-механік, працую ў ПМК-20 вадзіцелем. Пакуль мяне гэта задавальняе. Магчыма, з часам мае погляды зменяцца.
— Аляксандр, у пачатку размовы ты выдзеліў футбол, як адно з самых любімых захапленняў. Чым захапляешся яшчэ?
— Машынамі. Люблю ездзіць.
— Нядаўна прайшоў чэмпіянат свету па футболу. За каго хварэў?
— За зборную Партугаліі. Калі ў чэмпіянаце не ўдзельнічаюць краіны, суседзі Беларусі, заўсёды хварэю за партугальцаў.
— Гульня любімай каманды не расчаравала?
— Расчаравала. У пачатку сустрэчы партугальцы паказалі сябе майстрамі футбола. А потым… Я думаў, што яны намнога мацнейшыя.
— Ігрок-фаварыт?
— Пауль Фігара, Пол Скоулз з каманды “Манчэстэр Юнайтэд”.
— Многія зоркі футбола засталіся за бортам, не змаглі прыняць удзел у чэмпіянаце. Як ты думаеш, гэта сур’ёзна адбілася на выніку гульняў?
— У складзе каманды Партугаліі не адбылося сур’ёзных змяненняў. Таму асабліва не паўплывала. Іспанія – гэта машына.
— …Англія?
— Зборнай Англіі не пашанцавала больш у іншым. Я пра памылкі суддзяў, якія дапускаліся ў чэмпіянаце. Але ўсё роўна ігракі былі малайцамі. Яны паказалі цудоўную гульню.
— Апошняе пытанне. Што дае змена каманды футбалісту ў прафесійным плане?
— Сказаць шчыра?
— Толькі шчыра.
— Калі як. Напрыклад, Аршавін, пе­райшоўшы з каманды “Зеніт” у каманду “Арсенал”, раскрыўся як футбаліст. Бывае і наадварот.
— Дзякую, Аляксандр, за інтэрв’ю, поспехаў табе і ў жыцці, і ў футболе!
— Дзякую.
Інтэрв’ю ўзяла Хрысціна АЛЕСІК.
НА ЗДЫМКУ: лепшы ігрок каманды “ПМК-20-Маларыта”, лепшы бамбардзір сезона-2010 Аляксандр ГАЛАВАЧ.

Добавить комментарий


gas-energy.com.ua

источник chemtest.com.ua

https://best-mining.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!