Будавалі, марылі, жылі

У сакавіку 1965 года была сфарміравана першая брыгада будаўнікоў, кіраваў якой брыгадзір М. Крэнь. І першым аб’ектам было насеннясховішча на 500 тон у в. Ланская. З яго і пачалі адлік будаўнічыя паверхі гісторыі арганізацыі.

У тыя гады ПМК-8 вяла маштабную меліярацыю ў раёне, асушвала тысячы гектараў балот, рэзка ўзраслі аб’ёмы вырошчвання зерневых і кармавых культур, што, у сваю чаргу, патрабавала будаўніцтва МТФ, цялятнікаў, зернясховішчаў, зернесушыльных комплексаў. І пачалося…
Першыя малочнатаварныя фермы на 400 галоў былі пабудаваны ў в. Ланская, Гвозніца, Галёўка. Потым пачалі ўзводзіць аб’екты сацыяльнай сферы – жыллё, Дамы культуры, школы, дзіцячыя садкі. Людзі працавалі з энтузіязмам. На рахунку прараба С. Лямачкі – МТФ у в. Галёўка, розныя аб’екты ў в. Збураж, пяціпавярховы інтэрнат у Маларыце. У в. Залессе мех­двор будавалі пад кіраўніцтвам прараба С. Кучарава. На яго рахунку – нямала аб’ектаў у в. Олтуш. Прараб П. Пракапук – адзін з тых, на чыім рахунку аб’ектаў не пералічыць. Гэта птушкаферма ў в. Арлянка, дзе брыгадзірамі працавалі Н. Ляўчук, І. Шаўчук, В. Дзібук, МТФ у вёсках Хмялёўка і Гвозніца, майстэрні, цялятнік, ферма на 800 галоў у в. Дворышча, такая ж ферма ў Лукаве і там жа мехдвор.
У той час амаль у кожнай брыгадзе працавалі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта былі людзі вельмі дысцыплінаваныя, паказвалі прыклад для моладзі. Іх ужо няма сярод нас, але аб’екты, пабудаваныя іх рукамі, яшчэ доўга будуць напамінаць пра стваральныя справы будаўнікоў.
З 1974 г. у ПМК-20 сталі ехаць па накіраванню маладыя спецыялісты. Гэта Т. Серада, якая адразу працавала майстрам, а калі набралася вопыту, яе перавялі на пасаду вядучага інжынера па працы і заработнай плаце, дзе працуе і цяпер. Так было і з маладым спецыялістам Н. Жлукта, якая была пераведзена на пасаду інжынера вытворча-тэхнічнага аддзела. Майстэрствам вызначаўся і выпускнік Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута У. Шутаў, калі ў Маларыце будавалі дзіцячы сад, дзе заказчыкам выступала райсельгастэхніка. Варта адзначыць яго старанную працу на ўзвядзенні будынку бібліятэкі ў Маларыце. Ён хутка набыў будаўнічы багаж. Таму было прынята рашэнне накіраваць Уладзіміра Аляксандравіча на будаўніцтва на конкурснай аснове паказальных аднакватэрных жылых дамоў у пасёлку “Жамчужны”, куды ён адправіўся з брыгадай вопытных работнікаў, якую ўзначальваў М. Ухаль. Там працавалі многія спецыялісты ПМК вобласці. Маларыцкія будаўнікі занялі трэцяе месца і атрымалі прыз – грузатаксі. А яшчэ ПМК-20 вызначылася на ўзвядзенні жылых дамоў у Гомельскай вобласці для перасяленцаў з забруджанай зоны. У першых радах працавалі ў паўтары змены брыгады І. Смаля і М. Кадуна.
ПМК-20 вяла і вядзе не толькі агульнабудаўнічыя, але і сантэхнічныя работы. Кіраваў гэтым участкам доўгі час М. Багнюк, яго падначаленыя выконвалі работы якасна і ў тэрмін.
Павялічваліся аб’ёмы выконваемых работ, рос патэнцыял ПМК, усё больш і больш складаныя работы па новых тэхналогіях даводзілася выконваць. Для гэтага неабходна было нарошчваць матэрыяльна-тэхнічную базу – набываць аўтакраны, аўтамашыны, будаваць пілараму, раствора-бетонны вузел. Быў асвоены выраб жалезабетонных аконных пераплётаў, што выкарыстоўваліся на будаўніцтве сельгасаб’ектаў. Будаўнікі павышалі кваліфікацыю, удзельнічалі ў конкурсах “Лепшы па прафесіі”. Цудоўныя спецыялісты працавалі ў падсобнай вытворчасці. Гэта сталяр І. Смаль, які перакрываў нормы ў 2 разы, слесар вышэйшай кваліфікацыі М. Хевук, цясляр І. Стырнік, які працаваў з 1970 года, вадзіцелі П. Арцімук, М. Каліна, трактарыст П. Тарабчук, машыніст аўтакрана Г. Пішчык.
Дзеля выканання аб’ёмаў работ, якія ўсё больш узрасталі, укаранення новых тэхналогій трэба было ўзброіцца тэхнічна, што і было зроблена. Гэта дало свае вынікі. Тады Маларыцкая ПМК-20 заваявала найбольшую колькасць узнагарод як у раёне, так і ў вобласці. Займала першыя месцы ў спаборніцтве па выкананні аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ. А ў 1985 годзе ПМК-20 быў прысуджаны усесаюзны пераходны Чырвоны Сцяг за лепшую якасць, высокую прадукцыйнасць, аб’ёмы работ. Гэта была вельмі высокая ацэнка працы калектыву.
У 1970 годзе многіх работнікаў арганізацыі ўзнагародзілі ордэнамі і медалямі.
Асобна хацелася б адзначыць стыль работы кіраўнікоў хаціслаўскай і олтушскай гаспадарак, якія выступілі заказчыкамі аб’ектаў у ПМК-20. Леанід Ляонаў добра ведаў, што і колькі трэба будаваць. Ён смела браў крэдыты і будаваў вытворчыя аб’екты. “Ёсць памяшканні – будзе і прадукцыя”, — лічыў ён. ПМК-20 у гэтай гаспадарцы будавала ўсё: фермы, адкормачнікі, мехдвор з майстэрняй на 2 балкі, гаражы, агрэгат вітаміннай мукі, КЗС, зернясховішча, кармацэхі і г.д. Леанід Іванавіч добра разумеў, што людзям трэба жыллё і аб’екты сацыяльнай сферы. Былі пабудаваны дамы, дзіцячы сад, гандлёвы цэнтр з магазінам, сталовай, КБА, Дом культуры, кацельная, стадыён, добраўпарадкаваная плошча. Тады яшчэ не было такога паняцця, як аграгарадок. Па сутнасці, у Хаціславе ён з’явіўся на дзесяцігоддзі раней прыняцця праграмы будаўніцтва аграгарадкоў, дзякуючы дальнабачнасці Леаніда Ляонава. Тое ж самае можна сказаць і пра олтушскую гаспадарку, якую шмат гадоў узначальваў Пётр Яцура.
У дзевяностыя гады да ПМК-20 была далучана ПМК-98. З гэтага часу ўзрасла колькасць аб’ектаў, будуемых у Маларыце. Прараб Е. Лук’янчук кіраваў узвядзеннем паліклінікі, школы, вельмі складаным аб’ектам – будаўніцтвам ачышчальных збудаванняў і гарадскіх каналізацыйных сетак. Нялёгка пералічыць аб’екты, што на рахунку прараба П. Пальчука. У 1994 годзе прыступіў да работы на пасадзе начальніка ПМК-20 Валерый Масюк, адукаваны і таленавіты інжынер-будаўнік. Ён смела браў для будаўніцтва аб’екты не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Па аб’ёму выконваемых работ (у той час у арганізацыі працавалі больш за 500 чалавек) вывеў ПМК-20 на пазіцыі лідара ў вобласці.
На працягу існавання ПМК-20 забяспечвала сваіх работнікаў жыллём. У 1979 годзе пабудаваны 57-кватэрны, у 1991 г. – 8-кватэрны, 60-кватэрны жылыя дамы. Перабудаваны інтэрнат, дзе зноў жа атрымалі кватэры работнікі ПМК-20.
Напярэдадні юбілею хацелася б успомніць некаторых сваіх паплечнікаў, якія не адзін дзясятак гадоў аддалі самай мірнай пра­фесіі – будаўніка. Гэта інжынеры В.Алесіюк, А.Зборын, В.Марашчук, эканамісты А.Сыч, Н.Пракапук, галоўныя бухгалтары Н.Крэнь, Г.Баліцэвіч, загадчыца аддзела кадраў Н.Мельнікава, загадчыца аддзела па зарплаце Н.Сухадольская, былы намеснік начальніка Л.Грачоў, начальнік аддзела кадраў Т.Габрыльчук, начальнік ВТА В.Кацюба, галоўны механік І.Радыванюк, былы начальнік ВТА У.Шах, прарабы А.Смаль, В.Кузьмін, Р.Сідарук, В.Пальчук, брыгадзіры В.Аўдзяюк, П.Меляшчук, Р.Пацяюк, Г.Цяліпка, В.Цяліпка, цясляр М.Міхайлаў, кранаўшчыкі В.Пацяюк, А.Саўчук, муляры В.Дзядзюк, Н.Семянюк, Н.Чагайда і многія іншыя.
З асалодай гляджу на справы рук будаўнікоў, дзе ёсць і частка маёй працы. Даўно я ўжо на пенсіі, але і цяпер усё будую, будую…
Уладзімір АНТОНАЎ, былы галоўны інжынер ПМК-20.
НА ЗДЫМКАХ: адміністрацыйны будынак ПМК-20; апошні новы жылы дом па вул. Савецкай (у раёне магазіна “Магніт”).
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 18.03.2015 г.

Добавить комментарий


chemtest.com.ua/

купить аккумулятор в Ирпене

maxformer.com/forklifts-and-electric-trucks
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!