Прыемна здзівілі супрацоўнікі міліцыі

Штодзень вакол адбываецца мноства розных падзей. Адны тычацца нас, другія – ускосна, а трэція — зусім не. Сярод іх ёсць і такія, што глыбока западаюць у душу, пра іх памятаеш доўгі час. Карэспандэнт рэдакцыі пацікавіўся ў маларытчан: “Якая падзея, што адбылася ў раёне ў апошні час, прымусіла вас задумацца, узважыць, параўнаць, прааналізаваць, супаставіць?”

Вера Богуш:
— Мяне ўразіла выстава фотаздымкаў з калекцыі мясцовага краязнаўцы Валерыя Савасціёнка «Маларытчына: фотаздымкі мінулых гадоў». Яна нядаўна экспанавалася ў чытальнай зале раённай бібліятэкі і была прымеркавана да 75-годдзя з дня ўтварэння Маларыцкага раёна. Фотаздымкі для зручнасці былі згрупаваны па раздзелах. Я быццам бы судакранулася з часам сваёй маладосці. Сабраныя чорна-белыя фотакарткі нібы вярнулі з небыцця многія імгненні з таго, што давялося ўбачыць на свае вочы, перажыць, пераасэнсаваць. Успомніла сваё дзяцінства, сяброў, горад, які стаў дарагім майму сэрцу назаўсёды. Вялікі дзякуй Валерыю Антонавічу за справу, якую ён робіць!
Марыя Ішчанка:
— Я ў захапленні ад выступлення на сцэне гарадскога Дома культуры Ларысы Грыбалёвай. Яна папулярная не толькі ў нашай краіне… Узлёт Ларысы Грыбалёвай, як спявачкі, пачаўся ў 1994 годзе, калі не вядомая нікому студэнтка Віцебскага педагагічнага інстытута стала пераможцай конкурсаў эстраднай песні “Студэнцкая вясна” і “Маладзечна-94”. З гэтага часу і сачу за яе творчасцю, з’яўляюся прыхільнікам таленту гэтай артысткі і вядучай. Мне вельмі падабаецца манера паводзін Ларысы Грыбалёвай на сцэне. Кранае яе прыемны голас. Яна спявае так чыста і прыгожа, як ніхто іншы з беларускіх выканаўцаў. Судакранулася з сапраўдным мастацтвам і атрымала ад гэтага сапраўднае задавальненне.
Галіна Янчук:
— Жыву ў Брэсце. 8 сакавіка па справах давялося паехаць у Маларыту. Я сама была за рулём аўтамабіля. На вуліцы Савецкая, насупраць будынка райаддзела ўнутраных спраў, мяне спыніў супрацоўнік ДАІ. Але праверка дакументаў, як аказалася, — гэта толькі падстава, каб спыніць аўтамабіль. Пасля праверкі неабходных дакументаў супрацоўнік ДАІ разам з Эдуардам Паўлавым, намеснікам начальніка райаддзела міліцыі, павіншаваў мяне са святам 8 Сакавіка, пажадаў добрай дарогі. Затым мужчыны-міліцыянеры ўручылі яшчэ і букет цюльпанаў. Прыемна, што звыклыя атрыбуты інспектараў дарожна-патрульнай службы — паласатыя жэзлы — у святочны дзень замянілі… на кветкі. Цудоўны настрой ад гэтага, напэўна, захаваецца на доўгі час.
Іван Сяльчук:
— Мяне прымусіў задумацца невялічкі артыкул у раённай газеце. Маларытчанка Наталля Краўцова ў ім расказвала пра Ілью Дзем’янца, вучня 10 “А” класа раённай гімназіі, і яго сябра. Юнакі ў складанай сітуацыі прыйшлі на дапамогу жанчыне, якая атрымала траўму нагі. Хлопцы выклікалі “хуткую”. Быццам бы нязначны факт, але ён раскрывае добрую душу юнакоў, іх жаданне прыйсці на дапамогу таму, каму яна тэрмінова патрэбна. Моладзь наша ўсё ж здатная на высакародныя ўчынкі!
Віктар Мірчук:
— У маёй душы глыбокі след пакінуў апошні канцэрт у гарадскім Доме культуры, які вяла Вольга Табачкоўская. Што хочацца сказаць пра яе?.. Таленавіты, самабытны, светлы чалавек, творца, майстар сцэны. Адна яе прысутнасць ужо стварае святочны, прыўзняты настрой. Імкнуся бываць практычна на ўсіх канцэртах, іншых мерапрыемствах, дзе Вольга Паўлаўна з’яўляецца вядучай. Зачароўвае яе ўсмешка, тэмбр голасу. Не часта цяпер можна сустрэць такіх людзей.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: акцыя супрацоўнікаў райаддзела міліцыі ў Дзень жанчын.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 18.03.2015 г.

Добавить комментарий


www.designedby3d.com/product-category/overwatch/

отделочные работы киев
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!