“ЛЮБАЯ СУСТРЭЧА КАРЫСНАЯ…”

У рамках адзінага Дня інфармавання ў мінулы чацвер раён наведаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта РБ Ігар Бузоўскі. У складзе інфармацыйна-прапагандысцкай групы былі намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр Мурашкін. Члены ІПГ сустрэліся з актывам раёна ў райвыканкаме, а таксама з калектывам СЗАТ “КварцМелПрам”. Размова вялася пра маладзёжную палітыку, падтрымку маладых сямей.

Ёсць такая фраза: “Што маем — не захоўваем, калі згубім – плачам”. Яна цяпер, калі ў нашай краіне многае зроблена для шчаслівага і спакойнага жыцця, для далейшага развіцця краіны, павінна быць пераасэнсавана, асабліва, калі паглядзець на падзеі, што адбываюцца ў суседняй Украіне.
— Задача ўсіх нас – захаваць асновы, якія дапамагаюць жыць у міры і спакоі, развівацца. Моладзь павінна быць удзячна людзям старэйшага пакалення за тое, што яна сёння мае. Не дай Бог, каб каштоўнасці, заваяваныя Вялікай Перамогай, былі пера­асэнсаваны, як гэта спрабуюць рабіць у суседняй краіне. Нам не патрэбна іншая гісторыя, нельга падвяргаць сумненню тое, што было заваявана старэйшым пакаленнем, адвяргаць усё, што пазітыўнае, — падкрэсліваў Ігар Бузоўскі.
Гаворачы пра рэалізацыю маладзёжнай палітыкі, Ігар Іванавіч называў галоўныя крытэрыі яе. Гэта падтрымка студэнтаў, прадастаўленне ім першага рабочага месца, сацыяльная падтрымка маладых сямей у рамках будаўніцтва жылля (крэдытаванне, субсідыі), вучэбны і выхаўчы працэсы, эфектыўна арганізаваная работа з моладдзю, якая ўцягнута ў грамадскія арганізацыі. Жыццё паказала ўжо, што гэтыя рэсурсы спрацоўваюць – у краіне адзначаецца рост нараджальнасці.
Як яны спрацоўваюць на канкрэтным прадпрыемстве – “КварцМелПраме”, Ігар Бузоўскі высвятляў у адкрытым дыялогу з яго работнікамі. Сёння на прадпрыемстве працуюць 513 чалавек, з якіх 184 – людзі ва ўзросце да 30 гадоў. Рабочыя месцы тут атрымалі 50 учарашніх студэнтаў-выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў краіны. У тым ліку 6 у мінулым годзе. З мэтай камерцыйных інтарэсаў прадпрыемства рыхтуе, што называецца, штучны тавар – вучыць за свой кошт яшчэ 16 студэнтаў. На “КварцМелПраме” стапрацэнтна вырашана жыллёвая праблема – адзінокія жывуць у аднапакаёвых кватэрах, сямейным прадастаўлены двухпакаёвыя. Прадпрыемства працуе ў 2 змены поўны рабочы тыдзень. Сярэдняя зарплата ў студзені 2015 г. склала 5 мільёнаў рублёў. Вырашаюцца праблемы адпачынку: прафсаюзная арганізацыя выдзяляе жадаючым абанементы на наведванне плавальнага басейна ў райцэнтры. На пытанне “Якія ёсць праблемы, што датычацца жыцця прадпрыемства?” Ігар Іванавіч адказаў не пачуў. А вось тое, што не датычыцца канкрэтна дзейнасці завода і хвалюе мясцовых жыхароў, яны агучылі. Работнікі прасілі пасадзейнічаць у будаўніцтве аб’язной дарогі працягласцю каля 4 кіламетраў, каб 40-тонныя грузавікі з прадукцыяй “КварцМелПрама” не ездзілі праз Хаціслаў, не стваралі аварыйныя сітуацыі; і адкрыць спрошчаныя пункты пропуску ў аўтамабільным рэжыме (цяпер яны працуюць толькі ў пешаходным рэжыме) хаця б у выхадныя і святочныя дні. Пытанні гэтыя ўзяты на заметку і будуць пад кантролем.
Цікава было намесніку кіраўніка Адміністрацыі пазнаёміцца з новым сучасным прадпрыемствам, што ён зрабіў у суправаджэнні дырэктара “КварцМелПрама” Віктара Андрыеўскага.
Сваімі ўражаннямі Ігар Бузоўскі падзяліўся з журналістамі. Па-першае, ён быў прыемна здзіўлены чысцінёй гарадскіх вуліц, адзначыўшы, што гэта вынік старанняў не толькі работнікаў камунальнай службы, але і тых, хто тут пастаянна пражывае і падтрымлівае парадак.
Што датычыцца сустрэчы на “Кварц­МелПраме”, то яна паказала ў адкрытым дыялогу, што ўзаемаадносіны ІТР і рабочых будуюцца так, каб усе праблемы вырашаліся і не было нейкіх балявых момантаў.
— Любая падобная сустрэча – гэта пэўная інфармацыя, якая дазваляе зрабіць нейкія вывады, — падкрэсліў Ігар Бузоўскі. — А значыць, яна карысная.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Ігар БУЗОЎСКІ ў час сустрэч у райвыканкаме і на СЗАТ “Кварц­МелПрам”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 25.03.2015 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!