Карункі добрага настрою

… Дзесяцігадовая Марыя з зачараваннем сачыла за тым, як яе суседка Феня ўмела вывязвала шыдэлкам карункавы ўзор. Слупок, накід, яшчэ слупок — і да прыгожага вязанага кружка дабаўляўся новы радок…

Запомніўшы ўбачанае, дзяўчынка бегла хутчэй дадому, брала ніткі, шыдэлак і пачынала вязаць. Здаецца, адзін у адзін паўтарала кожны рух суседкі, але шыдэлак не слухаўся, рукі былі нязграбнымі і выпускалі нітку, узор атрымліваўся не такі, як трэба. Марыя зноў знаходзіла момант наведацца да суседкі. І зноў моўчкі назірала за работай, але так і не адважвалася распытаць, як трэба правільна вязаць сурвэтку. А таму ў юнай рукадзельніцы было яшчэ нямала няўдалых спроб, пакуль, нарэшце, яна скеміла, як трэба вязаць. З таго часу шыдэлак стаў для Марыі Мікалаеўны Косік пастаянным спадарожнікам кожнай вольнай хвілінкі. Ёй не трэба было шукаць недзе мудрагелістыя ўзоры. Убачыць майстрыха, калі глядзіць тэлевізар, накінуты на плечы нейкай тэлезоркі шаль, і тут жа паўторыць узор з дапамогай шыдэлка і нітак.
— Колькі шарфоў і шаляў звязала, нават сама не пералічу. І ўнучкам, і пляменніцам. Прыязджаюць госці, трэба нешта падарыць. Вось і вяжу, каб насілі і ўспаміналі мяне, – расказвае Марыя Мікалаеўна.
Сярод вывязаных ёю вырабаў ёсць, можна сказаць, унікальныя. Адзін з такіх – звязаны шыдэлкам парасон. Саму ідэю карункавага парасона падказала Марыі Мікалаеўне яе пляменніца Святлана, якая захапляецца фатаграфаваннем. Марыя Мікалаеўна не доўга думаючы стварыла сапраўдны шэдэўр – дзіўнае ўпрыгожанне любога фотаздымка. Звязаныя кофты, сучасныя балеро і камізэлькі для ўнучак, шалі, карункі, сурвэткі не ляжаць непатрэбным грузам на паліцах ў шафе, а радуюць і саму рукадзельніцу, і яе блізкіх людзей.
Увогуле ў доме Марыі Мікалаеўны шмат прыгожых рэчаў, бо гаспадыня ўмее не толькі вязаць, але і вышываць гладдзю і крыжыкам, а раней яшчэ і ткала. Ткацтву і вышыўцы навучылася яна ад маці. Ды і як не навучыцца, калі для кожнай дзяўчыны рукадзелле было ў гады яе маладосці першай справай. На вячорках, успамінае Марыя Мікалаеўна, сабраўшыся ра­зам, сяброўкі здзіўлялі адна адну сваім умельствам. У доме Марыі Мікалаеўны і да гэтага часу захаваліся ручнікі, якія былі вышыты на такіх дзявочніках. А разам з імі складзены роўненькім стосікам і тыя ручнікі, якія падрыхтавала яна за апошнія гады ўжо для ўнучак. Іх дастае Марыя Мікалаеўна з шафы і, каб паказаць нам, раскладвае на канапе. І вось ужо пакой патанае ў кветках – ружах, маках, васільках. На кожным ручніку свой яркі, непаўторны букет, ад якога вачэй не ада­рваць. У дом, здаецца, прыйшло свята.
— Без вышыўкі ці вязання я не магу ні дня пражыць. Вось учора ручнік давышывала, а сёння ўжо сумую без справы. Адшукала новы ўзор для шаля. Напэўна, не адкладваючы, і пачну вязаць, — дзеліцца думкамі Марыя Мікалаеўна.
Ёсць у яе ўжо узор і для новага ручніка. Яго, прызнаецца майстрыха, прыглядзела яна на адной са сваіх хустачак.
— Вы паглядзіце на гэтыя кветкі на ручніку і вось на тую фіранку на акне. Вам яны не здаюцца падобнымі? – з усмешкай, інтрыгуючы, пытаецца Марыя Мікалаеўна.
Уважліва прыглядзеўшыся, разумею, што гэта адзін і той жа малюнак. А мая субяседніца дадае:
— Навошта ў часопісах узоры шукаць? Узоры побач з намі. Любы малюнак можна вышыць ніткамі. Трэба толькі ўмець заўважыць і хацець зрабіць сваімі рукамі прыгожую рэч.
Між іншым, рукі Марыі Мікалаеўны Косік добра ведаюць не толькі прылады рукадзелля. Ім, мазолістым, напрацаваным, добра знаёма розная работа. З 15 гадоў Марыя пачала працаваць на цагляным заводзе, потым ўладкавалася на ферму даяркай, набыла ветэрынарныя веды і шмат гадоў узначальвала калектыў фермы. І ў калгасе шчыравала, і дома заўжды вялікая гаспадарка была. З мужам, Сцяпанам Міхайлавічам, які таксама чалавек майстравіты, умее розныя карысныя рэчы сваімі рукамі зрабіць, Марыя Мікалаеўна разам ужо без малога 50 гадоў. У сям’і выраслі двое сыноў і дачка, радуюць шасцёра ўнукаў. У гаспадароў і цяпер, хоць яны ўжо даўно на пенсіі, немалая гаспадарка. Калі выпадае пасвіць карову, з сабою на пашу Марыя Мікалаеўна заўжды бярэ ніткі і шыдэлак. За любімай справай хутка пралятае час. Закончыць выраб, палюбуецца… і за новы прымаецца.
Святлана МАКСІМУК.
в. Збураж.
НА ЗДЫМКУ: Марыя Косік са сваімі дзіўнымі вырабамі.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 28.03.2015 г.

Добавить комментарий


http://artma.net.ua

кухни на заказ цены
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!