Чыстая субота ў Асавой

“Захацелася дапамагчы людзям», — так растлумачыў ініцыятыву прыняць удзел у добраўпарадкаванні вёскі Асавая, што ў Макранскім сельсавеце, начальнік абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Канстанцін Шаршуновіч.
А дапамагаць было ў чым. Вёска Асавая — адна з тых, дзе ў асноўным жывуць людзі састарэлыя. Скажам, у 30 дамах, дзе яшчэ цепліцца жыццё, толькі 5 чалавек працаздольнага ўзросту. Таму ім, вядома ж, не пад сілу навесці ў вёсцы патрэбны парадак. І не толькі ў плане чысціні. Шмат у Асавой старых аварыйных дрэў, да ўсяго пасля выхаду Указа Прэзідэнта нашай рэспублікі аб навядзенні парадку з пустымі дамамі тут было разабрана 22 дамы, пасля чаго засталося шмат будаўнічага смецця і інш. Таму ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях нездарма запланавалі ў рамках месячніка добра­ўпарадкаваць гэтую вёску. Ініцыятыву кіраўніцтва райаддзела МНС ахвотна падтрымалі ў абласным упраўленні, асабіста сам начальнік Канстанцін Шаршуновіч. І вось у мінулую суботу 25 супрацоўнікаў упраўлення МНС разам з начальнікам адклалі ўсе асабістыя справы і ў выхадны дзень паехалі ў Асавую.
…Некалькі хвілін на пастраенне, Канстанцін Яўгенавіч яшчэ раз тлумачыць задачы і дае каманду: “За работу, мужыкі!” І выратавальнікі ўзяліся за справу. Нехта, дастаўшы бензапілу, прыступіў да спілоўвання старых дрэў, нехта сякерай высякаў хмызнякі, нехта зграбаў будаўнічае смецце, што засталося ад разабраных дамоў, каб затым пагрузіць яго і вывезці, нехта грузіў на машыну зрэзаныя галіны дрэў.
Работа кіпела цэлы дзень, нягледзячы на не зусім спрыяльнае надвор’е. Было задзейнічана 5 адзінак вялікагрузнай тэхнікі ўпраў­лення МНС і 2 з мясцовай гаспадаркі. Убачыўшы ў вёсцы дужых маладых людзей, жыхары Асавой падыходзілі і прасілі: “Дапамажыце, сыночкі, спілаваць аварыйныя дрэвы ў двары ці высечы хмызнякі”. І супрацоўнікі МНС разумелі пажылых людзей. Між ін­шым, на добраўпарадкаванні Асавой працавалі не толькі супрацоўнікі абласнога ўпраўлення МНС, але і раённага на чале з начальнікам Мікалаем Дубачам.
Старшыня Макранскага сельвыканкама Барыс Самасюк, з якім мы гутарылі па тэлефоне на наступны дзень, удакладняў, што ў час суботніка выратавальнікі спілавалі 8 аварыйных дрэў, якім ад 30 да 50 гадоў, высеклі хмызнякі на 7 участках пустых дамоў, што былі знесены, вывезлі смецце з 5 участкаў.
Пацікавілася ў Барыса Раманавіча, колькі грошай давялося б затраціць на ўсе гэтыя работы? Ён удакладніў, што толькі на спілоўванне старых аварыйных дрэў спатрэбілася б каля 60 мільёнаў рублёў.
— Няма у нас, вядома ж, такіх грошай, таму шчыра ўдзячны і кіраўніцтву райаддзела, і абласнога ўпраўлення МНС, і ўсім супрацоў­нікам за аказаную дапамогу.
Дарэчы, не з усім вызначаным аб’ё­мам работ змаглі спра­віцца за дзень вырата­валь­нікі. Таму паабяцалі, што выкраяць яшчэ адзін выхадны дзень, каб закончыць работы ў вёсцы.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: у час суботніка ў Асавой.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 4.04.2015 г.

Добавить комментарий


http://medicaments-24.net

coleman extreme cooler
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!