Захавальнікі памяці

Пад старшынствам Пятра Губея прайшло першае сёлета выязное пасяджэнне прэзідыума райсавета дэпутатаў, дзе былі разгледжаны пытанні “Аб мерах, што прымаюцца па захаванні і добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў і помнікаў загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Аб ролі школьных музеяў устаноў адукацыі раёна ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні маладога пакалення” і інш.
Для таго, каб размова атрымалася больш змястоўнай і канкрэтнай, удзельнікі пасяджэння наведалі музеі ў гарадской сярэдняй школе № 2, Мельніцкай і Лукаўскай школах, пабывалі ў памятных месцах, ля помнікаў і абеліскаў, устаноўленых у гонар тых, хто загінуў, на тэрыторыі Хаціслаўскага, Макранскага і Лукаўскага сельсаветаў.
Трэба адзначыць, што ўражанні засталіся вельмі і вельмі добрыя. Асабліва пасля наведвання славутых месцаў у Хаціслаўскім сельсавеце. Адчувалася, што тут з году ў год перадаецца добрая традыцыя падтрымліваць у чысціні і парадку такія месцы, рабіць усё, каб сюды ніколі не зарастала народная сцяжынка. Курган Славы, дзе перазахаваны астанкі загінуўшых воінаў 75-й стралковай дывізіі, помнік “Тужлівая маці”, устаноўлены ў гонар мірных жыхароў, якія сталі ахвярамі ліхадзействаў фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны… Тут абавязкова хочацца спыніцца…
Удзельнікі пасяджэння зрабілі таксама экскурсію па аграгарадку “Хаціслаўскі”. І зноў жа былі ў захапленні ад убачанага: амаль на кожным прысядзібным участку вяскоўцаў пануюць чысціня і парадак.
— Кожны з нашых жыхароў узяў за правіла, — удакладняў старшыня сельвыканкамка Уладзімір Смаль, — утрымліваць дваровую тэрыторыю, тэрыторыі ля сацыяльна-культурных устаноў ва ўзорным стане.
А добры прыклад тут паказваюць, акрамя многіх іншых, і сам старшыня сельвыканкама, і настаяцель мясцовай царквы айцец Пётр. Зіхаціць тэрыторыя і ля яго дома, і ля храма, пастаянны парадак і на могілках, у навядзенні якога прымае ўдзел і бацюшка.
І хоць у музеі Мельніцкай школы многія былі не ўпершыню, экскурсія па ім, якую правёў Пётр Іванавіч Ківачук, зноў жа вельмі і вельмі ўразіла. Пётр Іванавіч расказаў пра многія факты, што дагэтуль былі невядомыя. У ходзе пошукавай работы ўдалося высветліць, хто ў 1942 годзе ў Мельніках расстраляў 5 партызанскіх сямей і 19 дзяцей, самаму малому з якіх было ўсяго толькі 4 месяцы.
— Калі жыхарка Мельнікаў Ганна Камянчук падышла да магілы, — расказваў Пётр Іванавіч, — убачыла, што дзіця жывое, дыхае. Яна забрала яго і схавала дома ў скрыні ў каморы. Але нехта пра гэты факт паведаміў карнікам. Яны прыйшлі з вобыскам у хату да Ганны Камянчук, знайшлі дзіця. Жанчыну моцна збілі, а дзіця расстралялі. Людзі затым здзіўляліся, чаму карнікі так добра размаўлялі на рускай мове. Можна здагадацца, хто быў у ролі карнікаў…
Пётр Іванавіч не раз праводзіў даследаван­ні і па іншых раней невядомых фактах ваенных дзеянняў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Такім чынам удалося ўстанавіць месцазнаходжанне нямецкіх могілак на тэрыторыі в. Мельнікі.
— Нельга не ацаніць пошукавую работу кіраўніка музея і па выяўленні месцаў захавання былых воінаў, што дапамагло арганізаваць перазахаванне астанкаў невядомага байца на месцы Кургана Славы, што ў Хаціславе, — гаварыла, калі выступала, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Горбік. — Дзякуючы пошукавай дзейнасці быў знойдзены ў пясчаным кар’еры ордэн Чырвонай Зоркі. Нумар ордэна, які добра захаваўся, дазволіў праз архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ў г. Падольску Маскоўскай вобласці ўстанавіць героя-ўладальніка.
У музеі асабліва ўражваюць вельмі каштоўныя рэліквіі: салдацкія пісьмы, прадметы ваеннага часу, картка на хлеб, што выдавалася ў блакадным Ленінградзе, копіі газетных артыкулаў і інш.
Шмат цікавых матэрыялаў змяшчаецца і ў музеі другой гарадской школы. Кіраўнік яго Людміла Канстанцінаўна Ярмашук, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, малады і энергічны педагог годна працягвае традыцыі сваіх папярэднікаў. У музеі рэгулярна распрацоўваюцца і прадстаўляюцца наведвальнікам новыя выставы, матэрыялы, прысвечаныя мінуламу Маларытчыны, праводзяцца сустрэчы з ветэранамі.
Чалавек, улюбёны ў сваю прафесію і родную зямлю, гісторык па адукацыі, кіраўнік музейнага кутка ў Лукаўскай сярэдняй школе Мікалай Васільевіч Баліцэвіч здолеў “улюбіць” у пошукавую справу вялікую колькасць вучняў і педагогаў. Настаўнік цесна супрацоўнічае з абласным і рэспубліканскімі музеямі, таму ў музейным кутку ёсць каштоўныя матэрыялы па гісторыі Маларытчыны і ваенных падзеях, гісторыі школы, Лукава.
Трэба сказаць , што і ў Мельніцкай, і ў другой гарадской школах музеі размяшчаюцца ў невялікіх па памерах пакоях, а ў Лукаўскай школе дык наогул музейны куток размешчаны на калідоры. Але не ў гэтым справа. Куды больш важна, якую вялікую работу яны праводзяць, якую карысць даюць.
І пакуль будуць сярод нас такія фанаты ў добрым сэнсе гэтага слова, як Пётр Іванавіч Ківачук, Мікалай Васільевіч Баліцэвіч, Людміла Канстанцінаўна Ярмашук, іншыя, хто гарыць шчырым жаданнем як мага больш глыбока вывучыць свой край, выкарыстоўвае для гэтага любую магчымасць і, не лічачыся з асабістым часам, не разлічваючы на матэрыяльнае ўзнагароджанне, працуе, працуе і працуе, музеі, створаныя імі, будуць выконваць і сваю галоўную ролю — захоўваць памяць аб мінулым, знаёміць з ім новыя і новыя пакаленні, выхоўваць іх на добрых прыкладах продкаў.
Калі ж гаварыць пра помнікі, абеліскі і памятныя месцы, то, зразумела, што многія з іх трэба рэканструяваць, рамантаваць, бо ўзводзіліся яны не ўчора і не пазаўчора, а шмат гадоў таму назад.
Між іншым, як адзначаў у час свайго выступлення начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Андрэй Гарбацэвіч, летась на рамонт і добраўпарадкаванне помнікаў з мясцовага бюджэту было выкарыстана 39,5 мільёна рублёў. У тым ліку ўстаноўлены новы помнік на магіле ахвяр фашызму сям’і Мацерукоў у Чарнянскім сельсавеце, праведзена рэканструкцыя памятнага знака на месцы бою партызан у в. Радзеж , на старых гарадскіх могілках устаноўлена мемарыяльная дошка з указаннем прозвішчаў партыйных работнікаў, якія загінулі ў 1946-1950 гадах ад рук ворагаў савецкай улады, і інш.
Рашэннем райвыканкама ад 12.12.2012г. №1394 распрацаваны і зацверджаны мерапрыемствы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Маларыцкага раёна на 2013-2016 гады.
А ў рашэнні, якое было прынята членамі прэзідыума райсавета дэпутатаў, аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі было даручана працягваць работу па кантролі над станам воінскіх захаванняў і помнікаў загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, уласнікам, на тэрыторыі якіх знаходзяцца гэтыя памятныя месцы, — узмацніць работу і своечасова правесці рамонты ў тэрмін да 1 мая гэтага года.
Па ўсіх астатніх пытаннях, што разглядаліся, таксама былі прынята адпаведныя рашэнні.
На пасяджэнні прэзідыума райсавета дэпутатаў прысутнічаў і выступіў старшыня райсавета ветэранаў Уладзімір Бойка.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: у час наведвання памятных месцаў у Хаціслаўскім сельсавеце.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 4.04.2015 г.

Добавить комментарий


заказать воду белая церковь
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!