Лынды не білі, а сувеніры рабілі…

Майстрамі-ўмельцамі не нараджаюцца. Імі становяцца. Важна толькі, каб справа зацікавіла. Вось і стараюцца ў дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці знаёміць навучэнцаў з цікавымі людзьмі, ад якіх можна пераняць вопыт умельства. На чарговую сустрэчу да юнакоў прыйшоў майстар разьбы па дрэву, жыхар вёскі Замшаны Іван Міхайлавіч Карабейка. Майстар-клас, які правёў самабытны ўмелец-лыжачнік, выклікаў у маладых лю­дзей непадробную цікавасць.
Пачынаючы “ўрок майстэрства”, Іван Міхайлавіч расказваў, што розныя вырабы з дрэва падабаліся яму з дзіцячых гадоў. Калі з маці заходзіў у магазін, дзе прадаваліся сувеніры, падоўгу затрымліваўся ля вітрын. Але сам упершыню ўзяў у рукі кавалак дрэва і стамеску толькі ў час службы ў арміі. Паступова ўмельства перайшло ў прафесію. У брыгадзе такіх жа, як сам, аматараў разьбы па дрэву ён шмат гадоў працаваў над афармленнем гульнявых пляцовак дзіцячых садоў, стварэннем скульптурных кампазіцый у розных гарадах вобласці. А вось сувеніры з дрэва пачаў рабіць пазней, калі выйшаў на пенсію і з Астрамечава пераехаў у бацькоўскі дом у вёску Замшаны.
Каб паказаць, якія дзіўныя вырабы могуць атрымацца са звычайнага палена, на сустрэчу Іван Міхайлавіч прынёс шмат сваіх вырабаў. Лыжкі з мудрагелістымі разнымі ручкамі, прыгожыя ладдзі, вазы, іншыя сувеніры навучэнцы маглі не толькі пабачыць, але і патрымаць у сваіх руках.
І, вядома, у юнакоў было да майстра шмат пытанняў і пра від дрэва, з якога можна рабіць вырабы, і пра інструменты, патрэбныя ў рабоце.
Праца рэзчыка па дрэву пачынаецца, як расказваў Іван Міхайлавіч, з выбару матэрыялу. Лепш за ўсё драўляныя сувеніры рабіць з ліпы, можна выкарыстоўваць асіну. А сам Іван Міхайлавіч любіць выразаць лыжкі з вольхі. Гэты від драўніны прываблівае майстра сваёй структурай. Паколькі абалонь у вольхі светлая, а сарцавіна цёмная, выраб атрымліваецца двух колераў, што само па сабе ўжо цікава. Самым неабходным інструментам рэзчыка лічыць Іван Міхайлавіч сякеру. Менавіта з работы сякерай пачынаецца любы выраб. А потым ужо рознымі стамескамі надаецца патрэбная форма, выразаюцца ўзоры. З зачараваннем разглядалі навучэнцы лыжкі, звязаныя паміж сабой суцэльным драўляным ланцугом. Паверыць не маглі юнакі, што ўвесь выраб атрымаўся з аднаго кавалку драўніны і кожнае звяно ланцужка выразалася паступова. Пазналі навучэнцы і шмат іншых сакрэтаў майстэрства. Даведаліся яны, напрыклад, што азначае рускі выраз “бить баклуши”. Патрымаць у руках «баклушу» (аснову для лыжкі, зробленую сякерай) змог кожны. Раней, як расказваў Іван Міхайлавіч, «баклуши» ў сям’і, дзе быў майстар, выразалі дзеці. Гэта была работа, якая не патрабавала асаблівага ўмельства. Сярод навучэнцаў знайшліся тыя, хто выказаў жаданне павучыцца цікаваму рамяству і паспрабаваць выразаць лыжку. Праўда, справа гэтая аказалася не з лёгкіх. Затое юнакі атрымалі першыя навыкі.
Увогуле навучыцца разьбе па дрэву, як пераконваў Іван Міхайлавіч, можа кожны. Для гэтага не патрэбна асаблівая навука. Дастаткова жадання і цярплівасці. Сам майстар гатовы дні і вечары праводзіць за любімай справай. Звычайную драўляную лыжку ён можа выразаць за гадзіну. А вось на лыжку з мудрагелістымі ўпрыгожваннямі часу ідзе значна больш. За зіму, расказваў Іван Міхайлавіч, ён зрабіў больш за 50 сувеніраў. Новыя ўзоры прыходзяць майстру ў сне. Калі сон ператвараецца ў рэальнасць, душа Івана Міхайлавіча, прызнаваўся ён, радуецца.
Сёння адраджэнню такога рамяства, як разьба, надаецца вялікая ўвага, бо гэта вяртанне народнага ўмельства. Ды і самі людзі, расказваў Іван Міхайлавіч, цікавяцца такімі вырабамі. Многія, да прыкладу, просяць майстра выразаць вялікую лыжку для таго, каб перамешваць варэнне, калі яго вараць. Бо такая лыжка экалагічна чыстая, зручная ў рабоце і амаль зусім не награваецца.Увогуле вырабы Івана Карабейкі ёсць і ў Германіі, і ў Польшчы, куды забралі іх сваякі майстра. Сам умелец са сваімі сувенірамі прымаў удзел у “Славянскім кірмашы”, у фестывалі “Пінскі карагод”, у абласным фестывалі “Дажынкі”, пабываў на выстаўцы ў Польшчы.
Майстар-клас зацікавіў юнакоў. Яны яшчэ доўга разглядвалі вырабы, задавалі пытанні і абменьваліся ўражаннямі, дзясяткі разоў паўтараючы слова “клас!”.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: майстар-клас па вырабу лыжак праводзіць умелец Іван Карабейка.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 4.04.2015 г.

Добавить комментарий


teplostar.kiev.ua

avtomaticheskij-poliv.kiev.ua

https://progressive.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!