70 чырвоных дубоў

На Маларытчыне акцыя “Тыдзень лесу-2015” прайшла актыўна. Маладых дрэўцаў сасны, бярозы, дуба пасаджана каля 20 тысяч. Ва ўсіх лясніцтвах з’явіліся новыя лясы, найбольш лясных культур высаджана ва Ужоўскім і Маларыцкім лясніцтвах. Удзел у акцыі прымалі работнікі лясных гаспадарак, вучні школ, прадстаўнікі таварыстваў выратавання на водах, паляўнічых і рыбаловаў, мясцовае насельніцтва. Дзякуючы іх старанням, вядома ж, Маларытчына стане яшчэ прыгажэйшай.

А завяршыўся тыдзень лесу ў мінулую суботу пасадкай у гарадскім парку алеі памяці ў гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі. Гэтыя работы былі ініцыіраваны раённай уладай і лясгасам. За рыдлёўкі і вёдры ўзяліся работнікі райвыканкама на чале са старшынёй Казімірам Лапічам, Маларыцкага лясгаса, прадстаўнікі сілавых структур, прафсаюзнай, маладзёжнай, ветеранскай арганізацый, раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Роўныя рады з 70 саджанцаў чырвонага дуба ля памятнага знака загінуўшым у гады вайны ўпрыгожылі цэнтральную тэрыторыю гарадскога парка.
— Гэта сімвалічна, што пасадзілі такія дрэвы. Дубы сімвалізуюць мужнасць і моц нашага народа, што выстаяў супраць ворага. А колькасць пасаджаных дубоў сімвалізуе сёлетні юбілей Перамогі. Алея не толькі ў памяць, але і для нашчадкаў, — сказаў Казімір Віктаравіч.
Можна было бачыць, з якой любоўю садзілі дрэўцы ўдзельнікі акцыі. Яна, несумненна, знайшла водгук у сэрцы кожнага. Бо няма ў нас такой сям’і, якую абышла б бокам гэтая крывавая і страшная вайна, калі ў Беларусі загінуў кожны трэці. Але менавіта дзякуючы нашым дзядам, прадзедам мы атрымалі права на мірнае жыццё. Асабіста для мяне Перамога – гэта памяць пра дзеда Афанасія Пракопавіча Шаўчука, які ваяваў і не дажыў да яе зусім мала – загінуў 5 сакавіка 1945 года…
Як сказаў галоўны ляснічы Маларыцкага лясгаса Мікалай Чыж, дубам гэтым расці 200 гадоў. Дык няхай шумяць лістотай яны толькі пад мірным небам!
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: акцыя знайшла водгук у сэрцах усіх удзельнікаў яе.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 8.04.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.