Ахвяр магло быць больш…

У самым цэнтры аграгарадка “Лукаўскі” знаходзіцца брацкая магіла, дзе пахаваны 12 мірных жыхароў і савецкі воін, якія ў ліпені 1942 года былі расстраляны фашыстамі. На магіле ўстаноўлены сціплы абеліск, на мемарыяльнай дошцы якога імёны загінуўшых.
Што ж здарылася ў той ліпеньскі дзень 1942 года?

Успамінае 89-гадовая жыхарка Лукава Вера Васільеўна Шышук:
— Мы жылі на хутары. Тады мне было 16 гадоў. У тую раніцу мой бацька Васіль Навумавіч Стасюк выйшаў на вуліцу і пачуў цыгарэтны пах. Ён зразумеў, што гэта ідуць немцы і будзе штосьці нядобрае. Адразу бацька пайшоў да свайго брата Назара, хутар якога быў непадалёку, і параіў яму хутчэй уцякаць, таму што брат да вайны быў актывістам сельскага Савета. Сам жа вярнуўся дамоў. Назар з жонкай Марыяй адразу пакінулі хутар. Бацька выгнаў з хлява кароў, авечак, сказаў мне і майму малодшаму брату Васілю, каб мы адагналі жывёлін ад хутара і глядзелі за імі. Мы паслухаліся. Я пасвіла кароў, а брат непадалёку — авечак. Неўзабаве я ўбачыла, што ад хутара ў наш бок ідзе мая маці Фядосся Цімафееўна, але яе аклікнуў бацька і яна вярнулася назад. Праз некаторы час на хутары з’явіліся немцы. Яны схапілі бацькоў і прывязалі вяроўкамі да машыны, якая накіравалася ў бок вёскі. Я бачыла, як прывязаныя бацькі беглі за машынай. Мой брат, які быў бліжэй да хутара, пабег за імі. Потым ён расказаў мне, што яму ўдалося дагнаць машыну, але немцы пачалі адганяць яго ад бацькоў, а калі ён не паслухаў, то адзін з немцаў некалькі разоў стукнуў яго з крыкам “кляйнэ швайн”. Пасля гэтага ён перастаў бегчы за машынай. Брат яшчэ бачыў, што калі бацькі зусім знясілелі і пападалі, машына цягнула іх на вяроўцы па дарозе. Потым я таксама пабегла ў вёску, але калі прыбегла, то жывымі сваіх бацькоў ужо не застала. Яны ляжалі тварам уніз з прастрэленымі ў патыліцы галовамі. Я павярнула маці тварам уверх, дастала хустку, што віднелася ў яе з-за пазухі, і павязала ёй на галаву. Побач ляжалі яшчэ некалькі расстраляных людзей.
За што былі забіты мае бацькі? З партызанамі ніякіх адносін у іх не было. Праўда, раней, калі стараста (солтыс) вёскі хацеў забраць у нас каня, то бацька сказаў яму: “Што мне без каня застаецца рабіць? Хіба што ісці ў лес?” Напэўна, гэта і з’явілася нагодай для жорсткай помсты.
У той дзень ад рук карнікаў загінулі Назар Астапавіч Чырук і амаль уся яго сям’я: жонка Марыя Георгіеўна і дзеці Кацярына, Сцяпан, Васіль, Андрэй і Мікалай, 19, 10, 7, 6, і 4 гадоў адпаведна. Фашысты прыйшлі на хутар, які знаходзіўся недалёка ад вёскі, і расстралялі сям’ю ў сваім двары. Выратавацца ўдалося толькі 13-гадовай Харытыне, якая паспела ўцячы і схавацца ў ляску непадалёку. Астанкі загінуўшых былі перанесены ў брацкую магілу ў вёсцы толькі ў 1961 годзе, калі на магіле быў устаноўлены абеліск.
Тады былі расстраляны таксама Васіль Савіч Чырук, Аляксей Тарасавіч Алесіюк, Наталля Іванаўна Алесіюк. Усе яны сталі нявіннымі ахвярамі фашыстаў.
Якаў Паўлоўскі, масквіч, быў савецкім воінам, які трапіў у палон да немцаў у пачатку вайны і з якога яму ўдалося ўцячы. Ён быў схоплены на адным з хутароў, дзе хаваўся ад немцаў, і расстраляны разам з мясцовымі жыхарамі.
Мікалай Іосіфавіч Максімук, жыхар Лукава (1932 года нараджэння), расказаў наступнае:
— Наша сям’я жыла на хутары Закарчага, што непадалёк ад вёскі Лукава. Мой бацька Іосіф Зосімавіч меў сувязь з партызанамі, якія часам наведвалі наш хутар. Напярэдадні надвячоркам бацька з сябрам Іванам Шышуком пайшлі на возера на рыбалку. У асноўным у сеткі траплялі сомікі, і рыбы станавілася ўсё больш. Але ў той вечар каля берага разгуляліся ляшчы, якіх сеткамі злавіць было немагчыма. Для гэтага мясцовыя рыбакі выкарыстоўвалі спецыяльныя вялікія восці. Такія восці былі ў солтыса, які жыў непадалёк ад возера. Бацька вырашыў пайсці да яго і папрасіць гэтую прыладу. Калі ён падышоў да дома старасты, то праз адчыненыя дзверы пачуў размову гаспадара і бургамістра (таксама жыхара Лукава). Яны гаварылі пра тое, каго заўтра немцы павінны расстраляць. Ён пачуў сваё імя і імя брата Дзмітрыя, які да вайны быў актывістам сельскага Савета. Папярэдзіўшы брата, бацька вярнуўся на возера, дзе яго чакаў напарнік. Ён расказаў яму ўсё, што пачуў. Хутка схаваўшы злоўленую рыбу, Іван Шышук вярнуўся дадому, а бацька пайшоў у лес, да якога было каля кіламетра.
Апынуўшыся ў лесе, ён далей не пайшоў, а стаў чакаць. Раніцай з боку вёскі пачуўся гул машын, які нарастаў, і бацька зразумеў, што гэта немцы. Яны акружалі вёску і прылеглыя хутары. Бліжэй да поўдня бацька вырашыў даведацца, што адбываецца на яго хутары. Ён асцярожна прабіраўся бліжэй да дому. Тады ў гэтай мясцовасці раслі вялікія дубы. Ён залез на адзін з іх і з вышыні ўбачыў, што на хутары і навокал немцы. І тут яго заўважыў адзін з немцаў, які пачаў страляць з аўтамата па ім. Бацька хутка злез з дрэва і паўзком пачаў прабірацца ў бок лесу. На шляху аказалася поле са збажыной, і ён папоўз. Раптам пачуўся блізкі брэх сабакі, і бацька зразумеў, што яго шукаюць ужо. Але сабака не ўзяў след, і немцы, гучна размаўляючы, прайшлі міма. Дзень быў вельмі спякотны. Хутка бацька быў зноў у лесе і таму застаўся жывым. Потым ён не раз падрабязна пра гэта расказваў.
У нашай сям’і было шэсць чалавек: бацька, маці і чацвёра дзяцей. Старэйшай Ірыне было 13 гадоў, мне – 10, Ганне – 7, а самаму малому – Івану – каля 1,5 года. Калі карнікі прыйшлі на наш хутар, я пасвіў непадалёку кароў. Хутка да мяне падышлі некалькі паліцаяў, якія размаўлялі на ўкраінскай мове. Яны спыталі, ці ведаю я, дзе цяпер мой бацька і ці прыходзяць да нас партызаны. Я адказаў, што ён пайшоў вечарам на рыбалку, а больш нічога не ведаю. Паліцаі далі мне некалькі цукерак і патрабавалі расказаць усё, што я ведаю. Але я толькі паўтараў адно і тое ж. Тады яны мяне сталі біць, а потым загадалі ісці ў хату. У гэты час другія паліцаі і немцы дапытвалі пра бацьку маю маці, якая таксама гаварыла тое самае. Адзін з немцаў пачаў біць яе нагамі ў жывот і па галаве. Малое дзіця плакала. Тады немец ударыў яго пісталетам па галаве, з якой пайшла кроў (праз некалькі дзён хлопчык памёр). Сястру Ірыну паліцаі некалькі разоў вадзілі да возера, дзе былі рыбакі, каб яна паказала бацьку.
Чаму нас тады не расстралялі, мы даведаліся пазней. Аказваецца, стараста папрасіў карнікаў сям’ю не чапаць, бо баяўся, што бацька яму за гэта адпомсціць.
70-годдзе Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі – вялікая дата для кожнага з нас. І пакуль жыве памяць пра гэтую вайну, самую крывавую ў гісторыі чалавецтва, памяць пра тых, хто загінуў у жорсткай барацьбе з ворагам, і тых, бязвінна забітых і па-зверску закатаваных. Жыве і надзея. Надзея на тое, што падобнае больш не паўторыцца. Ніколі.
Мікалай БАЛІЦЭВІЧ, настаўнік Лукаўскай сярэдняй школы.
НА ЗДЫМКАХ: абеліск у цэнтры вёскі Лукава.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 8.04.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий