СЯМЕЙНЫ КАПІТАЛ

Як вядома, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2014 года № 572 “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сямей, якія выхоўваюць дзяцей”, пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга ці наступных дзяцей грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, маюць права на аднаразовае прадастаўленне безнаяўных грашовых сродкаў у памеры 10 тысяч долараў ЗША (сямейны капітал).
Аб асноўных умовах прадастаўлення яго, неабходных дакументах, што трэба прад’явіць, а таксама аб тым, хто мае права распараджацца сямейным капіталам, ці можна датэрмінова выкарыстаць яго і на якія мэты — аб гэтым і іншым ішла размова ў інтэрв”ю карэспандэнту райгазеты начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірыны ФЕДЧЫК.

— Ірына Мікалаеўна, назавіце асноўныя ўмовы прадастаўлення сямейнага капіталу.
— У ліку іх нараджэнне, усынаўленне (удачарэнне) трэцяга ці наступных дзяцей у перыяд з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 г. уключна; выхаванне ў сям”і не менш чым траіх дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў (з улікам дзяцей, якія нарадзіліся, былі ўсыноўлены (удачароны) у перыяд з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 г.). Пры гэтым дата нараджэння ўсыноўленага (удачаронага) дзіцяці (дзяцей) павінна быць не раней чым 1 студзеня 2015 года; грамадзянства Рэспублікі Беларусь, аднаго з бацькоў (маці(мачыхі), бацькі (айчыма), пастаяннае пражыванне грамадзян, а таксама дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям’і, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
А права на назначэнне сямейнага капіталу прадастаўлена маці (мачасе) у поўнай сям’і, аднаму з бацькоў у няпоўнай сям’і, усынавіцелю (удачарыцелю). Калі ў поўнай сям’і маці (мачаха) не мае права на назначэнне сямейнага капіталу (да прыкладу, не з’яўляецца грамадзянкай Рэспублікі Беларусь), такое права мае бацька (айчым) пры захаванні ўмоў, пра якія гаварылася.
— На працягу якога перыяду грамадзяніну можна рэалізаваць сваё права для назначэння сямейнага капіталу?
— На працягу 6 месяцаў з дня нараджэння, усынаўлення (удачарэння) трэцяга ці наступных дзяцей.
— Сямейны капітал назначаецца толькі адзін раз?
— Толькі адзін раз.
— Якія дакументы неабходна прадас­тавіць?
— Для назначэння сямейнага капіталу грамадзяніну, які мае права на яго, неабходна асабіста ці праз свайго прадстаўніка звярнуцца ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган у адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства і прадаставіць: заяву па ўстаноўленай форме; пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь; дакумент, што пацвярджае паўнамоцтвы прадстаўніка, — калі грамадзянін звяртаецца праз яго; пасведчанні аб нараджэнні ўсіх непаўналетніх дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям’і; пасведчанне аб шлюбе і дакумент, што засведчвае асобу мужа (жонкі), — для поўных сямей; пасведчанне аб смерці мужа (жонкі), копію рашэння суда аб скасаванні шлюбу ці іншы дакумент, што пацвярджае катэгорыю няпоўнай сям’і, — для няпоўных сямей (пры гэтым дакумент, які засведчвае асобу, пры адсутнасці ў ім адзнакі аб рэгістрацыі заключэння шлюбу таксама з’яўляецца пацвярджэннем катэгорыі няпоўнай сям’і); копію рашэння суда аб усынаўленні (удачарэнні) — для ўсынавіцеляў (удачарыцеляў) дзіцяці (дзяцей).
— У які тэрмін прымаецца рашэнне аб назначэнні сямейнага капіталу ці адмова ў ім?
— У месячны тэрмін з дня падачы заявы. Паведамленне аб прынятым рашэнні накіроўваецца грамадзяніну на працягу 5 дзён з дня яго прыняцця.
— А затым?
— Для залічэння сродкаў сямейнага капіталу грамадзяніну, якому ён назначаны, неабходна адкрыць дэпазітны рахунак “Сямейны капітал“ у ААТ “ААБ Беларусбанк”. Рахунак адкрываецца ў дзень падачы ў банк заявы з усімі неабходнымі дакументамі, у ліку якіх заявы па ўстаноўленай ААТ “ААБ Беларусбанк” форме, дакумент, што засведчвае асобу, рашэнне мясцовага выканаўчага органа аб назначэнні сямейнага капіталу, выпіска з рашэння аб унясенні змянення аб назначэнні грошай, калі такія былі. Звярнуцца ў банк за адкрыццём дэпазітнага рахунку трэба не пазней чым праз 6 месяцаў з даты прыняцця рашэння аб назначэнні сямейнага капіталу.
— Дапусцім, што грамадзянін, якому назначаны сямейны капітал, не мае магчымасці звярнуцца за адкрыццём дэпазітнага рахунку. Як быць у такім выпадку?
— Дэпазітны рахунак можа быць адкрыты на аднаго з членаў сям’і пры ўмове ўнясення змянення ў рашэнне аб назначэнні капіталу.
— Хто можа распараджацца сродкамі сямейнага капіталу?
— Распараджацца сродкамі сямейнага капіталу са згоды членаў сям’і можа адзін з іх(распарадчык), таму перш чым звярнуцца ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, членам сям’і неабходна вызначыць, хто будзе распарадчыкам сродкаў. Згода на прадастаўленне такога права засведчваецца натарыяльна.
— А калі члены сям’і не прыйшлі да згоды?
— Сямейны капітал ў такім выпадку будзе размеркаваны паміж усімі членамі сям’і ў роўных долях.
— Ірына Мікалаеўна, а на якія мэты можа быць выкарыстаны сямейны капітал?
— Сродкі сямейнага капіталу выкарыс­тоўваюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у поўным аб’ёме альбо па частках у безнаяўным парадку па адным з некалькіх накірункаў: паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, ахове здароўя, фарміраванне накапляльнай (дадатковай) пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям’і, аднаго з бацькоў у няпоўнай.
— А ці можна выкарыстоўваць сродкі сямейнага капіталу датэрмінова і на якія мэты?
— Сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны датэрмінова (у поўным аб’ёме ці часткова) незалежна ад перыяду часу, што прайшоў з даты назначэння капіталу, на атрыманне членам (членамі) сям’і платных медыцынскіх паслуг. Пры датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу долі яго членам сям’і не выдзяляюцца.
— А калі грамадзянін выкарыстаў сродкі нямэтава?
— У выпадку нямэтавага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу (у выніку падачы дакументаў з загадзя недакладнымі звесткамі, непрадастаўлення звестак і (ці) дакументаў аб наступленні абставін, што ўплываюць на размеркаванне сродкаў сямейнага капіталу, у іншых выпадках нямэтавага выкарыстання) іх трэба вярнуць. Калі распарадчык добраахвотна адмаўляецца рабіць гэта, сродкі спаганяюцца ў судовым парадку.
— Скажыце, калі ласка, першапачатковая сума капіталу на працягу ўсіх 18 гадоў застаецца нязменнай?
— Банк налічвае працэнты па стаўцы, што ўстанаўліваецца Міністэрствам фінансаў, за перыяд знаходжання грашовых сродкаў на дэпазітным рахунку. Прычым, налічаныя працэнты капіталізуюцца (залічваюцца на дэпазітныя рахункі грамадзян).
— А цяпер хацелася б спыніцца на некаторых канкрэтных сітуацыях, якія могуць сустракацца. Скажам, бацькі жывуць асобна, скасавалі шлюб ці не былі ў ім. У чыёй сям’і ў такім выпадку ўлічваюцца дзеці?
— У сям’і аднаго з бацькоў, на выхаванні якога яны знаходзяцца. Калі ж дзеці былі ўлічаны пры назначэнні сямейнага капіталу ў адной сям’і, у другой яны не ўлічваюцца.
— Наогул , якія катэгорыі дзяцей не ўлічваюцца ў складзе сям’і?
— У адносінах якіх бацькі (нехта з іх) пазбаўлены сваіх правоў; над якімі ўстаноўлена апека (папячыцельства); адабраныя з сям’і дзеці; дзеці, якія памерлі; у выпадку, калі ад іх адмовіліся .
— Канкрэтны прыклад яшчэ. 30 сту­дзеня 2015 года ў сям’і нарадзілася трэцяе дзіця. Старэйшаму дзіцяці на гэты час ужо споўнілася 19 гадоў, сярэдняму – 15. Бацькі і дзеці – грамадзяне Рэспублікі Беларусь, пастаянна пражываюць тут. 9 лютага г.г. сям’я звярнулася за назначэннем сямейнага капіталу. Яна мае права атрымаць яго?
— Не, бо ў сям’і толькі двое дзяцей да 18 гадоў.
— 5 сакавіка 2015 года сям’я папоўнілася адразу двума дзецьмі. Старэйшаму дзіцяці на гэты час споўнілася 10 гадоў. Бацькі і дзеці – грамадзяне Рэспублікі Беларусь. 8 верасня сям’я звярнулася за назначэннем сямейнага капіталу.
— Права на сямейны капітал сям’я не мае, бо прайшоў 6-месячны тэрмін з дня ўзнікнення такога права.
— 19 лютага 2015 года ў сям’ і нарадзілася другое дзіця. 2 сту­дзеня 2020 года — трэцяе. Бацькі і дзеці – грамадзяне Рэспублікі Беларусь.
— Права на сямейны капітал сям’я не мае, бо трэцяе дзіця нарадзілася пасля таго, як закончыўся тэрмін рэалізацыі сацыяльнай праграмы.
— 14 жніўня 2015 года ў сям’і нарадзілася трэцяе дзіця. Старэйшаму на гэты дзень споўнілася 8 гадоў, сярэдняму — 5. Бацькі і дзеці – грама­дзяне Расійскай Федэрацыі, але пастаянна жывуць у Беларусі. 10 верасня 2015 года звярнуліся за назначэннем сямейнага капіталу.
— Ім будзе адмоўлена, бо бацькі не грамадзяне Рэспублікі Беларусь.
— Пры якіх абставінах сям’я страчвае права на сямейны капітал?
— Калі грамадзяне на працягу 3 гадоў пасля таго, як дзіцяці споўнілася 18 гадоў з даты яго нараджэння, не звярнуліся з заявай аб распараджэнні сродкаў сямейнага капіталу, апошні трэба вярнуць у даход рэспубліканскага бюджэту. Гэтак жа дзяржава абыходзіцца і са сродкамі сямейнага капіталу, калі яны не выкарыстаны ў поўным аб’ёме на працягу 5 гадоў пасля падачы заявы распараджальнікам.
— Калі, не дай Бог, здарылася ня­шчасце і не стала чалавека, на якога быў аформлены сямейны капітал, хто ў такім выпадку мае права яго атрымаць?
— Іншыя члены сям’і, якія ўлічваліся ў яе складзе пры назначэнні сямейнага капіталу.
— Тады ўдакладніце, калі ласка, хто ўлічваецца ў складзе сям’і?
— Маці (мачаха), бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель), дзеці , якія ўлічваліся пры вызначэнні права на назначэнне сямейнага капіталу, а таксама дзеці, народжаныя, усыноўленыя (удачароныя ) , вернутыя ў сям”ю (у сувязі з іх адабраннем без пазбаўлення бацькоўскіх правоў ці ў сувязі з аднаўленнем у бацькоўскіх правах) пасля назначэння сямейнага капіталу.
— У многіх з бацькоў можа ўзнікнуць і такое пытанне: ці можна атрымліваць у спадчыну сямейны капітал?
— Сродкі сямейнага капіталу не перадаюцца ў спадчыну. З іх не вылічваецца падаходны падатак з фізічных асоб.
— Мы з Вамі не сказалі, куды грама­дзянам нашага раёна трэба звяртацца за назначэннем сямейнага капіталу?
— Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
— Дзякуй Вам, Ірына Мікалаеўна, за змястоўнае інтэрв’ю.
Падрыхтавала Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына ФЕДЧЫК.
Фота Мікалая Навумчыка.

Опубликовано в «ГЧ» 8.04.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий