ТРАГЕДЫЯ З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

Уладзімір Шапула нарадзіўся ў 1904 годзе ў Маларыце. Тут прайшло яго дзяцінства. Калі юнак вырас, уладкаваўся на працу на лесапільны завод. Прадпрыемства тады працавала 10 месяцаў у год, а рабочых налічвалася ад 10 да 20 чалавек. Рабочым Маларыцкай лесапільні Уладзімір Сцяпанавіч і сустрэў Вялікую Айчынную вайну.

З першых яе дзён быў у ліку абаронцаў роднай зямлі. Таму стаў адным з ініцыятараў стварэння антыфашысцкай арганізацыі ў Маларыце. Сваю дзейнасць яна пачала 1 жніўня 1941 г. У верасні кіраўніцтвам арганізацыі прымаецца рашэнне аб прыцягненні новых членаў у яе рады з ліку мясцовых жыхароў і арганізацыі падпольных троек. Гэтае рашэнне сыграла вялікую ролю ў агітацыі і дыверсійнай рабоце. Кожны кіраўнік тройкі меў спецыяльнае заданне на пэўнай тэрыторыі. Аднак дзейнічаць неабходна было асцярожна і абачліва. У поўнай канспірацыі праводзіў дыверсіі і Уладзімір Шапула. Да прыкладу, у маі 1942 г. Уладзімір Сцяпанавіч узарваў на чыгунцы Брэст-Ковель эшалон самаробнай мінай. Гэтым самым ён пашкодзіў паравоз і затрымаў рух на 3 гадзіны.
— Бацька планаваў і яшчэ актыўна “шкодзіць” фашыстам, — кажа Марыя Мірчук, дачка Уладзіміра Шапулы. – Аднак усё атрымалася інакш.
Сям’я Уладзіміра Сцяпанавіча і Васілісы Гардзееўны тады жыла ў Маларыце на вуліцы Камсамольскай. Дом быў свой, але недабудаваны: вайна перашкодзіла давесці яго да ладу.
— Бацька пастаянна трымаў сувязь з партызанамі, — успамінае Марыя Уладзіміраўна.- Яны таемна збіраліся на вуліцы Ткачэнкі, абмяркоўвалі планы сваіх сумесных дзеянняў. Але нехта данёс на бацьку ў нямецкую камендатуру. Я да гэтага часу памятаю той дзень, калі за ім прыйшлі.
Быў цудоўны чэрвеньскі дзень. Солтыс адправіў маці разам з іншымі жанчынамі капаць акопы. Марыя Мірчук разам са сваёй старэйшай сястрой Верай вырашылі схадзіць у чарніцы. Калі дзяўчаты вярнуліся з поўнымі кошыкамі ягад дадому, бацька яшчэ быў дома. Ён пахваліў Марыю і Веру за стараннасць. Яны разгаварыліся. Бацька падзяліўся планамі на будучае. Пасля заканчэння вайны ў першую чаргу ён думаў дабудаваць дом, правесці да яго ваду. А яшчэ планаваў летам хадзіць на ўзгорак, які знаходзіцца за пасёлкам, выграваць у цёплым пяску хворыя ногі. Было ва Уладзіміра Шапулы шмат і іншых задумак. Бацька смяяўся, жартаваў, абдымаў і цалаваў сваіх дзяўчатак.
— У гэты момант на веласіпедзе да нашага дома пад’ехаў з аўтаматам паліцай, з нашых, мясцовых, — кажа Марыя Уладзіміраўна. – Хоць мне тады і было толькі 9 гадоў, але адразу адчула нешта нядобрае. Сэрца моцна закалацілася ў грудзях. Здраднік загадаў бацьку тэрмінова ісці з ім, не дазволіў нават зайсці ў хату і абуцца. Мы глядзелі ўслед, моцна плакалі. Неўзабаве вярнулася маці. Мы ёй падрабязна расказалі, што здарылася.
Васіліса Гардзееўна кінулася да солтыса за дапамогай. Аднак ён нічога зрабіць не змог. Уладзімір Шапула апынуўся ў так званым гета, якое знаходзілася на вуліцы Несенюка ў райцэнтры. Пад яго было вы­дзелена амаль 50 дамоў, жыхары якіх былі выселены. Гэты ўчастак немцы абнеслі калючым дротам, вакол яго паставілі кругласутачную ўзброеную ахову. Там апынуліся і іншыя маларытчане, якія былі звязаны з партызанамі ці ім дапамагалі.
— Як толькі маці пра гэта даведалася, яна кінулася туды. У мясцовых паліцаяў слёзна прасіла, каб бацьку адпусцілі, але безвынікова. На Несенюка арыштантаў пратрымалі некалькі сутак. Магчыма, быў і допыт. А потым родны брат бацькі Васіль паведаміў, калі і куды будуць весці з гета людзей расстрэльваць. Ён удакладніў таксама нават маршрут руху. Раней вызначанага часу мы з маці пабеглі ў апошнюю хату на ўскрайку Маларыты. Там знаходзіліся і іншыя людзі. Дарослыя залезлі, каб было бачна, на дах. Нам, дзецям, гэта зрабіць не дазволілі. Прыкладна за кіламетр ад Маларыты, на ўзгорку, дзе бацька збіраўся лячыць свае хворыя ногі, памятаю, была выкапана яма. Неўзабаве на вуліцы з’явілася машына з людзьмі ў кузаве. Іх было многа. Праязджаючы вакол сваёй хаты, бацька гучна крыкнуў: “Бывайце, добрыя людзі! Васіліса, беражы нашых дзяцей!” Маці здалёк бачыла, як адкрылі задні борт машыны, як адтуль саскоквалі людзі, як іх сагналі і паставілі на краі вялікай ямы…
Жанчына чула, як прагучалі стрэлы, бачыла, як падалі ў агульную магілу людзі, як іх потым дабівалі фашысты, як засыпалі яны яму і паехалі.
— Мы з маці, як і іншыя, адразу кінуліся на месца расстрэлу. Жудаснае, жахлівае месца, палітае крывёю. Здавался, што магіла рухалася, а з яе даносілія ледзь улоўныя стогны. Так хацелася маёй маме дапамагчы свайму дарагому чалавеку, адкапаць яго, бо верыла, што яшчэ жывы. Аднак заставацца доўга тут было небяспечна.
На Пясчанку пасля гэтага маці прыходзіла амаль кожны дзень і да надрыву галасіла. Родзічы тых, каго тут расстралялі, пазначылі гэтае месца. Аднак побач было яшчэ некалькі вялікіх ям, дзе ляжалі таксама расстраляныя фашыстамі людзі. Але іх не пазначалі. Напэўна, не было каму.
* * *
Закончылася ваеннае ліхалецце. Людзі паступова пачалі наладжваць мірнае жыццё. Пра будучыню задумалася і Марыя Уладзіміраўна. Нялёгка давялося ёй, сіраце. Многа нягод навалілася на яе кволыя плечы. Маючы толькі 7 класаў адукацыі, у 1949 годзе яна пайшла ўладкоўвацца на працу на пошту. Пётр Чарняўскі, тагачасны загадчык, прапанаваў дзяўчыне пасаду тэлеграфісткі. Папрацаваўшы некаторы час, Марыя Мірчук зразумела, што гэта работа не для яе. Таму вырашыла звольніцца. Аднак Пётр Парфёнавіч уладкоўвае на працу тэлефаністкай.
— Я згадзілася. Тым больш, што ў Маларыце ў 1949 годзе было толькі 10 тэлефонных нумароў. Але ж пазней давялося мне асвоіць і прафесію тэлеграфісткі. Наш тэлеграфіст трагічна загінуў. Тэрмінова трэба было яго замяніць. На начных дзяжурствах тэлефаністкі я і вучыла старанна азбуку Морзэ. Неўзабаве я ўжо ўпэўнена сядзела за тэлеграфным апаратам для перадачы сігналаў азбукі Морзэ. Тэлефаністкай Марыя Мірчук добрасумленна працавала ажно 42 гады.
70 гадоў прайшло з таго часу, калі над рэйхстагам узнялі пераможны сцяг. Але Марыя Уладзіміраўна Мірчук і сёння добра памятае той страшны дзень, калі расстрэльвалі ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў, сярод якіх быў і яе бацька. Гады паступова сціраюць з памяці яго вобраз. Не даюць забыць самага дарагога і блізкага чалавека нешматлікія фотаздымкі, якія захаваліся. Кожны раз, калі бярэ іх у рукі, Марыю Уладзіміраўну быццам бы нешта апаляе знутры, прымушае міжволі скалануцца і заплакаць. І яна ўспамінае, успамінае да драбніц той чэрвеньскі дзень 1942 года.
— Асабліва балюча напярэдадні 9 Мая. Па магчымасці ў гэты дзень стараюся з роднымі бываць на вуліцы Саўгаснай, на могілках, дзе расстраляна і пахавана 2800 мірных жыхароў горада і раёна. Заўсёды, калі бываю на гэтых могілках, мне здаецца, што вось-вось уздымецца пагорачак зямлі, і адтуль з’явіцца мой бацька, хоць паранены, але жывы. Кожны раз цешу сябе такой надзеяй.
— Я ганаруся сваім дзедам Уладзімірам Сцяпанавічам Шапулам, — гаворыць Юрый Мірчук, маларытчанін. – Ён шмат зрабіў, каб настаў Дзень Вялікай Перамогі. Цаной свайго жыцця мой дзядуля набліжаў 9 Мая. Памяць пра яго будзе вечнай у нашай сям’і.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Марыя Уладзіміраўна Мірчук жыве памяццю пра свайго бацьку; Уладзімір Шапула (другі справа), яго жонка Васіліса Гардзееўна (другая злева), іх дзеці Марыя Мірчук (сядзіць у цэнтры) і Вера (стаіць у цэнтры).
Фота аўтара і з архіва Юрыя Мірчука.

Опубликовано в «ГЧ» 15.04.2015 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


взять кредит наличными

monaliza.kiev.ua/

Buy Stanox online