Алюмініевыя юбіляры

— Што такое сямейнае шчасце? — перапытаў  Сцяпан Кандратавіч і задумаўся. Памаўчаўшы некалькі секунд, гля­нуў у вочы жонкі Ніны Мікалаеўны. Іх погляды на імгненне  сустрэліся, і на вуснах абаіх раскве­цілася шчырая ўсмешка.- Я думаю, што гэта як белая птушка лебедзь. Калі здаровыя два крылы, то палёт у яе грацыёзны, які заварожвае і здзіўляе. Так і ў шлюбе. Усё нармальна тады, калі муж і жонка жывуць як адно цэлае ва ўсім і заўжды.
У сям’і Максімукоў з Хаціслава такая завя­дзёнка склалася з першага дня сумеснага пражывання. І вось ужо больш чым 37 гадоў (алюмініевае вяселле) працуе гэты сямейны механізм без перабояў, прабуксоўкі і прыпынкаў. Рытмічна, зладжана, без скрыпу і папісквання.
— Галоўнае – правільна і ў час яго змазаць,-усміхаецца Ніна Мікала­еўна. — Можна ласкавым словам, цярпеннем, уменнем уступіць, у патрэбны момант прамаўчаць, умець дагадзіць і заўжды абавязкова нечым ахвяраваць. Чым? Усім: сабою, сваім часам, мэтамі, жаданнямі, іншымі каш­тоўнасцямі.
— Сапраўды, — згаджаецца яе муж, — сумеснае жыццё часта патрабуе і кампрамісаў, і ўступак, часам – значных. Шчаслівы шлюб – гэта шлюб, у якім муж разумее кожнае слова, якое не сказала жонка. У каханні бываюць і перыяды аварый: маленькія і вялікія. Ні адна сям’я без іх не абыходзіцца. Час узнаўлення пасля такіх сямейных трагедый таксама розны. Усё залежыць ад  мудрасці, памяркоўнасці і такту  двух любячых сэрцаў.
— У шлюбе ні на хвіліну не павінна спыняцца самавыхаванне і ўзаемнае выхаванне, — па-філасофску заўважае Ніна Максімук. — У мяне быў, можна сказаць, выбухованебяспечны характар. Пра такіх людзей яшчэ кажуць у народзе, што на вадзе заводзяцца. А вось пераламала сябе, хоць і цяжка было. Калі выйшла замуж, стрымлівала сябе на кожным кроку. Гнеў разам губіць усё. Ён – галоўны вораг сямейнага саюзу, але, на жаль, не адзіны. Мне пашанцавала яшчэ і таму, што Сцяпан як громаадвод у мяне. Але калі ўспыхвае пажар непаразумення, то яго полымя тушым ра­зам. Самы лепшы метад – набраць у рот вады. Усякія ўспышкі гневу я называю блізарукасцю. Любоў сляпая, але шлюб – геніяльны акуліст.
Максімукі жывуць шчас­ліва і ўраўненне сямей­нага шлюбу з дзвюма невядомымі разам рашылі даўно і правільна. Радуюць дочкі Валянціна і Надзея, абнадзейваюць унукі, у сям’і лад, згода і поўнае ўзаемаразуменне. Хоць, зрэшты, усяго гэтага магло проста і не быць. Заглянем у мінулае. А для гэтага перанясемся на некалькі дзесяцігоддзяў назад у вёску Аніскавічы Кобрынскага раёна. Мена­віта тут і жыла тады мая гераіня. Яна была пятым, самым малодшым, дзіцём у Маскалюкоў. Спакойна і ціха прайшло яе дзяцінства і юнацтва. Пасля заканчэння дзесяцігодкі дакументы павезла ў Брэсцкі дзяржаўны педінстытут на філфак. Аднак не прайшла па конкурсу. Дырэктар мясцовай школы прапанаваў пасаду бібліятэкара. Праз год стала студэнткай-завочніцай. Вучылася і працавала. На прыгажуню з русаю касою да пояса сталі заглядвацца кавалеры. З адным з іх успыхнула каханне. Першае, але настолькі палкае і ўзаемнае, што Ніна галаву згубіла ад яго. Хлопец, здавалася, свет белы закрыў сабою. Дзяўчына верыла кожнаму слову і абяцанню. Першае каханне… Першае расчараванне… Пакуты, бо нельга больш верыць чалавеку, які схлусіў. Што рабіць далей?
Каб хутчэй забыць усё, Ніна едзе да сястры  Воль­гі ў Днепрапятроўск на Украіну. Летнюю сесію не здала – з ВНУ адлічылі, з работы звольнілі, засталася без сяброў. Адна і на чужыне… Час паступова залечваў нанесеную глыбокую рану. Неўзабаве яна амаль зарубцавала­ся. Хутка праляцела шэсць месяцаў. Дзяўчына вяр­таецца ў родную вёску, уладкоўваецца на работу бібліятэкарам у в. Старадубцы. Яе ва ўсім падтрымлівае былая класная, якая на той момант працавала старшынёй сельсавета. Летам 1972 г. па-новаму стала паступаць на завочнае аддзяленне Брэсцкага педінстытута. Так атрымалася, што аднавілі на другі курс, і Ніна на работу накіроўваецца ў Маларыцкі раён. Ёй прапаноўваюць у Хмялёў­скай васьмігодцы выкладаць рускую і беларускую мову і літаратуру. Дзяўчына адразу згаджаецца.
— Да Радзежа даехала рэйсавым аўтобусам,-успамінае Ніна Мікалаеў­на. — А далей – канём. Падвёз малаказборшчык. Трапіла ў сапраўдную глуш. Школка здалася маленькай. Праз некалькі дзён з чамаданамі з дому вярталася ў Хмялёўку. У Маларыце, чакаючы грузавую машыну, упершыню ўбачыла яго, свайго Сцяпана. Ён дапамагаў бацьку пагрузіць рэчы на тую ж самую машыну. Хлопец падміргнуў і ўсміхнуўся. Мне запом­ніўся яго погляд і асабліва — вочы. Нешта незвычайнае і таемнае было ў іх, прыгожых і блакітных. Ды яшчэ — блакітная куртка, каштанавы чуб. На выхадныя Сцяпан прыехаў да бацькоў у Хмялёўку. На той час ён працаваў шафёрам у ПМК-8. Я пасялілася  на кватэры ў яго родзічаў. Мы зноў сустрэліся. Неяк само па сабе ўспыхнула каханне.  Але я была надзвычай асцярожнай. І верыла, і не верыла. Каб завалодаць маім сэрцам, патрэбна было зрабіць нешта незвычайнае.
Сцяпан здолеў зрабіць так, што я ў яго закахалася. Восеньскія дні кароткія. Школа працавала ў 2 змены. Хлопец вечарамі цярпліва чакаў, калі Ніна напіша рабочыя планы, праверыць сшыткі. Потым ішлі гуляць, часта распальвалі вогнішча ў лесе, які пачынаўся адразу за вясковымі хатамі. Юнак дзяліўся ўспамінамі пра вайсковую службу ў Германіі, жартаваў, расказваў розныя гісторыі.
Дарога да Хмялёўкі тады толькі  будавалася. Каб ездзіць у Маларыту ці выбрацца да бацькоў, трэба было прачынацца ў чатыры гадзіны і ісці пешшу ў Радзеж. Сцяпан не раз праводзіў Ніну. Калі з-за дажджоў аўтобус не змог даязджаць да Радзежа, то хлопец сустракаў сваю каханую ў в. Яміца. А гэта больш за 10 км. А перад Новым годам у якасці падарунку прапанаваў дзяўчыне руку і сэрца. Ніна не адмовіла. 20 студзеня 1973 г. свае адносіны закаханыя ўзаконілі, аднак вяселле згулялі толькі вясною. Маладыя сталі жыць у бацькоў мужа. Усё было добра.
— Многаму я вучылася ў сваёй свекрыві, — успамінае Ніна Мікалаеўна. – У сям’і маіх новых бацькоў, Еўдакіі і Кандрата Максі­мукоў, было сямёра дзяцей. На той час ужо ўсе былі жанатыя (4 сыны) і замужнія (2 дачкі). Малодшы сын, Кандрат, служыў у арміі, а нявестка жыла ў сям’і мужа. Між іншым, дзвюх нявестак звалі Нінамі, а я была  трэцяя. Вось і ўявіце сабе: у хаце тры жанчыны. Але мы пражылі з бацькамі Сцяпана 8 гадоў. Я не шкадую пра гэта. Ніколі з вуснаў маёй другой маці я не чула ніводнага дрэннага слова пра сваіх нявестак.
Праз год сумеснага жыц­ця з’явілася дачка Надзя, яшчэ праз год – Валя. З нецярпеннем чакалі і трэцяе дзіця. Волечка на гэты свет з’явілася хваравітай, многа пакутавала. Хутка яе Бог забраў да сябе. Сцяпан у цяжкую гадзіну падставіў сваё плячо і працягнуў руку жонцы. Ва ўсім дапамагаў і словам, і справамі.
— Я выжыла толькі дзя­куючы яму, — кажа Ні­на Мікалаеўна. – Ён са мною як з малым дзі­цём вазіўся. Аберагаў, суцяшаў, песціў… Го­ра нас яшчэ больш аб’яд­нала, загартавала, зрабіла трывушчымі. Наша каханне заззяла новымі гра­нямі. Сямейныя адно­сіны і сапраўды сталі ідылічнымі. Мне добра помніцца і тое, як у лютым 1974г., калі трэба было ехаць у раддом, Сцяпан сам вёз мяне да Ра­дзежа ў кабіне трактара. (На той час ён працаваў на будаўніцтве новай школы ў Хмялёўцы) Другі транспарт праехаць не мог. Пот і слёзы засцілалі яму вочы, бо дарога была такая, што трактар мог перакуліцца.
У 1981 г. сям’я Максіму­коў пераязджае на пастаяннае месцажыхарства ў Хаціслаў. Сцяпан уладкоўваецца на працу ў мясцовы калгас, а Ніна–у школу, дзе да выхаду на заслужаны адпачынак выкладала родную мову і літаратуру.
— Ніначка ў мяне талена­віты чалавек, — неяк не­­звы­чайна вымаўляе Сця­пан Кандратавіч. — І гас­падыня добрая, і ма­ці выдатная, і бабуля цу­доўная, і ўсё пры ёй. А голас які! Заварожвае. Як заспявае — заслухаешся. Такую любы можа пакахаць. А я ж раўнівы. Такое багацце мне самому патрэбна. Скарб, а не жанчына. Лёгка мне з ёю, светла, шчасліва, добра, радасна. Мая жонка ніколі не патрабавала, а толькі выказвала пажаданне, не крыўдзілася, а прымала моўчкі тое, што не адпавядала яе ўяўленням. Для таго, хто кахае па-сапраўднаму, павысіць голас – недаравальная раскоша. Такога не павінна быць зусім.
— У шлюб уступаюць розныя людзі, — разважае Ніна Максімук, — а ён жа патрабуе адзінства ва ўсім. Таму сябе трэба прыціраць да свайго выбранніка. І добра, і доўга. Неабходна адсекчы свой эгаізм, сваё я. Аўтаноміі не павінна быць. Сямейнае жыццё падпарадкоўваецца  спецыфічным законам. Яны – вечныя і існуюць незалежна ад таго, разумеем, ведаем мы іх ці не. Сэнс жыцця чалавека ў каханні. Хто не ведаў яго, той быццам бы і не жыў.
— Ніна Мікалаеўна, толькі шчыра: ці былі “немцы ў хаце”?
— Былі, але іх хутка выгналі раз і назаўжды. У першыя гады сямейнага жыцця я вельмі злавалася, калі ў нядзелю Сцяпан ішоў на паляванне. Гэта і было прычынай непаразумення. Але потым усвядоміла, што раблю так дарэмна. Я ж сама з дзяцінства разам з бацькам і братамі хадзіла па лесе, ведала кожную мясціну, сцежку і без гэтага не магла жыць.
Сцяпан і ў лесе памятаў пра сваю палавіну ўвесь час. Кожны раз нешта прыносіў з палявання: ці то галінку  елкі з шыш­камі, ці то кветкі…
— Я была кранута такою ўвагаю. У Хмялёўцы першы раз у жыцці ўбачыла венерын чаравічак, сармацкае кадзіла, — прызнаецца мая субяседніца.
*  *  *
Калі ў Ніны Максімук памёр бацька, то яна забрала да сябе маці. Апошняя амаль не хадзіла. Сцяпан дапамагаў жонцы ў цяжкую хвіліну. Карміў цешчу, размаўляў з ёю. Калі ў Сцяпана памёр бацька, а ў Ніны — маці, свякроў стала жыць у Максімукоў.
— Гады, пражытыя разам у Хмялёўцы, не прайшлі дарэмна, — кажа Ніна Мікалаеўна. — Свякроў верыла мне як нявестцы, як чалавеку, які гатовы быў ёй аддзячыць клопатам, ласкаю за тое, што дапамагала гадаваць дзяцей, у любой спрэчцы была на маім баку. Ды наогул, у нас з першага дня сумеснага жыцця не было бацькоў “тваіх-маіх”. Былі – агульныя. А гэта таксама толькі ўмацоўвала нашы адносіны.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Ніна Мікалаеўна і Сцяпан Кандратавіч Максімукі у красавіку 1973г. і сёння.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


создание интернет магазина киев

ディテール

ここで読みます rikon-ya.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!