Вышывальшчыца

Невялічкая кватэра маларытчанкі Кацярыны Пугач цяпер нагадвае своеасаблівы музей вышытых ручнікоў і абрусаў. Ствараўся ён не адзін год карпатлівай працай рук жанчыны.

— Вышываю я яшчэ і навалачкі для падушак, пакрывалы, сурвэткі… — гаворыць Кацярына Іванаўна. – Праўда, не ўсё, што зроблена, захоўваецца тут, у кватэры. Многае падарыла блізкім, знаёмым.
Здаўна адным з абавязковых заняткаў жанчыны на Беларусі лічылася вышыўка. Без яе немагчыма ўявіць хараство і багацце беларускай хаты. Вышыўкай упрыгожвалі адзенне, сталовую бялізну. Прыёмы яе беражліва перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Кацярына Пугач сакрэтам вышыўкі навучылася ад маці.Менавіта ў яе і брала першыя ўрокі. Аднак сур’ёзна гэтым рука­дзеллем захапілася тады, калі вучылася ў 8 класе.І з гэтага часу побач з майстрыхай заўсёды была нітка і іголка. Праўда, былі і такія перыяды, калі на любімы занятак не хапала часу. Цяпер жа жанчына цалкам аддаецца гэтаму чароўнаму майстэрству.
— З кватэры практычна не выходжу з-за сваёй фізічнай немачы, — кажа Кацярына Іванаўна. – Мне цяжка рухацца. Каб не было сумна, вышываю, напяваю царкоўныя песні, а таксама зношуся з тымі, хто прыходзіць мяне наведаць. У першую чаргу з Ганнай Сцепанюк, якая за мной даглядае, Любоўю Колпікавай і іншымі сёстрамі міласэрнасці. Калі гасцей частую, заўжды засцілаю на стол вышыты абрус.
У кожную вышытую рэч Кацярына Пугач укладвае ўсю сваю душу, цеплыню сэрца. Таму, напэўна, і атрымліваюцца ручнікі, абрусы вельмі прыгожымі, рэалістычнымі. Ад іх сыходзіць цеплыня.
— Вышываю я і цяпер, — гаворыць Кацярына Іванаўна. – Знаёмыя часта заказваюць ручнікі на вяселле. Не магу адмовіць нікому.
На рэчах майстрыхі “распускаюцца” дзіўнай прыгажосці вышываныя кветкі. Усе яны розныя па сюжэтах і колерах. Таму немагчыма не задаць пытанне, дзе ж жанчына знаходзіць новыя ўзоры для сваіх работ.
— Бяру сюжэты з часопісаў. Іх прыносяць сёстры. Разам з імі абмяркоўваем, што лепш вышыць і якім колерам, як размясціць узор.
Між іншым, вышытыя Кацярынай Пугач абрусы і ручнікі на абразах цяпер упрыгожваюць Свята-Мікалаеўскую царкву г. Маларыты, а таксама капліцу ў гонар абраза Божай Маці “Усецарыца” на першым паверсе дзіцячага аддзялення (тэрапеўтычны корпус) Маларыцкай цэнтральнай райбальніцы.
…Усё з часам мяняецца, асабліва — мода. Але прыгожае застаецца прыгожым заўсёды. Ад вышытых Кацярынай Іванаўнай сурвэтак, абрусаў, навалачак не адвесці вачэй. Яны зачароўваюць. Таму так і хочацца яшчэ раз завітаць да Кацярыны Іванаўны, майстрыхі-вышывальшчыцы, каб паглядзець на яе рукатворныя шэдэўры.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ганна Сцепанюк абмяр­коўвае з Кацярынай Пугач яе нядаўна вышытыя работы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 15.04.2015 г.

Добавить комментарий


метан курс

https://progressive.ua

xn--48jm9l298kilg8rghvi.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!