Маларытчына — у новым праекце тэлеканала “Беларусь-1”

Нядаўна ў Маларыце пабывала здымачная група тэлеканала “Беларусь-1”. Спецыяльны карэспандэнт агенцтва тэлевізійных навін Наталля Вардзялоўская са здымачнай групай рыхтавала сюжэты для новага праекта пра Вялікае Княства Літоўскае, які ў эфіры з’явіцца бліжэй да восені.

— На Маларытчыне нас зацікавілі строй адзення, ручнікі, а таксама тканыя вырабы, вышыўка, — гаворыць Наталля Уладзіміраўна. – Усё пералічанае мае сваю спецыфічную арыгінальнасць, непаўторную асаблівасць, характэрную адметнасць.
— А хто вам расказаў пра Маларыцкі строй адзення?
— Галіна Рудніцкая, майстар народнай творчасці, член ГА “Беларускі саюз майстроў”, выкладчык беларускай народнай вышыўкі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, якая ў кастрычніку мінулага года разам з Юліяй Аўсяннікавай-Багданоўскай, намеснікам дырэктара выдавецтва “ТАА Саторыс”, пабывала ў Маларыце, калі можна так сказаць, са своеасаблівай міні-экспедыцыяй. Я асабіста пераканалася, што такога багацця, як у вас, яшчэ трэба пашукаць! Мяне здзівіла і захапіла многае. Наогул, Маларытчына — край адметны ў многіх аспектах. Наша здымачная група атрымала сапраўдную асалоду ад убачанага і пачутага. Дапамаглі нам у гэтым Валянціна Мікалаеўна, адна з заўзятых збіральніц і захавальніца скарбаў Маларытчыны, а таксама народная майстрыха Сцепаніда Сцепанюк з Дарапеевіч.
Валянціна Струнец прадэманст­равала, як трэба правільна завіваць плат, ткаць “кажушком”, хадзіць на панажах, як неабходна правільна накідаць у ніты, расказала пра асаблівасці арнаменту, сімволікі ўзораў на Маларыцкім строі адзен­ня, пра тканіны, якія выраблялі ў хатніх умовах, іх захоўванне… Сцепаніда Аляксееўна таксама паказала многае, у тым ліку – элементы працэсу выбівання іголкай дываноў, выраб ільняной ніткі з кудзелі. Народная майстрыха ўвесь працэс работы суправаджала выкананнем царкоўных песень, якія спявалі на перадвелікодным тыдні ў чацвер і пятніцу, а таксама пачаставала здымачную групу поснымі стравамі.
Адзняты матэрыял стане часткай адной з серый праекта. Мяркуецца, што ў ім Маларытчыне будзе адведзена прыкладна 10-15 хвілін эфірнага часу з 30 запланаваных.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Валянціна Струнец расказвае карэспандэнту агенцтва тэлевізійных навін тэлеканала “Беларусь-1” пра сімволіку арнаменту Маларыцкага строю адзення.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 15.04.2015 г.

Добавить комментарий


http://www.ka4alka-ua.com/

http://220km.net
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!