Вяртанне на кругі свая

Пасля шматгадовага перапынку СВК “Макраны” зноў пачаў вырошчваць бульбу

Гавару зноў, бо ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя тады яшчэ калгас імя Кірава культываваў гэтую культуру на сваіх палетках. І, трэба сказаць, дасягнуў у гэтым добрых вынікаў. Памятаецца, звяно па вырошчванні бульбы, якое працавала на брыгадным падрадзе, атрымлівала тады з гектара больш за 300 цэнтнераў клубняў. Пазней, праўда, гаспадарка адмовілася ад гэтай культуры, маўляў, карысць ад яе невялікая, а клопатаў – хоць адбаўляй: толькі захоўванне бульбы ў буртах чаго каштуе. І рэалізацыя яе за бясцэнак, калі год выдаваўся на яе ўраджайным, як правіла, паўсюль, не прыносіла прыбытку.
А вось у суседняй гаспадарцы, якая напрыканцы мінулага года была далучана да СВК “Макраны” і зараз з’яўляецца ўчасткам гэтага сельгаспрадпрыемства, бульбу не закінулі. Усе гэтыя гады мясцовыя земляробы займаліся вырошчваннем другога хлеба беларусаў і таксама атрымлівалі нядрэнныя вынікі. Успомніў цяперашні начальнік участка “Ляхаўцы”, а да нядаўняга часу галоўны аграном аднайменнага сельгаскааператыву Іван Панчук, і 1986 год, калі на круг было накапана па 300 цэнтнераў бульбы. А валавы збор яе тады дасягнуў 5 тысяч тон. Менавіта Івану Панчуку і даручыў займацца пытаннямі вырошчвання бульбы, якая воляй лёсу зноў вярнулася ў гаспадарку, старшыня СВК “Макраны” Леанід Селех. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства спадзяецца, што гэтая “аўчынка” будзе вартая вырабу. Тым больш, што ў гаспадарцы цяпер ёсць бульбасховішча. А яшчэ вопытны бульбавод Васіль Бурштын. Механізатар з 35-гадовым стажам работы не першы год займаецца гэтай адказнай справай. Таму, як гавораць, ужо назубок ведае ўсе тонкасці пасадкі і апрацоўкі бульбы. Ён жа і ўбірае вырашчаны ўраджай.
Бульбяны палетак у СВК “Макраны”, які будзе засаджаны сваім насеннем, складае 150 гектараў. Пад бульбу ранняга гатунку “молі”, сярэдне-ранняга “маг” і позняга “журавінка” адведзена па 30 гектараў плошчы. На астатніх 60 гектарах будзе высаджана бульба гатунку “скарб”. Пра гэта, а таксама пра тое, што зроблена сёлета пад ураджай гэтага года, па дарозе ва ўрочышча “Немерава”, дзе садзілі бульбу, распавёў начальнік участка “Ляхаўцы” Іван Панчук. Ён, у прыватнасці, удакладніў, што бульба размесціцца на ўчастках, дзе летась былі азімыя, што кожны гектар бульбянога палетка атрымаў па 60 тон арганікі, якая была ўнесена ў глебу з восені, а яшчэ па 170, 60 і 60 кілаграмаў дзеючага рэчыва калію, азоту і фосфару адпаведна.
…Пасадку бульбы на 60-м участку вёў Васіль Бурштын. На падвозцы насення, якое перад дастаўкай у поле на ўсялякі выпадак у сховішчы правяралі мясцовыя жанчыны-пенсіянеркі, былі задзейнічаны вадзіцелі Генадзь Пацяюк і Аляксандр Гаральчук. Іх машыны з напоўненымі бульбай кузавамі знаходзіліся на ўскрайку поля. Сюды, пакідаючы за сабой роўныя грабяні з заштукаваным насеннем, пасля чарговага праходу пад’язджае МТЗ-82 у счэпе з бульбасаджалкай Васіля Бурштына, каб заправіцца насенным матэрыялам і зноў у дарогу. Пасадка другога хлеба працягваецца…
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: пасадку бульбы вядзе механізатар Васіль Бурштын.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 18.04.2015 г.

Добавить комментарий


www.profvest.com

купить аккумулятор форсе
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!