Ул Хаг Анвара лічаць рускім у Пакістане

Прыехаўшы ў Беларусь, пакістанец Ул Хаг Анвар вельмі хутка і лёгка вывучыў рускую мову, прызвычаіўся да беларускага клімату, атрымаў бясплатную вышэйшую адукацыю і жаданую спецыяльнасць, ажаніўся, займеў сям’ю, знайшоў сваё месца на рынку працы.

Калі расказваў пра сям’ю, у якой рос, Анвар удакладніў, што сярод семярых дзяцей ён быў найменшым.
— Песцілі мяне і бацькі, і браты, і сёстры, таму я рос свавольнікам, мог рабіць іншы раз тое, чаго не дазвалялася ні маім старэйшым братам, ні сёстрам, — прызнаваўся Анвар. — Таму, калі апынуўся ў Беларусі, пазнаёміўся з Аленай і прапанаваў ёй стаць маёю жонкаю, узяў на сябе смеласць не ўзгадняць сваё рашэнне з бацькамі, хаця добра ведаў, што гэта не па нашых звычаях. У Пакістане так заведзена, што жонак сваім сынам выбіраюць самі бацькі, прычым адпаведнага сацыяльнага статусу: бедныя – бедную, багатыя – багатую. Карацей кажучы, пра свой намер бацькам я не сказаў, а пасля, калі ў мяне з’явілася сям’я, двое дзяцей, і я паехаў на радзіму, паставіў бацькоў перад фактам. Маўляў, дарагія мае тата і мама, я ажаніўся, у мяне ў Беларусі ёсць сям’я і дзеці.
Анвар не ўдакладняў, як усё ж успрыня­лі яго такую самавольнасць бацькі, але, праведаўшы іх і свой Пакістан, Анвар вярнуўся ў Беларусь, дзе яго чакалі жонка Алена і дзве дачкі Сафія і Рыма.
— Ён паехаў, паўгода не было, — уступае ў размову Алена, — і я думала, што Анвар назад не вернецца. Але прыехаў.
— А як вы пазнаёміліся? – цікаўлюся ў Алены.
— У 1993 годзе я закончыла 9 класаў Арэхаўскай сярэдняй школы і паехала паступаць у Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Анвар тады вучыўся там жа, у Магілёве, на падрыхтоўчым факультэце ў машынабудаўнічым інстытуце, дзе вывучаў рускую мову. Нашы інтэрнаты былі амаль побач. Неяк ён прыйшоў са сваім сябрам да нас у госці, мы тады і пазнаёміліся. Тры дні сустракаліся і ён адразу прапанаваў мне стаць яго жонкаю.
— І Вы згадзіліся?
— Я сказала, што згодна, хаця, напэўна, сама не разумела, што гэта сапраўды сур’ёзна і на ўсё жыццё, бо было мне ўсяго толькі 18 гадоў, Анвару – 21.
— А не баяліся, Вы ж ведалі Анвара ўся­го толькі 3 дні?
— Я закахалася ў яго адразу, як толькі пазнаёміліся. Вельмі гаварлівы, абаяльны, статны, далікатны, ён не мог не спадабацца.
— Вяселле спраўлялі?
— Рэгістравалі мы свой шлюб у Маларыце. Шыкоўнай урачыстасці з гэтай нагоды не было, але вечар бацькі справілі.
— А з бацькамі Анвара знаёмыя ўжо?
— Не тое, што знаёмая, мне жыць у Пакіс­тане ў іх сям’і 5 гадоў давялося. Бо калі Анвар прыехаў да нас з дзецьмі, сказаў: “Не паедзеш са мною, паеду сам, ажанюся і застануся жыць там”. Я злякалася, што буду з дзецьмі адна, не ўбачу яго больш і… паехала, хаця было вельмі і вельмі страшна ехаць у чужую і незнаёмую мне краіну.
…Сустракаць сына з беларускай нявест­кай-хрысціянкай Аленай і ўнукамі мусульманская пакістанская сям’я Анвара ў аэрапорт прыехала ўся. Дома наладзілі з нагоды прыезду гасцей абед. Пазнаёміліся. І хоць у сям’і Анвара ўсе прынялі Алену вельмі добра, яна ўсё роўна адчувала сябе тут чужой.
— Я доўга не магла прывыкнуць да іх нацыянальнага адзення, галаўных убораў, якія трэба было абавязкова штодзённа насіць, — расказвала Алена. — Акрамя ўсяго, я павінна была ўтойваць той факт, што хрысціянка. Калі нехта ўдакладняў, якой я веры, родзічы Анвара сцвярджалі, што мусульманка, каб не падрываць рэпутацыю сваёй сям’і. Ні я, ні Анвар першыя два гады ў Пакістане нідзе не працавалі. Утрымлівала нас цалкам яго радня – жылі мы ўсе разам, а гэта больш за 20 чалавек, у вялікім бацькоўскім доме. Так у іх заведзена.
І хоць усё больш-менш складвалася добра, Алену з кожным днём адольвала пачуццё настальгіі. Ды і клімат, спякотны, сухі, ні ёй, ні дзецям не падыходзіў. Яны часта хварэлі. Таму Алена прымае рашэнне вярнуцца дамоў, у Беларусь. Едзе з ёю і Анвар. Едуць на яе радзіму ў вёску Арэхава.
— Калі мы прыехалі дамоў, — прызнавалася Алена, — я гатова была зямлю цалаваць… І з таго часу сама сабе і Анвару сказала: «Нікуды больш з Беларусі не паеду».
Нікуды ехаць не збіраецца і Анвар.
— Я тут адчуваю сябе, як дома, — прызнаецца ён. – Як-ніяк, а ўжо больш чым дзясятак гадоў у Беларусі. На маёй радзіме мяне жартам рускім называюць. Некалі Алена не змагла прывыкнуць да нашага вельмі гарачага клімату, а цяпер і я, калі заеду на радзіму, адчуваю, што і ён мне ўжо не вельмі падыходзіць.
Два гады таму назад Анвар і Алена Ул Хаг атрымалі 3-пакаёвую кватэру ў Маларыце і пераехалі з Арэхава ў райцэнтр.
— Мы за яе не плацілі ні рубля, — удакладняе Анвар, — дзяржава ваша за нас разлічылася, як за шматдзетную сям’ю, а яна прырасла за апошнія гады яшчэ на дзве нашы дзяўчынкі: Эмілію і Іларыю. Гэта добра, што ў вашай краіне так падтрымліваюць вялікія сем’і. На жаль, нягледзячы на такія значныя матэрыяльныя стымулы з боку вашай дзяржавы, беларускія жанчыны і мужчыны ўсё роўна не згаджаюцца мець вялікія сем’і, чаго не скажаш пра нашых. Колькі Аллах дзяцей дае, столькі іх і павінна быць. Асабліва радуюцца ў сем’ях, калі нараджаюцца хлопчыкі, сыны. Бо калі няма ў сям’і сына, бацькі лічаць сябе нешчаслівымі: яны ж не забяспечылі сабе спакойную старасць. Па нашых законах і звычаях утрымліваць пажылых бацькоў павінны дзеці, сыны ў прыватнасці. У вас, на вялі жаль, старыя бацькі да скону ўтрымліваюць сваіх дзяцей.
Бачу яшчэ адну прычыну, з-за якой беларускія жанчыны не імкнуцца мець многа дзяцей: не ўсе вашы мужчыны ўсведамляюць тую вялікую меру адказнасці, якая кладзецца на іх, калі становяцца бацькамі. Многія, як паказваюць жыццёвыя прыклады, проста забываюць, што ў іх ёсць дзеці, што яны, а не хто іншы, пусціў іх на свет.
— Што яшчэ Вас, Анвар, не радуе ў нашай рэчаіснасці?
— У вас не так шчыра паважаюць і шануюць пажылых людзей, як у нас. Дзеці, у прыватнасці сыны, ніколі не пакінуць сваіх састарэлых бацькоў адных. Яны, як я ўжо гаварыў, павінны забяспечваць іх матэрыяльна. Пенсій жа ў нас, як у вас, пажылым людзям не даюць. У нас нават стравы для бацькоў у сям’і асобныя гатуюць, больш каларыйныя, вітамінізаваныя, каб яны падмацоўвалі свой слабы арганізм. Ніхто з маладых не будзе сядзець, калі, скажам, у пакой зойдзе чалавек больш сталага ўзросту.
Нашы жанчыны, у адрозненне ад вашых, не ўдзельнічаюць у вырашэнні матэрыяльных праблем сям’і. Гэта абавязак мужчын.
Не ў пакістанскіх звычаях пакідаць жанчыну-маці без сродкаў да існавання, а дзяцей – тым больш.
— Не паверу, калі Вы, Анвар, скажаце, што не сумуеце па родных і па радзіме?
— Спачатку мне вельмі і вельмі хацелася дамоў, вельмі і вельмі сумаваў па блізкіх, па бацьках. Цяпер ужо не так цягне на радзіму, як раней. Бацькоў няма, а з братамі і сёстрамі, пляменнікамі можна зносіцца і зношуся пры дапамозе інтэрнэта. Да ўсяго, сюды, у Маларыту, да мяне прыехаў мой пляменнік, сын старэйшага брата, Руман. Мы з ім разам працуем, таму ёсць магчымасць пазносіцца на сваёй роднай мове, якую, вядома ж, не забыў. Тым больш, што Руман зусім не ведае рускай мовы.
— Беларусь з яе добрым і талерантным народам – тая краіна, дзе добра сябе адчуваюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Анвар, Вы ў гэтым пераканаліся?
— Сапраўды, у вас я адчуваю сябе, як дома. Мне тут утульна і камфортна. Ёсць нямала добрых сяброў, прыяцеляў.
— Што найбольш падабаецца Вам у нашай беларускай кухні?
— Люблю дранікі, запечаную рыбу, плоў, розныя салаты. Дарэчы, Алена цудоўна гатуе, хаця я і сам з ахвотай раблю гэта.
* * *
…Мы развітваліся. І мне здалося, што я разам з Анварам і Аленай пабывала ў далёкім Пакістане, дзе, як зразумела, захоўваюць многія добрыя маральныя традыцыі, якія не лішнім было б пераняць і нам.
НА ЗДЫМКУ: Алена і Анвар Ул Хаг разам з Эміліяй і Іларыяй і пляменнікам Руманам.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 18.04.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


seo киев

https://viagraon.com

ry-diplomer.com/akademicheskaya-spravka