Камфортна ўсім

Калі размова ідзе пра здароўе чалавека, важна ўсё. І нават тое, якія ўмовы для пацыентаў створаны ў медустановах. Бо гэта тыя фактары, якія, калі не прама, дык ўскосна адбіваюцца на настроі чалавека. 

Ты зайшоў у чысцюткі і святлюткі кабінет да ўрача, і, здаецца, на нейкі момант пасвятлела ў вачах і пра боль забыў. Камфортная тэмпература ў палаце, і табе, хвораму, больш камфортна на душы.
Калі браць медустановы раёна, стан іх адпавядае санітарным патрабаванням, што адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам райгазеты галоўны ўрач цэнтральнай райбальніцы Пётр Селівонік. І ўдакладніў, што толькі летась на капітальны рамонт медустаноў было зрасходавана больш чым 2 мільярды рублёў бюджэтных сродкаў, на касметычны – больш чым 730 мільёнаў рублёў. Амаль 80 мільёнаў з гэтай сумы пайшло на рамонт Ляхавецкай амбулаторыі.
— Пайшло б больш, — гаварыў Пётр Міхайлавіч, — калі б мы наймалі рамонтнікаў. Але большасць работ у амбулаторыі былі выкананы ўласнымі сіламі. Да прыкладу, фарбавалі сцены, клеілі плітку на столь нашы работнікі з гаспадарчай групы ра­зам з работнікамі амбулаторыі.
Што яшчэ зроблена ў медустанове ў вёсцы Ляхаўцы? Тут замянілі старыя вокны на шклопакеты, паставілі новыя ўваходныя дзверы ў амбулаторыю і ў кацельню. Касметычная аддзелка зроблена ў самім памяшканні амбулаторыі і ў кабінетах. На вокнах з’явіліся жалюзі.
— Нам вельмі падабаецца цяпер у нашай амбулаторыі, — прызнавалася ў час нашай сустрэчы фельчар Алёна Бурштын. — Асабліва, калі параўноўваць з тым, як было раней. Сам па сабе будынак вельмі стары, але і кіраўніцтва райбальніцы, і мы самі стараемся падтрымліваць яго ў належным стане.
Дарэчы, работнікі амбулаторыі стараюцца падтрымліваць у добрым стане не толькі саму медустанову, але і тэрыторыю ля яе. На клумбах шмат кветак, асабліва руж.
— Працуем на добраўпарадкаванні вясною ўсе разам, — гаворыць Алёна Бурштын, — а непасрэдна за кветкамі даглядаюць нашы санітаркі Мая Уладзіміраўна Касянюк і Ларыса Мікалаеўна Самасюк. Не раз наша амбулаторыя займала 1-ыя месцы ў конкурсе па добраўпарадкаванні, які праводзіўся сярод медустаноў раёна. А за грошы, атрыманыя ў якасці прэмій, мы кожны раз куплялі яшчэ больш руж.
Адна са старэйшых работнікаў амбу­латорыі Таццяна Яўтушык, якая тут працуе 25 гадоў, успамінае, што добрая традыцыя падтрымліваць тэрыторыю ля медустановы ва ўзорным стане зарадзілася даўно. І з таго часу яна жыве, дзякуючы ўсяму калектыву.
А ён хоць і невялікі, але стабільны, згуртаваны, дружны. Не затрымліваюцца тут чамусьці толькі ўрачы агульнай практыкі. А ўсе астатнія — пастаянныя. Участковая медсястра Алена Бурштын працуе 16 гадоў, Мая Касянюк – 24, фельчар Алёна Бурштын 7 гадоў у калектыве, прыкладна столькі і санітарка Ларыса Самасюк. Вадзіцель Андрэй Дацык прыйшоў працаваць нядаўна, але, як пераканаліся ўжо ў калектыве, ён “свой”, надзейны.
— Нам камфортна працаваць тут, — гаварыла фельчар. – І не толькі таму, што ўмовы адпаведныя створаны, але і што сябруем, дапамагаем адзін аднаму, калі трэба.
Згадзіцеся, такі добры мікраклімат у калектыве, зноў жа не можа станоўча не адбівацца на здароўі пацыентаў.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: калектыў Ляхавецкай амбулаторыі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 23.04.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.