Дысбаланс запыту і прапановы

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя, які ў пачатку года складаў у раёне 0,8% ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва, за першыя тры месяцы павялічыўся да 1,2%. Сваю ролю тут адыграла няпростае эканамічнае становішча некаторых арганізацый і прадпрыемстваў, што прымусіла работнікаў шукаць новае месца працы. Хвалю зваротаў у службу занятасці выклікаў і падпісаны кіраўніком дзяржавы Дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Ім устаноўлена, што грамадзяне, якія не працуюць і не прымаюць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў, павінны плаціць збор у памеры 20 базавых велічынь.
Якія вакансіі прапаноўвае сёння аддзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама тым, хто знаходзіцца ў пошуку працоўнага месца? Ці кожны, хто звярнуўся за працаўладкаваннем, можа разлічваць на афіцыйны статус беспрацоўнага? Якую рэальную дапамогу ад службы занятасці можа атрымаць чалавек, які хоча працаваць? Гэтыя пытанні карэспандэнт райгазеты задала начальніку аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяне Хатынюк.

— Таццяна Васільеўна, колькі людзей з пачатку года звярнулася да вас у пошуку работы?
— 137 чалавек. З іх 110 атрымалі афіцыйны статус беспрацоўнага. З агульнай колькасці тых, хто звярнуўся, 54 чалавекі былі працаўладкаваны, у тым ліку 45 беспрацоўных.
— А ці ёсць у раёне вакансіі?
— На 1 красавіка налічвалася 35 свабодных працоўных месцаў, заяўленых наймальнікамі. З іх толькі 11 – у горадзе. Большасць вакансій – урачы-спецыялісты. Вакансіі рабочых прафесій ёсць толькі ў сельскай мясцовасці — у сельгаспрадпрыемствах раёна. Гэта і з’яўляецца прычынай дысбалансу запыту і прапановы, бо большасць беспрацоўных – жыхары горада, але не кожны гарадскі жыхар хоча ехаць на работу ў сельскую мясцовасць.
— Ці кожны, хто не працуе, можа разлічваць на статус беспрацоўнага?
— Калі чалавек застаўся без работы, мае на руках працоўную кніжку і прапісаны па месцы жыхарства ў Маларыцкім раёне ці горадзе Маларыта, ён атрымае такі статус.
— І будзе атрымліваць дапамогу па беспрацоўі?
— Дапамогу атрымліваюць тыя, хто звольнены па ўважлівых прычынах: па заканчэнні тэрміну кантракта, па стану здароўя. Са 110 беспрацоўных дапамогу атрымліваюць 75 чалавек. Але садзейнічанне ў працаўладкаванні мы аказваем не толькі афіцыйна беспрацоўным. Знайсці работу дапамагаем усім, хто звяртаецца: і людзям, якія працуюць, але жадаюць змяніць работу, і асобам, якія асуджаны да папраўчых работ, і пенсіянерам, і многім іншым катэгорыям грамадзян. Яны атрымліваюць вусную кансультацыю, знаёмяцца з пералікам вакансій, атрымліваюць іншую карысную інфармацыю.
— Таццяна Васільеўна, а які на сённяшні дзень “партрэт” беспрацоўнага, ці змяніўся ён?
— У пераважнай большасці сённяшні беспрацоўны – гэта мужчына ва ўзросце ад 25 да 45 гадоў з сярэдняй ці сярэдне-спецыяльнай адукацыяй. 24 працэнты тых, хто звяртаўся да нас у пошуку работы, – людзі, якія доўгі час, ад 5 да 10 гадоў, нідзе не працавалі, а значыць страцілі ўжо усе свае навыкі.
— І што можа прапанаваць такім людзям аддзел занятасці?
— Толькі некваліфікаваную работу. А яшчэ па жаданні беспрацоўных мы можам накі­раваць іх на прафесійнае навучанне. Яно праводзіцца па рабочых прафесіях, пералік якіх даволі вялікі. Найбольш запатрабаваныя цяпер прафесіі вадзіцеля пагрузчыка, цырульніка, кладаўшчыка, навучаем мы і асновам прадпрымальніцкай дзейнасці. З пачатку года было накіравана на навучанне 10 беспрацоўных. На працягу ўсяго часу навучання беспрацоўныя атрымліваюць стыпендыю, ім аплачваецца праезд да месца навучання ці пражыванне па месцы навучання.
— А калі беспрацоўны сам хоча стварыць для сябе працоўнае месца, адкрыць сваю справу, ён таксама можа звярнуцца за дапамогай?
— Штогод мы аказваем садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. У прыярытэце тыя віды дзейнасці, якія зацверджаны рашэннем райвыканкама. У пераліку 25 найменняў. Перавага аддаецца сферы паслуг, сельскагаспадарчым накірункам — жывёлагадоўлі, раслінаводству. Сёлета мы аказалі садзейнічанне аднаму беспрацоўнаму па такому віду дзейнасці, як будаўнічыя і апрацоўчыя работы. Субсідыя, якая складае больш за 16 мільёнаў рублёў, – добрая падтрымка ў пачатку сваёй справы.
Гутарыла Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: начальнік аддзела занятасці Таццяна Хатынюк.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 23.04.2015 г.

Добавить комментарий


もっと

www.farm-pump-ua.com/trenbolon.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!