Невядомы знаёмы

5 красавіка гэты чалавек, якога так і хочацца назваць “жыўчык”, бо ён, здаецца, заўжды ў руху, адзначыў свой чарговы дзень нараджэння. 81-ы па ліку.

Сказаць, колькі гадоў аса­біста ведаю Уладзіміра Дрэмука, мабыць, не скажу. Магчыма, з таго часу, як у далёкім ужо 1981-м годзе прыйшла ў “раёнку”, тады яшчэ “Сельскае жыццё”. А вось упершыню пачула пра загадчыка Маларыцкага аддзела сацыяльнага забеспячэння райвыканкама ў 1977 годзе. Ад сваёй маці, якая тады афармляла дакументы на атрыманне пенсіі. Памятаю, як прыехала яна з райцэнтра і з захапленнем гаварыла пра ветлівасць і чуласць гэтага чалавека да людзей, пра яго прафесійную кампетэнтнасць, зацікаўленасць у тым, каб кожны сумленны чалавек атрымаў пенсію згодна з яго працоўнымі заслугамі. Я ж з юначым максімалізмам і прастатой тады адказала, а што тут, маўляў, дзіўнага — гэта яго работа.
— Ды не скажы, — заўважыла маці, якая, як гавораць, пабачыла ўжо жыццё і начальнікаў. – Далёка не ўсе так ставяцца да сваёй работы і тым больш адносяцца да радавога працаўніка.
Я не стала аспрэчваць яе выказванне. Толькі падумала: магчыма, мама мае рацыю, і на доўгія гады забыла пра тую размову. Тым больш, што мне да пенсіі было яшчэ ой як далёка, і да журналістыкі я тады не мела ніякага дачынення, каб, як выказалася мама, напісаць пра яго ў газету.
Пазней ужо, калі працавала ў Брэсце, падчас паездкі на работу ці вяртання дамоў дызель-цягніком мне неаднойчы даводзілася бавіць час за размовай з гэтым чалавекам. Уладзімір Андрэевіч то ад дачкі, якая жыве ў абласным цэнтры вяртаўся, то з Польшчы, куды іншым разам ездзіў, то ад сястры. У той перыяд ён ужо знаходзіўся на заслужаным адпачынку. Тады зразумела, што колішні загадчык аддзела сацыяльнага забеспячэння яшчэ і цікавы суразмоўца, хоць быццам і знаёмы, але зусім невядомы для мяне чалавек. З ім мы гаварылі на самыя розныя тэмы, абмяркоўвалі падзеі, якія адбываліся тады ў свеце і краіне, успаміналі агульных знаёмых. Але найбольш цікавымі для мяне былі аповяды Уладзіміра Дрэмука пра неардынарныя выпадкі з яго працоўнай біяграфіі, якіх хапіла б на добры фільм. Без пагоні і перастрэлкі, праўда, але з момантамі абароны ад кліентаў, з якімі яму даводзілася працаваць. Здараліся ў жыцці Дрэмука і такія выпадкі. Звычайна, калі некаму раптам здавалася, што яго абдзялілі пенсіяй. І вінаватым у гэтым чамусьці лічылі загадчыка аддзела сацыяльнага забеспячэння. А ён усяго толькі прытрымліваўся літары закона і спасылаўся на прадастаўленыя для афармлення пенсіі дакументы.
…На дамоўленую сустрэчу Уладзімір Андрэевіч прыйшоў, як гавораць, ва ўсеўзбраенні. Выгалены, па-святочнаму апрануты і з вялікім партфелем, у якім, як аказалася, “знаходзіліся яго жыццёвая і працоўная біяграфіі”. Яго жыццё і праца былі ў пажаўцелых ад часу чорна-белых фотакартках, на якіх, хоць і з цяжкасцю, знаходзіла сярод мужчын у ваеннай форме і Дрэмука маладога; у выразках з газет з заметкамі пра яго, а таксама з уласнымі, што ён дасылаў у перыядычныя выданні; у стосе грамат – за ўдзел у мастацкай самадзейнасці, у перапісе насельніцтва, за актыўны ўдзел ва ўмацаванні абароназдольнасці краіны, Пісьмы падзякі і па­хвальныя лісты ад раённай улады, ад абласнога Савета дэпутатаў, ад цэнтральнага камітэта таварыства Чырвонага Крыжа БССР, ад абкама камсамола, спецыялізаванага і іншых ведамстваў і міністэрстваў, і нават ад Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. А яшчэ – у двух медалях: “За шматгадовую сумленную працу” і “100 гадоў з дня нараджэння У.І. Леніна”. І няхай узнагароды гэтыя не такія важкія, як, напрыклад, Залатая Зорка Героя Сацыялістычнай Працы, ці ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, але яны — ацэнка работы і актыўнай жыццёвай пазіцыі Уладзіміра Дрэмука. Усё, што знаходзілася ў партфелі, ён заслужыў за сваё жыццё, якое, як адзначае сам Уладзімір Андрэевіч, было цікавае. Хоць, магчыма, нехта і скажа: ды што цікавага можа быць у рабоце загадчыка аддзела сацыяльнага забеспячэння, па сутнасці, кабінетнага работніка?
А гэта ўжо напрамую залежыць ад самога кабінетнага работніка. Тым больш, што Уладзімір Дрэмук, які 31 год узначальваў аддзел сацыяльнага забеспячэння Маларыцкага раёна, ніколі не лічыў сябе такім. Знаходзячыся на гэтай пасадзе, як і некалі ў маладосці, калі пачынаў сваю працоўную біяграфію старшым інспектарам аддзела сацыяльнага забеспячэння Дывінскага раёна, а пасля яго ліквідацыі — працягваў старшым рахункаводам, інспектарам і старшым інспектарам Кобрынскага аддзела сацыяльнага забеспячэння, ён даволі часта выязджаў у населеныя пункты раёна, сустракаўся з людзьмі, вырашаў спрэчныя пытанні. Менавіта таму яго і дагэтуль памятаюць у вёсках людзі старэйшага пакалення, а сам Уладзімір Андрэевіч беспамылкова можа сказаць, дзе знаходзіцца дом пенсіянераў бабы Ганны ці дзеда Івана, распавесці пра іх лёсы.
А яшчэ пра тое, колькі розных інстанцый давялося прайсці, каб дапамагчы колішняму бухгалтару калгаса “Новы шлях” даказаць, што той у гады Вялікай Айчыннай вайны быў фашысцкім вязнем. Затое ён шчыра парадаваўся за чалавека, калі ісціна ўсё ж узяла верх.
Распавёў падчас размовы Уладзімір Андрэевіч і пра тое, як дапамог аднавіць працоўны стаж Пятру Ляшкевічу. Дзякуючы карпатлівай рабоце, якую яму давялося правесці, у Растоўскай вобласці, дзе некалі працаваў гэты чалавек, удалося “знайсці” яшчэ 2 гады. Самому ж загадчыку аддзела сацыяльнага забеспячэння работнікі тамашняга архіва падзякавалі за клопат пра людзей. Гэта ўсяго некалькі найбольш памятных прыкладаў яго клапатлівых адносін да чалавека працы. А колькі іх было ўсяго за гады работы ў службе сацыяльнага забеспячэння, Уладзімір Андрэевіч зараз ужо і сам не ўспомніць.
Але не толькі “дзякуй” даво­дзілася яму чуць у свой адрас. Здараліся ў яго працоўнай біяграфіі і непрыемныя выпадкі, і скаргі на яго пісалі, але пра іх ён стараецца не ўспамінаць. Бо звязаны яны з людзьмі, якія самі рабілі не зусім правільна — мелі па 2-3 працоўныя кніжкі, а для налічэння пенсіі прыносілі толькі адну — найбольш выгадную для сябе, ці проста не ведалі асобных нюансаў тагачаснага пенсійнага заканадаўства. Пра адну такую гісторыю, калі чалавеку давялося пералічыць пенсію ў бок змяншэння, у 1989 годзе пісала нават рэспубліканская газета “Советская Белоруссия”, куды за дапамогай звярнуўся пакрыўджаны. Вярнуць больш высокую пенсію яму тады так і не ўдалося, затое гісторыя гэтая нейкім чынам паўплывала на тое, што пазней пенсійнае заканадаўства было ўдасканалена. І зараз пенсія налічваецца па-іншаму.
Даўно гэта было. І газета тая з артыкулам “Всегда ли гарантирует человеку благополучие на склоне лет заслуженная им ПЕНСИЯ” пажаўцела за чвэрць стагоддзя. Ды толькі не забылася тая гісторыя. Ды, відаць, і не забудзецца, бо за ёй лёс чалавека і асабісты лёс Уладзіміра Андрэевіча таксама. Ніколі не забудзецца і маленькая радзіма — колішні райцэнтр Дывін, дзе Уладзімір Дрэмук нарадзіўся, дзе па яго дзіцячым жыцці прайшлася вайна. Заўсёды будзе помніць ён сваю работу, на якой, калі няма душы, лепш не працаваць, сваіх калег, вучобу ў Чалябінскім юрыдычным тэхнікуме, каб быць падкаваным на ўсе сто, сваю жонку Валянціну, якой не стала 21 год таму. Усё гэта яго жыццё і ён сам у гэтым жыцці.
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: Уладзімір Дрэмук.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 29.04.2015 г.

Добавить комментарий


раскрутка и продвижение сайта
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!