Пастка ў выглядзе складанага лабірынту, або Аб тым, што сведчыць статыстыка, і аб некаторых праблемах бясплоднасці

Згодна з дадзенымі, прадстаўленымі галоўным акушэрам-гінеколагам Міністэрства аховы здароўя Святланай Сарокай, сёння ў Беларусі жыве 2,7 мільёна сем’яў, з іх у 1,3 мільёна – ёсць дзеці. І ў той жа час кожная 10-12-я пара не могуць зачаць дзіця. Ацаніць, якая рэальная лічба, немагчыма. Каля 12% пар не рэгіструюць шлюб, а гэта значыць, не трапляюць у афіцыйную статыстыку. Акрамя таго, часта жанчыны назіраюцца ў спецыялістаў з нагоды спадарожных захворванняў, што маскіруюць галоўны дыягназ – “бясплоднасць”. А многія мужчыны зусім аддаюць перавагу таму, каб не афішаваць праблему і не звяртацца за медыцынскай дапамогай. Як заявіла Святлана Сарока, наша дзяржава прымае ўсе неабходныя меры для вырашэння праблемы бясплоднасці і павышэння ўзроўню нараджальнасці ў краіне.
Рэалізуюцца такія маштабныя сацыяльныя праграмы, як аказанне дзяржавай фінансавай дапамогі шматдзетным і маладым сем’ям пры будаўніцтве жылля, развіцці сістэмы бясплатнага забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця, аказанне адраснай сацыяльнай дапамогі.
Пачынаючы з 2004 года, паказчыкі нараджальнасці значна ўзраслі ва ўсіх рэгіёнах. Калі ў цэлым па Беларусі ў 2014 годзе ён быў на ўзроўні 2013 года – 12,5, дык у Брэсцкай вобласці склаў 13,4, пры гэтым у Маларыцкім раёне – 14,2.
Але нягледзячы на гэта каля 15% сямейных пар у Беларусі пакутуюць бясплоднасцю. Прагназуецца, што ў нас, як і ва ўсім свеце, гэтая лічба будзе расці. Статыстыка сцвярджае, што бясплоднасць маладзее. Калі ў 1995 годзе сярэдні ўзрост пацыентак быў 37,7 года, дык цяпер – 28-30 гадоў. Але гэта можна растлумачыць інфармаванасцю. Маладыя муж і жонка не чакаюць 10-15 гадоў, не чакаюць нават 5 гадоў. 2 гады абследавання і лячэння, і, калі няма вынікаў, муж і жонка ідуць на ЭКА. І шанцаў у іх на нараджэнне дзіцяці значна больш.

Дыягназ “бясплоднасць” напамінае пастку ў выглядзе складанага лабірынту. Вы не ведаеце, што чакае наперадзе, і таму не можаце будаваць свае жыццёвыя планы. Вы зноў і зноў праходзіце па тым самым шляху, пастаянна блукаючы і заходзячы ў тупік. Вы адзінокія, і няма каму падказаць вам, дзе ж знаходзіцца выйсце.
У вас мноства пытанняў, на якія вы не можаце атрымаць адказ. Хто самы лепшы доктар? Які метад лячэння ў вашым выпадку самы эфектыўны? Якія варыянты можна выкарыстаць, каб пераадолець бясплоднасць?
Бясплоднасць – гэта праблема, што датычыць не толькі мужа і жонкі, але і ўсёй сям’і. Яно нясе з сабою страх, занепакоенасць, злосць, пакуты, і, нягледзячы ні на што, — надзею. Гэта праблема глыбока пранікае ў эмацыянальную сферу і асабістыя ўзаемаадносіны мужа і жонкі, забірае ў іх усе сілы і энергію. Яна забірае час і грошы, патрабуе поўнай аддачы.
Пераадоленне праблем, звязаных з бясплоднасцю, — гэта задача, над якой трэба працаваць; яна патрабуе часу і значных намаганняў.
Памятайце пра тое, што вы павінны быць актыўным удзельнікам лячэбнага працэсу. Бясплоднасць часта цягне за сабой пачуццё бездапаможнасці, бо вы не можаце мець дзіця, якое так моцна хочаце. Адным са спосабаў кантролю над сітуацыяй з’яўляецца добрая інфармаванасць, што дазваляе прымаць удзел у пераадоленні бясплоднасці. Вы – паўнапраўны член медыцынскай каманды; чым больш вы ведаеце, тым больш эфектыўна вы зможаце прымаць удзел у рашэннях, якія аказваюць непасрэдны ўплыў на ваша жыццё.
Якія ж суадносіны жаночай і мужчынскай бясплоднасці? Яшчэ 10 гадоў таму назад, калі ў сям’і не было дзяцей, ва ўсім абвінавачвалі жанчыну. І думак аб тым, што прычына можа быць у мужчыне, — нават не ўзнікала. І тым не менш, сёння згодна з дадзенымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, жаночая бясплоднасць сустракаецца больш рэдка, чым мужчынская. Таму праблема мужчынскай бясплоднасці існуе і яна вельмі сур’ёзная. “Гэтага проста не можа быць…, — думаюць многія мужчыны. — Я ж цудоўна сябе адчуваю, у мяне няма ніякіх праблем сексуальнага характару”. Мы прывыклі, што ў захворвання павінны быць нейкія сімптомы, але вельмі часта дакладных прыкмет бясплоднасці не існуе. Яно выяўляецца ў абсалютнай большасці выпадкаў пры абследаванні мужа і жонкі, калі на руках у доктара з’яўляюцца вынікі аналізаў.
Што можа стаць прычынамі мужчынскай бясплоднасці?
Яны вельмі шматлікія. Іх умоўна можна раздзяліць на некалькі груп. Да асноўных адносяцца тыя, якія былі своечасова не дыягнаставаны ці недалечаны як у дзіцячым, так і ў падлеткавым узросце. Скажам, інфекцыі мочапалавой сістэмы; некаторыя дзіцячыя інфекцыі, перанесеныя ў перыяд станаўлення сперматагенезу, да прыкладу, паратыт; эндакрынныя парушэнні; прыроджаная паталогія мочапалавой сістэмы і генетычна абумоўленыя парушэнні; і дыягнастычная бясплоднасць – калі прычыну ўстанавіць не ўдаецца.
Прычынамі мужчынскай бясплоднасці могуць стаць і знешнія фактары: курэнне, хранічны алкагалізм, ужыванне наркотыкаў, частыя велапрагулкі ці конная язда, празмернае наведванне сауны, траўмы, прыём некаторых медыкаментаў, промневая тэрапія, хіміятэрапія, прыём анабалічных стэроідаў ці празмерныя фізічныя нагрузкі, што зніжаюць узровень тэстастэрону.
А хлопчыкі 13-14 год не гуляюць на вуліцах, а сядзяць дома за камп’ютарамі, а гэта апраменьванне – вельмі магутны фактар, асабліва ў такой колькасці, у якой яго атрымлівае моладзь. Мабільныя тэлефоны таксама не дадаюць мужчынам сілы. Бо яны, у адрозненне ад жанчын,больш адчувальныя.
Таксама ёсць шэраг псіхалагічных праблем, якія таксама могуць прывесці да бясплоднасці. Адна з іх – стрэс, які працягваецца вельмі доўгі час. Прычынай можа стаць і тое, что чалавек падсвядома не хоча дзіцяці і адчувае розныя страхі, звязаныя з нараджэннем яго. Ці псіхалагічныя праблемы могуць быць закладзены ў дзяцінстве, калі хлопчык пастаянна чуе заўвагі аб тым, што ён нічога не можа, не ўмее і ніколі не стане сапраўдным мужчынам.
Сярод асноўных прычын жаночай бясплоднасці могуць быць: спадчынны фактар, аборты, запаленчыя працэсы, стрэсы. Шматлікія даследаванні пацвердзілі, што і антрапагенныя фактары ўплываюць на рэпрадуктыўную функцыю: харчовыя звычкі, маларухомы лад жыцця, розныя захворванні.
Шмат маладых жанчын кураць, не разумеючы, што таксічныя кампаненты тытунёвага дыму зніжаюць магчымасць выспяванне паўнацэннай яйцаклеткі. Сёння можна ўбачыць нават цяжарную жанчыну з цыгарэтай.
Калі сямейнай пары біць трывогу? Калі на працягу рэгулярнага палавога жыцця без засцярогі з боку мужа і жонкі праз год не настае цяжарнасць. Калі жанчыне больш чым 35 гадоў, чакаць трэба не больш чым 6 месяцаў.
Куды звяртацца маладой пары? Спачатку ў акушэрска-гінекалагічнае аддзяленне паліклінікі райбальніцы. Акрамя таго, у Брэсце працуе цэнтр “Шлюб і сям’я”, дзе можна атрымаць кансультацыю па пытаннях планавання сям’і, лячэнне мужчынскай і жаночай бясплоднасці, дзе можна абследавацца, высветліць прычыну бясплоднасці і выбраць спосаб лячэння.
Якія віды бясплоднасці паддаюцца лячэнню?
Некаторыя адхіленні ў сперматагенезе, парушэнні авуляцыі ў жанчыны паддаюцца медыкаментознаму лячэнню. Вельмі эфектыўныя лапараскапічныя методыкі і інш.
Але сёння самы папулярны спосаб лячэння бяс­плоднасці – экстракарпаральнае апладатварэнне. Гэтым метадам карыстаюцца, калі астатнія спосабы не даюць патрэбнага выніку. Эфектыўнасць метаду ЭКА па статыстыцы ў 40% залежыць ад узросту. У 25-гадовай маладой жанчыны ёсць шанц стаць маці ў 50% выпадкаў, а ў 42-гадовай – не больш чым у 10%. Шанцы мець дзіця дасягаюць 60%, калі прычына бясплоднасці ў мужчыне. Калі жанчына лячылася 2-3 гады, эфектыўнасць ЭКА будзе зніжацца, бо гарманальныя стымулятары зніжаюць запасы яічнікаў, становіцца меншай магчымасць выгадаваць нармальныя яйцаклеткі.
У нашай краіне паслугі ЭКА аказваюць 4 цэнтры: 2 дзяржаўныя (Рэспубліканскі практычны цэнтр “Маці і дзіця”, Гомельскі медыцынскі цэнтр генетыкі і 2 прыватныя: Цэнтр рэпрадуктыўнай медыцыны, Цэнтр дапаможнай рэпрадукцыі “Эмбрыо”).
У заключэнне хачу яшчэ раз адзначыць, што паспяховае лячэнне бясплоднасці мужа і жонкі залежыць ад якасці абследавання іх. Таму, калі жанчына прапаноўвае мужчыне прайсці абследаванне разам з ёй, а часцей за ўсё менавіта жанчына з’яўляецца ініцыятарам, абавязкова гэта трэба зрабіць разам.
Паважаныя мужчыны і жанчыны! Як урач-гінеколаг жадаю вам моцнага здароўя, гарманічных сексуальных адносін і шчаслівага мацярынства і бацькоўства.
Таісія ЧУЙКО, загадчыца акушэрска-гінекалагічнага кабінета паліклінікі.

Опубликовано в «ГЧ» 29.04.2015 г.

Добавить комментарий


https://nissan-ask.com.ua/

sellmax.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!