У кожнай сцежкі свой працяг

Галоўны ручнік “Дажынак-2010” у Маларыце быў вытканы  яшчэ ў сакавіку Сцепанідай Сцепанюк з в.Дарапеевічы. Але ткацкі станок народнай майстрыхі з таго моманту не спыніў сваю работу. Усё лета жанчына, нягледзячы на вясковыя клопаты і турботы, шчыравала над заказам галоўнага рэжысёра абласных дажынак Анатоля Вараб’ёва. У час чарговага наведвання раённага Цэнтра народнай творчасці ён быў зачараваны вытканым ручніком. Анатолю Міхайлавічу вельмі спадабаўся ўзор, які Сцепаніда Аляксееўна па-майстэрску перанесла са старога абруса, што захаваўся ў яе ад маці. І сапраўды, каларытны, багаты арнамент, што ўвасабляе спецыфічныя рысы Дарапеевіцкага строю, здзіўляе сваёю прыгажосцю, непаўторнасцю і непераўзыдзенасцю . Для правядзення розных мерапрыемстваў абласнога ўзроўню і быў зроблены заказ яшчэ на такія ж  самыя ручнікі. Па словах Валянціны Струнец, дырэктара Цэнтра, на сённяшні дзень 22 даматканыя шэдэўры ўжо гатовы.
Каб ручнікі з’явіліся  на свет, Сцепанідзе Сцепанюк дапамагалі Валянціна Струнец, Ала Назарук і На­дзея Сцепанюк. Неабходна дадаць і тое, што ў сувязі з рамонтам будынка Цэнтра народнай творчасці ткацкі станок давялося перавезці ў Дарапеевічы. Таму для  своечасовага выканання заказу жанчынам даводзілася ездзіць у вёску.
P.S. Між   іншым,   Сцепаніда Сцепанюк з’яўляецца кіраў­ніком гуртка “Цуда­дзейны чаўнок”, якія працуе пры Цэнтры. Два разы на тыдзень за 30 км яна пры любым надвор’і прыязджае ў райцэнтр, каб навучыць забытаму рамяству юных маларытчан і перадаць ім свой багаты вопыт.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Валянціна Струнец з вытканымі ручнікамі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!