На стратным малацэ доўга не пражывеш

Напрыканцы красавіка іспыты па тэме “Сучасныя тэхналогіі вырошчвання рамонтнага маладняку буйной рагатай жывёлы, вытворчасці малака на малочных фермах прамысловага тыпу” праходзілі загадчыкі ферм СВК “Арэхава”.

Ферма «Заазёрная», якую прадстаўнічая дэлегацыя ўдзельнікаў семінара-нарады (кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі і ветурачы, а таксама загадчыкі ферм гаспадарак раёна) на чале са старшынёй райвыканкама Казімірам Лапічам наведала першай, у СВК “Арэхава”, бадай, самая дагледжаная. Як унутры, так і звонку. Але не толькі гэта вызначае яе сярод іншых жывёлагадоўчых аб’ектаў сельгаспрадпрыемства. Акрамя парадку, які не маглі не заўважыць удзельнікі мерапрыемства, на гэтай ферме 100-працэнтная захаванасць народжаных цялят, якія да двухмесячнага ўзросту ўтрымліваюцца побач з памяшканнямі ў спецыяльных доміках. Ды і сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе маладняку, якія тут дасягаюць 900 грамаў, у раёне атрымліваюць далёка не ўсе. А яшчэ, што немалаважна, з гэтай фермы на малочны камбінат паступае малако экстра-класа. І няхай пакуль яго зусім нямнога, але, як гавораць у народзе, цяжкі толькі пачатак.
Што ж тычыцца сучасных тэхналогій вырошчвання рамонтнага маладняку буйной рагатай жывёлы, то да іх асваення на ферме, як і ў СВК у цэлым, толькі збіраюцца прыступіць. Бо як можна выпойваць цялят праз зонд, калі яго няма ў наяўнасці? Таму мясцовыя даяркі дагэтуль выкарыстоўваюць дзедаўскі спосаб, а дакладней, соску, і гэты метад пакуль не падводзіць. Пра гэта і распавядала, трымаючы экзамен, загадчыца фермы Валянціна Алесік. А яшчэ яна гаварыла пра адказнасць жывёлаводаў, дзякуючы чаму ўдаецца і цялят захоўваць, і малако экстра-класа, і добрыя прыбаўленні ў вазе цялят атрымліваць. Магчыма, хваляванне, а яно вельмі адчувалася, не дазволіла жанчыне правільна адказаць на ўсе пытанні старшыні рай­выканкама пра тон­кас­ці гэтых самых сучасных тэхналогій. Ды хіба ў іх справа, у рэшце рэшт, калі ёсць вынік?
На ферме «Арэхава», дзе, па ўсім відаць было, да се­мінара рыхтаваліся ў спеш­цы, экзамен трымала Людміла Цвор. Як і яе калега з Заазёрнай, на пытанні старшыні райвыканкама яна часта адказвала неўпапад. Ды інакш і не магло быць, бо раскласці ўсё па палічках можа толькі практык, які сам прымяняў у рабоце той жа зонд для выпойвання цялят, карыстаўся іншым абсталяваннем, без якога немагчыма асваенне сучасных тэхналогій. Як крок наперад у гэтай справе ацаніў кіраўнік раёна тое, што на ферме, нарэшце, паставілі домікі для цялят. Ну, а закупленае абсталяванне (пра гэта паведаміў старшыня СВК Мікалай Пакроўскі), магчыма, будзе другім крокам для вырошчвання здаровага рамонтнага маладняку, пачынаючы ад нараджэння.
Пабывалі ўдзельнікі се­мінара і на комплексе, дзе рамонтны маладняк утрым­ліваецца з двухмесячнага ўзросту да злучнога перыяду. Тут усё яшчэ застаецца вялікая скучанасць жывёлы. Як і раней, не хапае кармоў. Затое цяпер, як зазначыў кіраўнік гаспадаркі, ёсць салома для подсцілу. І гэта плюс. Шкада толькі, што сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе рамонтных цялушак тут пакуль яшчэ вельмі далёкія ад тэхналагічных. А гэта значыць, што кароў з іх у будучым добрых не атрымаецца, а таму і з малаком будуць праблемы. Як зараз, калі яго рэалізацыя на карову не дасягае 10 кілаграмаў. А на стратным малацэ, зазначыў Казімір Лапіч, доўга не пражывеш. Падумаць пра гэта, а таксама пра кармы, нарыхтоўка якіх стартуе праз тыдзень-другі, параіў кіраўнік раёна як гаспадарам семінара, так і тым кіраўнікам, дзе ўсё яшчэ застаюцца праблемы з вытворчасцю малака і яго якасцю.
Надзея ЯЦУРА.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі семінара на комплексе па вырошчванні рамонтнага маладняку буйной рагатай жывёлы ў Арэхаве.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 6.05.2015 г.

Добавить комментарий


progressive.ua

Suzuki Grand Vitara аккумулятор купить
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!