“Дарыце людзям дабро”

Праваслаўнае сястрынста ў гонар абраза Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” пры Свята-Мікалаеўскай царкве г. Маларыты было створана ў лістападзе 2003 г. Больш чым за 11 гадоў існавання праведзена многа розных мерапрыемстваў. Сясцёр на послухах можна бачыць у храме, у капліцах у тэрапеўтычным корпусе Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы ў гонар абраза Божай Маці “Усецарыца” і пагранкамендатуры “Маларыта” ў гонар дабравернага князя Аляксандра Неўскага, у тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённай бібліятэцы, установах адукацыі, арганізацыях і прадпрыемствах. Шмат часу сёстры праводзяць з цяжкахворымі, інвалідамі, састарэлымі і адзінокімі людзьмі. Не застаюцца без увагі таксама бедныя, шматдзетныя, удовы і, наогул, усе, хто апынуўся ў няпростай жыццёвай сітуацыі.
— Кожнаму з іх патрэбна нейкая дапамога, — гаворыць Ніна Камянчук. – У мяне на акармленні цяпер знаходзіцца 8 чалавек ва ўзросце ад 45 да 89 гадоў. Я ўжо і сама далёка не маладая, аднак, пакуль магу, буду служыць бліжняму і словам, і справамі. Адчуваць адказнасць за іншых і быць камусьці патрэбнай – гэта так добра.
— Мне хутка будзе 85 гадоў, — кажа Алена Арлова. – З кватэры цяпер амаль не выходжу. Мне “жыць” дапамагаюць сёстры міласэрнасці, асабліва Ніна Іларыёнаўна. Жанчын з сястрынства мне прыемна бачыць у любы момант. Яны заходзяць пацікавіцца здароўем, дапамагчы згатаваць ежу, проста пагаварыць, пачытаць малітвы, акафісты. Сёстры вельмі шчырыя і добрыя. Вялікі дзякуй ім за клопат і турботы.
— Жаданне дапамагчы павінна спалучацца з уменнем аказваць дапамогу, — пераканана Любоў Колпікава, старшая сястра сястрынства ў гонар абраза Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” пры Свята-Мікалаеўскай царкве г. Маларыты. — Сёстры — жанчыны рознага ўзросту. Яны ў свой вольны час аказваюць сацыяльную дапамогу ўсім, каму яна патрэбна. Сёстры гэта робяць бясплатна, але шчыра, ад душы і сэрца. Дарыць людзям дабро, любоў тым, хто знаходзіцца побач,- сэнс жыцця для іх.
Царкоўных сясцёр міласэрнасці цяпер на ўсіх не хапае. Працы шмат, многа людзей, якім патрабуецца тая ці іншая дапамога. Таму мы запрашаем да нас усіх, у каго ёсць жаданне паслужыць бліжняму. Неабходна памятаць, што ўсё добрае, што робіць чалавек у сваім жыцці, вяртаецца яму дабром у некалькі разоў большым.
— Любоў Іванаўна, а з чаго пачынаецца міласэрнасць?
— З канкрэтных дзеянняў, — пераканана Любоў Колпікава. — На першы погляд, з самых нязначных, простых, а то і зусім непрыкметных крокаў. Напрыклад, перавесці праз дарогу чалавека ў чорных акулярах, саступіць у грамадскім транспарце месца жанчыне, паднесці бабулі цяжкую сумку, проста ўсміхнуцца сустрэчнаму на вуліцы, паспачуваць, даць добрую параду… Уяўляеце, якім бы стала наша жыццё, каб усе так рабілі?
На здымку: Ніна Камянчук (злева) расказвае аб праваслаўных двунадзясятых святах Алене Сцяпанаўне Арловай (у цэнтры).

Опубликовано в «ГЧ» 6.05.2015 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!