Чалавек-памяць

Час дабаўляе нам усё новыя і новыя звесткі пра Вялікую Айчынную вайну, дапамагае ўзнавіць раней невядомыя факты, яшчэ раз успомніць герояў-ветэранаў, маладосць якіх была апалена вогнішчам самай страшнай вайны. Дзякуючы ім мы, нашчадкі, жывём на сваёй роднай зямлі пад мірным блакітным небам. Пра аднаго з такіх людзей, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, дырэктара Маларыцкай школы-інтэрната, аўтара кніг па гісторыі Маларытчыны, адзначанага дзяржаўнымі ўзнагародамі, я хачу расказаць.

Васіль Піліпавіч Маркаў нарадзіўся ў 1923 годзе на Смаленшчыне. У 1939 годзе скончыў вясковую школу-сямігодку. Свой далейшы лёс юнак вырашыў звязаць з прафесіяй настаўніка. З сябрамі-аднагодкамі ён пешшу адправіўся ў Мсціслаўль, дзе было педагагічнае вучылішча. Пачаліся ўступныя экзамены. І ўсё б нічога, але ж трэба было здаваць іспыт па беларускай мове, якую хлопцы з Расіі не вывучалі. З усмешкай Васіль Піліпавіч успамінае, як увесь школьны курс беларускай мовы ён прайшоў за кароткі час у калідоры вучылішча. “Не хвалюйцеся, — кінуў ім на хаду выкладчык і супакоіў: — Як чуеце, так і пішыце”. Юнак напісаў дыктант і быў залічаны студэнтам Мсціслаўскага педагагічнага вучылішча. Навучанне вялося на беларускай мове, стыпендыя выплачвалася ў залежнасці ад атрыманых адзнак. Ён старанна вучыўся, на выхадныя хадзіў дадому дапамагаць маці. Але 22 чэрвеня 1941 года неспадзявана, жорстка і бязлітасна ўсе мары будучага настаўніка і мільёнаў іншых людзей перарвала Вялікая Айчынная вайна.
Хлопец вярнуўся ў родную вёску. Некаторы час жыў там разам са старэнькай матуляй. А ў 1943 годзе быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі мінамётчыкам. 3 сакавіка 1944 года ён быў цяжка паранены, перанёс cкладаную аперацыю. Потым доўга лячыўся ў ваенным шпіталі і пазней па загаду ваенкамата накіраваўся ў глыбокі тыл. У роднай вёсцы быў назначаны членам праўлення калгаса “Перамога” і брыгадзірам паляводчай брыгады. У 1945 годзе яго зноў пры­звалі ў армію. Перамогу над фашыстамі сустрэў ля горада Кёнігсберга ў саставе 3-га Беларускага фронта.
Паступова пачынала аднаўляцца мірнае жыццё. Васіль Піліпавіч давучыўся ў педагагічным вучылішчы, закончыў Магілёўскі настаўніцкі інстытут. Па размеркаванню быў накіраваны ў Камянецкі раён Брэсцкай вобласці. Працаваў спачатку завучам, потым дырэктарам сямігодкі. У 1952 годзе лёс прывёў яго на Маларытчыну. Тут ён доўгі час быў загадчыкам раённага аддзела адукацыі. Потым працаваў дырэктарам школы-інтэрната, СШ №1, старшынёй раённага савета ветэранаў. Але найбольш памятнымі ў сваёй прафесійнай біяграфіі Васіль Піліпавіч лічыць гады працы ў школе-інтэрнаце. Падчас вайны многія вёскі ў Маларыцкім раёне былі знішчаны, школ не хапала. У інтэрнаце знаходзіліся дзеці-сіроты, якім калектыву гэтай навучальнай установы даводзілася замяняць бацькоў – быць мудрымі дарадцамі, выхавальнікамі і проста сябрамі. Дырэктар і яго калегі-настаўнікі імкнуліся ўкласці душу ў кожнага свайго выхаванца, дапамагалі “выйсці ў людзі”, уладкавацца на працу, паступіць вучыцца. Для калектыву школы-інтэрната гэта была не проста праца, а спосаб жыцця. Потым, як адзначае былы дырэктар, выпускнікі школы-інтэрната неаднаразова ўспомняць цёплымі і шчырымі словамі сваіх другіх бацькоў — настаўнікаў.
Разам з вучнямі было зроблена многае: закладзены ў школе парк-сад, пасаджаны бярозкі на вуліцы Піянерскай. У гэты ж час пачаў працаваць музей “Патрыёт”, адным з ініцыятараў стварэння якога стаў Васіль Піліпавіч. Пад яго кіраўніцтвам была ўзноўлена гісторыя баёў на Маларытчыне 75-й стралковай дывізіі і 76-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Юныя следапыты школы-інтэрната падчас раскопак у раёне шашы Маларыта-Уладава знайшлі астанкі 76 байцоў. На пахаванне, успамінае Васіль Піліпавіч, прыязджалі маці і ўдовы з Кемерава і Яраслаўля, Калмыкіі і Грузіі, Уладзівастока і Арэнбурга, Казахстана. Дзякуючы дзейнасці краязнаўчага гуртка вывучалася гісторыя партызанскага руху на Маларытчыне, адкрываліся раней невядомыя імёны герояў. У розны час 16 вуліц Маларыты былі названы ў гонар удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта вуліцы Нядзвігіна, Ткачэнкі, Алесіка, Лакціёнава, Маруды і інш.
Шмат часу і энергіі аддаваў Васіль Піліпавіч школе-інтэрнату і асабліва рабоце па аднаўленню ваеннага летапісу, бо не па чутках ведаў, што такое вайна. Ведаў, як важна салдацкай маці, з выплаканымі вачамі, ведаць, дзе магіла яе сына. Пад яго кіраўніцтвам вялася перапіска з архівамі ва Украіне і ў Расіі, былі знойдзены звесткі пра многіх байцоў, якія лічыліся прапаўшымі без вестак. І цяпер, калі ўжо шмат часу знаходзіцца на заслужаным адпачынку, Васіль Піліпавіч працягвае працаваць з ваеннымі архівамі, з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, бо хоча, каб маладое пакаленне помніла і ведала сваю гісторыю, каб ніколі не дапусціла паўтарэння той страшнай вайны.
Людміла ЯРМАШУК, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДзУА “Маларыцкая сярэдняя школа № 2”.
НА ЗДЫМКУ: Васіль Піліпавіч Маркаў ля стэндаў музея “Патрыёт”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 8.05.2015 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!