Жыццё як раскрытая кніга

Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Іосіфу Андрэевічу Ківачуку нядаўна споўнілася 90 гадоў. Сёння ён з нецярплівасцю чакае 9 мая, каб адзначыць 70-годдзе Перамогі. Для яго гэта адно з самых галоўных святаў. І хаця вайна даўно закончылася, у памяці назаўжды засталіся ўспаміны пра баявое мінулае.

Іосіф Андрэевіч служыў разведчыкам 75-й асобнай разведроты 78-й Вісленскай ордэна Суворава стралковай дывізіі 1-га Украінскага фронта.
Пра перамогу над Германіяй даведаўся ў Дрэздэне.
— Радасці было многа, — успамінае Іосіф Андрэевіч, — а з нагоды заканчэння вайны вячэрняе неба азарылася святочным салютам.
Нарадзіўся Іосіф Анд­рэевіч у в. Мельнікі ў студзені 1925 года. У бацькі ён быў адзіным сынам, і той вельмі хацеў, каб Іосіф вучыўся і стаў адукаваным. У школу пайшоў у 6 гадоў. Каб закончыць 4 класы пачатковай школы, у Мельніках трэба было вучыцца 7 гадоў: у першым класе – адзін год, у другім – таксама 1, у трэцім – 2 гады і ў чацвёртым – 3 гады. Навучанне вялося на польскай мове. Дырэктарам тады быў Лявонцій Іванко.
Іосіф Андрэевіч успа­мінае: “Пасля заканчэння 4 класа я, адзіны з вёскі, пайшоў вучыцца ў Маларыцкую 7-гадовую школу. Там вучні былі розныя: беларусы, палякі, украінцы, рускія, яўрэі. Палякі былі католікамі, рускія, беларусы, украінцы – праваслаўныя, яўрэі – іудзеі. На ўроках па вывучэнні Закона Божага да католікаў прыходзіў ксёндз, да праваслаўных – свяшчэннаслужыцель Маларыцкай праваслаўнай царквы, а да яўрэяў – нейкая жанчына. Варожасці паміж вучнямі не было. Я вучыўся на “добра” і “выдатна”. Дырэктар школы абяцаў бацьку, што на наступны 1939-1940 навучальны год мяне адправяць вучыцца за дзяржаўны кошт у Брэсцкую гімназію. Але 1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу, пачалася другая сусветная вайна, бацьку мабілізавалі ў польскую армію…
А Іосіф працягваў вучыцца цяпер ужо ў рускай школе, яна была такой да лета 1941 года. З верасня 1941 г., у час нямецкай акупацыі, навучанне ў школах раёна вялося на ўкраінскай мове, таму што немцы паўднёвыя раёны Беларусі ўключылі ў склад рэйхкамісарыята “Украіна”. Іосіф Андрэевіч успамінае:
— Вясной 1942 года я закончыў сямігодку ў Маларыце. Нам, выпуск­нікам, аб’явілі, што арга­нізоўваюцца 2-месяч­ныя педагагічныя курсы. У асноўным паступілі многія, каб не забралі ў Германію. У 1942 — 1943 навучальным годзе я настаўнічаў у Мельніцкай школе. Вучыў дзяцей у другім класе. У першым класе працавала Кацярына Гілеўская з Маларыты, у трэцім – Кацярына Іванко, а ў чацвёртым – Лявонцій Іванко, ён жа дырэктар. У 1943 годзе школа згарэла.
З самых першых дзён вайны фашысты моцна зверствавалі. Ужо на чацвёрты дзень у Мельніках яны арыштавалі 40 заложнікаў, з якіх 29 — расстралялі. Гэта яны так вылівалі сваю злосць на мірных жыхароў за паражэнне 25 чэрвеня 1941 года ў баі на вышыні ля вёскі Хаціслаў. Я бачыў, таму што мы жылі побач, як расстралялі сям’ю партызана Андрэя Цімафеевіча Ківачука, у якой было пяцёра дзяцей.
З лета 1943 года я быў сувязным атрада імя Жукава, а з лютага 1944 г. – сувязным брыгады імя Каплуна. У Мельніках з 1943 г. дзейнічала падпольная камсамольская арганізацыя на чале з Сазонтам Васільевічам Ківачуком.
20 ліпеня 1944 г. Чырвоная Армія вызваліла Мельнікі. Літаральна праз тыдзень да мяне прый­шоў былы партызан Яфім Гаўрылавіч Бенясюк і сказаў, што ён — старшыня Хаціслаўскага сельскага Савета, а ты, Іосіф, маўляў, будзеш сакратаром”.
Я вельмі здзівіўся. Адна справа – вучыць дзяцей, а зусім другая – працаваць у органах савецкай улады. І я адмовіўся, на што Яфім Бенясюк адказаў: “Пытанне вырашана без нас, а нам толькі выконваць”. І я працаваў 3 месяцы сакратаром сельскага Савета.
У кастрычніку 1944 года я папрасіў маларыцкага ваеннага камісара капітана Літвіненку прызваць мяне ў рады Чырвонай Арміі. Да гэтага часу помню яго словы: “Памятай, Іосіф, туды, на фронт, вароты шырокія, а адтуль – вузкія”. Але ўсё ж прызваў, і я яму ўдзячны. Я жыву, за спінамі не хаваўся. А Яфіма Бенесюка ў пачатку 1945 года забілі бандыты”.
Службу Іосіф Андрэевіч пачынаў ва Уруччы пад Мінскам, а ў лютым 1945 г. адправіўся на фронт. Быў разведчыкам, таму што добра ведаў нямецкую і польскую мовы, удзельнічаў у баях, вызваляў Чэхаславакію, Германію ў складзе 1-га Украінскага фронта.
Іосіф Андрэевіч паказвае загад камандзіра 78-й Вісленскай стралковай дывізіі аб узнагароджанні яго медалём “За адвагу” наступнага зместу: “У ноч з 29 на 30 сакавіка 1945 г. у раёне вёскі Грос-Розен разведчык 75-й асобнай разведроты пры выкананні баявога задання праявіў адвагу і смеласць. Байцы разведгрупы прабраліся ў размяшчэнне нямецкай абароны, падпаўзлі да нямецкага бліндажа, знялі вартавога, але іх убачылі. Завязаўся бой, у час якога разведчык Іосіф Ківачук асабіста сам знішчыў траіх нямецкіх салдат і дапамог тым самым разведгрупе ўзяць у палон нямецкага афіцэра. Пастаўленая задача была выканана. Чырвонаармеец дастойны ўрадавай ўзнагароды – медаля “За адвагу”.
Юрый Міхай­ла­віч
Лаўроў, камандзір 75-й развед­роты; камандзір 78-й гвардзейскай
стралковай дывізіі генерал-маёр Трафімаў.
16 мая 1945 г.».

У красавіку-маі 1945 г. Іосіф Ківачук удзельнічаў у баях за Дрэздэн і Прагу. Пасля Перамогі яго дывізію перакінулі ў Карлавы Вары, дзе ён служыў да 1949 года. Яшчэ ўзнагароджаны медалямі “За вызваленне Прагі”, “За Перамогу над Германіяй” і ордэнам Айчыннай вайны.
Дамоў вярнуўся ў 1949 годзе. Змяніў некалькі прафесій: работнік ваенна-ўліковага стала ваенкамата, а з 1952 па 1969 год – праваднік цягнікоў далёкага следавання “Масква-Берлін”, “Масква-Дрэздэн”, “Масква-Прага”. Тут, на гэтай рабоце, ён сустрэў сваю другую палавінку Вольгу Мікітаўну. У 1973 годзе ўзнагароджаны знакам “Ганаровы чыгуначнік СССР”.
У апошні час Іосіф Андрэевіч усё радзей бывае ў сваім доме ў Мельніках, а калі і прыязджае, то прыходзіць у школьны музей, каб расказаць аб пражытым. У свае 90 гадоў ён выглядае не па гадах маладым, па-ранейшаму жыццярадасны, вясёлы і вельмі цікавы субяседнік. Шмат чытае мастацкай літаратуры, любіць разгадваць красворды. “Наогул, — гаворыць ветэран, — стараюся быць аптымістам і на лёс не скарджуся”.
Да яго часта прыязджаюць дзеці і ўнукі. Сын Віталь жыве ў Радзежы і працуе настаўнікам фізікі, а дачка Вера жыве ў Ізраілі.
Дарагі Іосіф Андрэевіч! Аднавяскоўцы і вучні Мельніцкай школы він­шуюць вас з 70-годдзем Вялікай Перамогі.
Дзякуй за Перамогу!
Пётр КІВАЧУК, настаўнік Мельніцкай школы.
НА ЗДЫМКУ: ветэран вайны Іосіф КІВАЧУК.

Опубликовано в «ГЧ» 8.05.2015 г. 

Добавить комментарий


https://etalon.com.ua

sribnapidkova.ua

https://www.best-cooler.reviews
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!