50 гадоў са спортам

Мікалай Фёдаравіч ГЕРМАНЮК.

Юбіляр з маладой душой Мікалай Фёдаравіч ГЕРМАНЮК.

Калі Мікалай Германюк, закончыўшы ў 1958 годзе маларыцкую сярэднюю школу, пайшоў працаваць грузчыкам, а затым экспедытарам у Велікарыцкае сельскае спажывецкае таварыства, бацька неяк прызнаўся яму, маўляў, не падабаецца мне, сынок, што ты пайшоў у такую сферу, не тваё гэта. Ён добра ведаў, што ў сына ёсць вялікія спартыўныя задаткі, і лічыў: сваё будучае ён павінен звязаць са спортам. Мікалай не мог не прыслухацца да слоў бацькі, ды і сам ён добра ведаў, што фізкультура і спорт  — гэта тое, да чаго яго душа імкнецца найбольш. Ён паступіў у Львоўскі інстытут фізічнай культуры, а ў 1967 годзе закончыў яго. Закончыў добра, нездарма ж яму прапанавалі работу на кафедры фізвыхавання ў гэтай навучальнай установе. Але перамагла, як цяпер прызнаецца сам Мікалай Фёдаравіч, любоў да родных мясцін, дзе прайшлі твае лепшыя гады – дзіцячыя.

Мікалай Германюк вярнуўся працаваць у Маларыту. Ён памятае, якім быў горад яго дзяцінства ў пасляваенны час, што сабою ўяўляла спартыўная база. Так, самым вялікім будынкам у Маларыце тады быў будынак райкама партыі, дзе цяпер знаходзіцца школа мастацтваў, ну а затым з’явіўся 2-павярховы дом для работнікаў райкама. Крыху пазней побач з райкамам партыі пабудавалі будынак райвыканкама, дзе ён і цяпер знаходзіцца.

— Калі я працаваў у вучылішчы і школе-інтэрнаце, у Замшанскай тады сямігодцы, у раёне не было спартыўных залаў. Адна маленькая была, праўда, у вучылішчы і ў нашай школе – такая ж маленькая з нізкімі столямі. У валейбол, футбол, дзеці ігралі на вуліцы. Гэта цяпер нашы дзеці маюць магчымасць наведваць трэнажорныя залы, займацца ў спартыўных. А мы самі арга­нізоўвалі футбольныя і хакейныя палі, самі выраблялі з дрэва хакейныя клюшкі, канькі. Калі ўдавалася дастаць пакрышку, а камер тады не было, мы самі стараліся зрабіць мячы: напіхвалі іх сенам ці саломай, шнуравалі, зашывалі і бераглі, увесь час гулялі з імі ў футбол. Тады адно радыё у Маларыце было. Яно вісела там, дзе цяпер райбібліятэка. І мы беглі туды, каб паслухаць рэпартажы з гульняў чэмпіянату Савецкага Саюза па футболу. Уладкоўваліся на дрэвах, каб ніхто слухаць не пера­шкаджаў.

Аддаўшы фізкультуры і спорту 50 гадоў свайго жыцця, Мікалай Фёдаравіч Германюк глыбока перакананы: заняткі фізкультурай і спортам, асабліва на вуліцы, на свежым паветры, не заменяць ніякіх лекаў. Нездарма ж моладзь тады была больш здаровай.

— А цяпер, — з занепакоенасцю гаварыў Мікалай Фёдаравіч, — калі юнакі праходзяць камісію перад арміяй, мы бачым, якое ў іх здароўе. Яно асаблівага аптымізму не надае.

Вось чаму і трэба, улічваючы сённяшні маларухомы лад жыцця, усяляк прыцягваць моладзь і дзяцей да ўдзелу ў спартыўных мерапрыемствах.

— Трэба, каб не на словах, а на справе шосты дзень вучнёўскага тыдня быў аздараўленчай накіраванасці. А гэта не абавязкова якія-небудзь спартыўныя мерапрыемствы ці спаборніцтвы, а прагулкі, паходы, што не толькі дадае здароўя, але і згуртоўвае калектыў. Паверце: камп’ютэры, відэатэлефоны – гэта добра. Але яны нам фізічных сіл не дабавяць, а наадварот забяруць іх. Нездарма ж гаворыцца, што рух – гэта жыццё.

…Нядаўна Мікалай Фёдаравіч Германюк адзначыў 70-гадовы юбілей. 50 гадоў, якія прайшлі ў дружбе з фізкультурай і спортам, амаль напалову скарацілі яго пашпартны ўзрост. Выглядае Мікалай Фёдаравіч – цудоўна. Ён усё такі ж падцягнуты і стройны.

Кажуць, тысячы шляхоў адводзяць ад мэты, і толькі адзін-адзіны вядзе да яе. Значыць, тады, калі Мікалай Фёдаравіч Германюк абраў сабе прафесію фізкультурніка, ён зрабіў правільны выбар.

Ірына КАСЦЕВІЧ.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://artma.net.ua

contact us

www.best-cooler.reviews/category/brands/