“Міс Юнацтва”

Конкурс прыгажосці, творчасці і  маладзёжнага пазітыву “Міс Юнацтва – 2015” у чарговы раз стаў для юных маларытчан яркім вясеннім святам. Арганізатары яго – раённы камітэт грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і гарадскі Дом культуры — пастараліся арганізаваць конкурсную праграму так, каб у зале ўсталявалася сонечнае ад шчырых усмешак надвор’е. Справядліва вызначыць самую кемлівую, прывабную, творчую каралеву юнацтва Маларытчыны было запрошана незалежнае журы. У яго ўвайшлі спонсары конкурсу – прадстаўнікі прыватнай турыстычнай кампаніі “АлматэяТур”, школы прыгажосці касметычнай кампаніі “MARY KAY” і лідары раённых камітэтаў ГА “БРСМ” Кобрына і Маларыты. 

За тытул “Міс Юнацтва” сёлета вырашылі пазмагацца восем самых актыўных, таленавітых, харызматычных юных прадстаўніц маладога пакалення раёна. Анастасія Крываблоцкая з СШ № 1, Ганна Крэнь з Ланской СШ, Таццяна Саўчук са Збуража, Анастасія Саўчук з Мельнік, Марыя Добыш з раённай гімназіі, Юлія Краўчук з Хаціслаўскай СШ, Аляксандра Дзямянка з Дарапеевічаў і Юлія Яўтушык з Ляхаўцаў рашуча выйшлі на сцэну і раскрылі сябе настолькі, што заслужылі падтрымку залы і высокую ацэнку кожнага з членаў журы. Нямала пастараліся канкурсанткі ў конкурсе “Давайце пазнаёмімся”. “Па ўбачаным сустракаюць” – гэта добра засвоілі дзяўчаты. А таму кожная прэзентацыя была маленькай біяграфічнай кінастужкай, у якой раскрывалася асоба. Яшчэ больш з дзяўчатамі пазнаёміў другі конкурс – “Вясёлка талентаў”. Удзельніцы конкурснай праграмы спявалі песні, танцавалі, а некаторыя ўвогуле здзіўлялі неардынарным: Анастасія Саўчук – фокусамі, Аляксандра Дзямянка – сваім аўтарскім вершам. Шмат добрых і незабыўных уражанняў выклікала ў гледачоў і балельшчыкаў дэфіле юных прыгажунь у незвычайных уборах – сукенках з мужчынскіх гальштукаў, мяккіх цацак, са спанбонду, сурвэтак, пакетаў для смецця і нават паветраных шароў. Калі сціхлі апладысменты пасля відовішчнага россыпу фантазій, на сцэне пачалося новае дзейства пад назвай “Наш край”. На гэты раз у народных касцюмах дзяўчаты знаёмілі гледачоў з традыцыямі і гісторыяй сваёй мясцовасці. Апошнім акордам конкурсу стаў “Парад кветак”. Дзяўчаты-канкурсанткі здзіўлялі ўсіх не толькі сваімі ўборамі, але і сваёй грацыяй і прыгажосцю.
Між іншым, зрабіць прэтэндэнтак на тытул каралевы юнацтва яшчэ больш прывабнымі дапамаглі прадстаўнікі школы прыгажосці касметычнай кампаніі “MARY KAY”, якія ўмелым макіяжам дапамаглі стварыць кожнай дзяўчыне свой непаўторны вобраз. Парадавалі прадстаўнікі кампаніі і гледачоў, уручыўшы тым, каму пашанцавала, свае падарункі.
Гледачамі конкурснай праграмы былі не толькі маларытчане. На свята прыгажосці прыехалі актывісты БРСМ з горада Кобрына. Госці шчыра падтрымлівалі канкурсантаў, а яшчэ падрыхтавалі музычны падарунак, які ўдала запоўніў адрэзак часу, пакуль журы падводзіла вынікі.
І вось, нарэшце, інтрыга конкурсу развеялася. Віншаванні, стужкі і кветкі атрымлівалі “Міс Артыстызм” – Таццяна Саўчук, “Міс Грацыя” – Анастасія Саўчук, “Міс Зачараванне” – Марыя Добыш, “Міс Арыгінальнасць” – Юлія Яўтушык, “Міс Рамантыка” – Аляксандра Дзямянка. Падарунак ад касметычнай кампаніі “MARY KAY”, як прыз сімпатый гледачоў, быў уручаны Анастасіі Крываблоцкай. Тытул “Віцэ-Міс” і тур па знакамітых мясцінах Беларусі ад турыстычнай кампаніі “АлматэяТур” заваявала Юлія Краўчук. А галоўнай пераможцай конкурсу “Міс Юнацтва – 2015” стала Ганна Крэнь. Дыядэму каралевы юнацтва ёй перадала пераможца мінулагодняга конкурсу Валерыя Цалуйка. А яшчэ новую “Міс Юнацтва” парадаваў прыемны падарунак зноў жа ад турыстычнай кампаніі “АлматэяТур”- падарожжа ў Санкт-Пецярбург.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: удзель­ніцы на сцэне; пераможца конкурсу Ганна Крэнь.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 13.05.2015 г.

Добавить комментарий


http://renault.niko.ua

www.shtory.ua/figurnye-lambrekeny
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!